«Ці належыць плаціць падатак цэзару?»

Дваццаць дзявятая звычайная нядзеля, Год А (22.10.2017) 

Тады фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. I паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?» 

Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае Богу».

(Мц 22, 15–21)

«Ці належыць плаціць падатак цэзару?»

«Ці належыць плаціць падатак цэзару?» Адказ Пана Езуса на гэтае пытанне дае падставы сцвярджаць, што Ён не абмяжоўваецца канкрэтным гістарычным кантэкстам або перанясеннем сітуацыі на больш абагульненыя сацыяльныя ўмовы, але бачыць у ім глыбейшы сэнс.

Незалежна ад эпохі чалавек застаецца псіхафізічнай істотай. У ім спалучаюцца бачнае цела з вельмі адчувальнымі (рэальнымі або прыдуманымі) патрэбамі і нябачная душа, патрэбы якой для многіх не настолькі відавочныя і зразумелыя. Таму людзі ў першую чаргу кіруюцца патрэбамі менавіта цела, і ў гэтым сэнсе яно — «цэзар», валадар чалавечай натуры. Аднак ні для кога не сакрэт, што ўлада не толькі самага магутнага валадара, але нават цэлай палітычнай сістэмы не вечная. Колькі іх змянілася за два тысячагоддзі, а Касцёл, заснаваны ўцелаўлёным Богам з мэтаю збаўлення несмяротнай чалавечай душы і яе гарманічнага з’яднання з уваскрошаным праслаўленым целам, існуе, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні. Так і цела само па сабе не забяспечыць нам вечнага шчасця, не будзе вечна панаваць над сваім уладальнікам. І раней, калі людзі лепш гэта ўсведамлялі, калі рэлігійны светапогляд быў распаўсюджаны шырэй, пытанне накшталт: «Ці належыць клапаціцца пра цела?» было больш надзённым, бо многія лічылі ўсё цялеснае грахоўным. Адказ «аддавайце цэзарава цэзару» сведчыць пра неабходнасць памяркоўнага клопату пра цела, у чым сучаснага чалавека, прасякнутага практычным матэрыялізмам, асабліва пераконваць не трэба. Цяпер, калі гэты клопат становіцца для многіх празмерным і нават адзіным, больш актуальны працяг Хрыстовага адказу: «аддавайце <…> Божае Богу». Богу належыць нашая душа — Ягоны вобраз і падабенства, Яго несмяротная частка ў нас, што злучае нас з Ім. Менавіта праз душу цела набывае здольнасць пераадольваць абмежаванасць сваёй натуры і можа ўвайсці ў вечнае жыццё, поўнае Боскага шчасця, не параўнальнага ні з якім зямным шчасцем. 

Але для гэтага неабходна не забываць клапаціцца пра душу, перш за ўсё з дапамогаю сакрамэнтаў, якія ачышчаюць яе ад грахоў і з’яўляюцца практычным ахвяраваннем усяго чалавека Богу, які ўзамен надзяляе нас вечным жыццём. 


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць дзявятую звычайную нядзелю, Год А:

айцец Тамаш Міка ОР «Свабода жыве ў нас»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла