Моладзь пра форум еўрапейскіх іерархаў: «Гэта сапраўды ўзмацняе»

З 28 па 30 верасня ў Мінску праходзіла Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, прысвечанае праблеме моладзі і будучыні Еўрапейскага кантынента. Шмат пытанняў было абмеркавана, біскупы і кардыналы супольна цэлебравалі св. Імшы ў розных касцёлах Мінска, а напрыканцы пасяджэння выдалі выніковы дакумент. Што значыць такая падзея непасрэдна для моладзі Беларусі, якія праблемы маладога пакалення патрэбна вырашаць — на пытанні часопіса «Ave Maria» адказалі маладыя католікі.


«Касцёл моцна верыць у моладзь, мае да яе павагу і давер, як маці да сваіх дзяцей», — было адзначана ў заключным пасланні Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Перад і пасля святой Імшы ў мінскім касцёле св. Роха на Залатой Горцы 30 верасня моладзь падзялілася сваімі ўражаннямі ад гэтай падзеі, думкамі і меркаваннямі, а таксама паразважала, якія пытанні і праблемы маладога пакалення трэба ўзнімаць на Сінодзе біскупаў у наступным годзе.

Мірон Вітушка, гімназіст

«На мой погляд, — гэта прызнанне нашага Касцёла, прызнанне, што Беларусь можа быць месцам вырашэння агульнаеўрапейскіх пытанняў. Я бачу, што біскупам і Касцёлу не ўсё роўна тое, што адбываецца вакол, і яны дагэтуль удзельнічаюць у жыцці Еўропы, — сказаў нам гімназіст Мірон Вітушка.

На думку хлопца, трэба, каб погляды моладзі фарміраваліся на аснове гуманістычных хрысціянскіх каштоўнасцяў, «тады і культура ўсяго грамадства палепшыцца».

«Калі прадстаўнікі хрысціянскай моладзі будуць лідарамі, калі яны будуць весці за сабой астатніх, гэта, безумоўна, будзе спрыяць развіццю грамадства», — лічыць Мірон.

Ганна Максіменка

«Не кожны дзень бачыш столькі біскупаў і кардыналаў… Гэта сапраўды неяк узмацняе, узмацняе веру ў тое, што ўсё можа быць яшчэ лепей. І, хто ведае, можа даб’юцца таго, што прыедзе папа Францішак. Я вельмі хачу гэтага. Мне здаецца, што гэта падтрымае дух моладзі», — заўважае Ганна Максіменка.

 

Вікторыя Багдановіч, старшакласніца

«Бачыць столькі біскупаў!..  Тут ужо нават паветра адпаведнае, яно быццам пранізанае верай! Адчувалася прысутнасць Святога Духа. Я шмат разоў нават плакала. Вялікая моц усяго гэтага», — сказала старшакласніца Вікторыя Багдановіч.

Разважаючы над праблемамі школьнай моладзі, Вікторыя ўзгадала пра страх паказваць сваю веру: «На маю думку, часта існуе такая праблема, што дзеці саромеюцца сваёй прыналежнасці да Касцёла, і шмат дзяцей адракаюцца ад Касцёла толькі з-за нейкай сарамлівасці, з-за таго, што іх не разумеюць у грамадстве».

 

Сафія Віторская, настаўніца

Маладая настаўніца Сафія Віторская адной з актуальных праблемаў школьнай моладзі называе недахоп увагі і маральных арыенціраў: «Ім проста патрэбнае чалавечае сэрца, рукі і прысутнасць. Бо дарослыя часта ў сваім жыцці заўважаюць што заўгодна, акрамя дзяцей, якія ёсць побач. А ім патрэбна нашая любоў, увага і давер. Яны проста знаходзяцца ў вялікай спакусе д’ябла, бо лічаць, што гэты свет перапоўнены злом і хлуснёй».

Спадарыня Сафія заўважае, што гэтыя праблемы найчасцей вынікаюць з выхавання ў сям’і, калі «жывы кантакт паміж бацькамі і дзецьмі» замяняецца тэхнічнымі сродкамі — камп’ютарам і рознымі гаджатамі. Сафія дадае, што менавіта на каталіцкую моладзь ускладзены абавязак «падаваць прыклад і несці ў свет Хрыста, Хрыста любячага, поўнага даверу і праўды».

Таццяна Кяўра

«Добра, што гэтая сустрэча біскупаў адбылася, што яны закранулі гэтае пытанне. Як прадстаўніца працуючай моладзі, скажу, што ёсць такая праблема, калі думаеш: хадзіць да касцёла ці не хадзіць, але гэта, можа, залежыць ад выхавання ў сям’і… Калі мы пераязджаем у іншы горад на вучобу, то часта сустракаемся з людзьмі, якія могуць негатыўна паўплываць на нашыя духоўныя каштоўнасці.  Таксама можа ўзнікнуць унутраны канфлікт, калі бачыш, што хтосьці жыве не па-Божаму, але яму добра… Чаму моладзь памыляецца, чаму адыходзіць? Бо ёй не стае мудрасці, каб адрозніць дабро ад зла, адрозніць, якім людзям у сваім жыцці можна давяраць, а якім — не. Таму трэба прасіць аб дарах Духа Святога. Мабыць, для гэтага і існуюць Дні моладзі і іншыя сустрэчы», — разважае Таццяна Кяўра.

На думку дзяўчыны, трэба змяняць грамадскае меркаванне пра тое, што вера — гэта справа старэйшага пакалення, а маладому пакаленню трэба дапамагаць убачыць, «што Касцёл малады і дзейсны, што ён змагаецца за кожнага чалавека».

«Праблемы больш сталай моладзі — гэта іх жыццёвы выбар. Стварэнне добрай каталіцкай сям’і, што таксама патрабуе шмат сілаў або смеласці, каб адказаць на пакліканне да служэння Богу. Як вырашаць гэтыя праблемы? Пэўна, трэба больш маліцца, магчыма, праводзіць больш каталіцкіх акцый, паказваць, адкрываць свету, што Касцёл — вечна малады, што ён ахоплівае ўсе ўзросты, бо моладзь — гэта тыя людзі, якія потым будуць вучыць наступную моладзь», — заключае Таццяна.

У наступным годзе адбудзецца Сінод біскупаў, прысвечаны праблемам моладзі. Калі вы жадаеце, каб на Сінодзе былі разгледжаныя важныя праблемы жыцця і фармацыі маладога пакалення, вы можаце дасылаць свае прапановы на нашую рэдакцыйную пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.


Падрыхтавала Марына Валасар
Фота Аляксандры Шчыглінскай і Марыны Валасар

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла