Вінаграднік Пана

Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, год А (08.10.2017)

Заспяваю прыяцелю майму песню сябра майго пра вінаграднік ягоны: Мой сябра меў вінаграднік на ўрадлівай гары. Ён ускапаў яго і ачысціў яго ад камення, і пасадзіў у ім адборную вінаградную лазу, і пабудаваў вежу пасярод яго, і давіла вычасаў у ім. Чакаў, што дасць ён гронкі вінаграду, але ён прынёс дзікія ягады. Дык цяпер, жыхары Ерузалема і мужы юдэйскія, рассудзіце мяне і вінаграднік мой.

Што яшчэ я павінен быў зрабіць для вінаградніку майго

і не зрабіў для яго?

Чаму я чакаў гронак вінаграду,

а ён прынёс дзікія ягады?

Цяпер я пакажу вам,

што я зраблю з вінаграднікам маім:

я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён,

знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны.

І прывяду яго ў запусценне:

не будуць падразаць і ўскопваць яго,

і зарасце ён цернем і пустазеллем,

і забараню хмарам ліць на яго дождж.

Вінаграднік Пана Магуццяў — гэта дом Ізраэля,

а мужы юдэйскія — Яго ўмілаваныя саджанцы;

Ён чакаў правасуддзя — і вось беззаконне;

чакаў справядлівасці — і вось крык.

(Іс 5, 1–7)

 

Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць ураджай свой. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”. Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?» Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час». Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях:

“Камень, адкінуты будаўнікамі,

стаў галавою вугла.

Пан учыніў гэта,

і дзіўнае яно ў вачах нашых”?

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

(Мц 21, 33–43)

 

Вінаграднік Пана

Сёння Пан Езус распавядае старэйшынам народа Ізраэля прыпавесць пра вінаградараў. Вінаграднік — гэта заўжды вобраз выбранага народа, ён закладзены Панам Богам гэтак жа, як быў створаны выбраны народ. Не прымаючы Езуса, першасвятары і старэйшыны адмаўляюцца аддаць Богу плён Яго ласкі. 

Але сённяшні евангельскі ўрывак можна зразумець і вельмі асабістым чынам. Мне таксама быў давераны Божы вінаграднік, якім трэба апекавацца. Гэта маё жыццё, мая асабовасць, мае здольнасці. Усё, што я маю і кім я ёсць, з’яўляецца Божым дарам. Я пакліканы працаваць і прыкладаць высілкі, але толькі дзякуючы Божай ласцы магу ажыццявіць сваё пакліканне. 

Нялёгка ўсвядоміць, што ў нас няма нічога, што мы не атрымалі б ад Бога. Узнікае спакуса адкінуць гэтую праўду і паверыць, што мы самі ўсяго дасягнулі, нічога не атрымаўшы ў дар. З такой пазіцыі вынікае або поўнае адмаўленне ад Бога, або адносіны з Ім, як з падатковым інспектарам. Трэба схавацца ад Яго, каб не страціць плён уласнай працы, каб не страціць радасці, якую мы заслужылі сваёю працаю. 

Але калі мы імкнемся схаваць сваё жыццё ад Бога, мы губляем найважнейшае. Прарок Ісая пачынае песню пра вінаграднік словамі: «Заспяваю прыяцелю майму песню сябра майго пра вінаграднік ягоны». Бог дарыць нам вінаграднік не таму, што жадае зарабіць на нашай працы, а таму, што любіць нас. Ён не хоча забраць у нас плён нашай працы, а жадае даць нам спадчыну. Ён хоча разам з намі спажываць плён нашай працы не для таго, каб аб’есці нас, а каб адарыць нас сабою. Ён не жадае перашкаджаць нашаму шчасцю, Ён сам — шлях да шчасця. 

   


   Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла