«Кішэня без ружанца, як кашалёк без грошай». Пасля І беларускага Ружанцовага кангрэса

У мінулую суботу, 21 кастрычніка, у Магілёве адбыўся Ружанцовы кангрэс, які на цэлы дзень сабраў у катэдральным касцёле больш за 200 чалавек з розных дыяцэзій Беларусі. Айцец Раман Шульц ОР, пробашч магілёўскай парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі задумаў кангрэс каля двух месяцаў таму і, быццам у нітку ружанца, так сабраў усе пацеркі падзеяў, каб гэты незвычайны дзень запомніўся ўсім удзельнікам.


 

Кастрычнік — ружанцовы месяц, і стагоддзе Фацімскіх аб’яўленняў навялі айца Рамана на думку, што кангрэс можа быць цудоўным спосабам глыбей перажыць гэты час, звярнуць большую ўвагу на старажытную ружанцовую малітву, узгадаўшы яе цудоўную гісторыю і ўсвядоміўшы яе актуальнасць у сучасным свеце. Ідэю правядзення кангрэса ахвотна падтрымаў Яго Эксцэленцыя Аляксандр Яшэўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які сам прыняў актыўны ўдзел у яго правядзенні, адкрыўшы кангрэс натхнёнаю прамоваю, прадстаўляючы дакладчыкаў і рэзюміруючы іх выступленні.

Жартаўлівым дэвізам кангрэса стала цікавае выслоўе: «Кішэня без ружанца, як кашалёк без грошай», але, нягледзячы на жартаўлівасць параўнання, сутнасць яго ў неабходнасці і нават незаменнасці Ружанцовай малітвы ў хрысціянскім жыцці.

Запрошаны тэолаг айцец Анджэй Белят ОР падрыхтаваў для слухачоў цудоўны рэферат, уводзіны ў гісторыю Ружанца, які за стагоддзі існавання быў малітваю толькі для святароў або толькі для арыстакратаў, быў папулярны то сярод адукаванага насельніцтва, то сярод беднага і непісьменнага люду, стаўшы ў рэшце рэшт універсальнаю малітваю, даступнаю для кожнага. Вельмі паспрыяў гэтаму папа Леў ХІІІ (яго Пантыфікат доўжыўся з 1878 г. да 1903 г.), пра асобу і дзейнасць якога таксама распавёў а. Анджэй. Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму Папу кастрычнік ў Каталіцкім Касцёле стаў месяцам, прысвечаным Багародзіцы і Ружанцовай малітве; ён сцвярджаў, што той, хто трымае ружанец у руцэ, трымае за руку Марыю, а 12 з 60-ці яго энцыклікаў былі прысвечаныя Ружанцу.

Айцец Анджэй асаблівую ўвагу звярнуў на важнасць Ружанца як супольнай публічнай малітвы, узгадаўшы пра слынную перамогу іспанска-венецыянскага флоту над турэцкім у 1571 г., што паўплывала на ход гісторыі, стала пачаткам аслаблення імперыі асманаў. Тады, усведамляючы малыя шанцы на перамогу хрысціянскага войска, папа Пій V настойліва раіў усім хрысціянам (у тым ліку і тым, хто прымаў удзел у бітве) трымаць у руках ружанец і маліцца. У выніку нашмат мацнейшы вораг быў пераможаны, а Ружанцовая малітва пачала называцца бранёю хрысціяніна. Найперш жа значнасць Ружанца ў тым, што гэта — літанія веры, медытацыя над Евангеллем, якая змяняе сэрца і жыццё чалавека, і малітва падзякі са 150-ці ружаў, пакладзеных да ног Божай Маці. Ружанец дапамагае нам глыбей спазнаваць Евангелле, яго змест і сутнасць.

У гэтым прамоўцу падтрымаў айцец Раман Шульц ОР, працягнуўшы ход кангрэса сваім дакладам, прысвечаным апостальскаму лісту Яна Паўла ІІ «Rosarium Virginis Mariae», які заклікаў нанова вучыцца Ружанцу і пяці ўмовам гэтай малітвы. Падрабязна пра гэта можна прачытаць у №10 часопіса «Ave Maria», падрыхтаваным да кангрэса.

Айцей Раман падкрэсліў, што душою гэтай малітвы з’яўляецца Біблія і звяртаў увагу на хрыстацэнтрычнасць Ружанца ў яго таямніцах, заснаваных на Божым слове. Для таго, каб Ружанец сапраўды быў яшчэ больш глыбокім разважаннем над Божым словам, айцец Раман пазнаёміў слухачоў з традыцыяй «дадаткаў» у Ружанцовай малітве — кароткімі, літаральна з аднаго словазлучэння  фразамі, якія дадаюцца пасля першай часткі «Вітай, Марыя…». Гэта дапамагае засяродзіцца на малітве, паставіць у яе цэнтр Хрыста і самыя значныя падзеі Яго жыцця і гісторыі нашага збаўлення.

Спецыяльна да кангрэса выдавецтвам «Про Хрысто» быў выдадзены пераклад кнігі кс. Марка Дзявецкага «Ружанцовая малітва для сем’яў» з разважаннямі і кароткімі дадаткамі да кожнай ружанцовай таямніцы, і мр3 дыск з запісамі ўсіх частак Ружанца з дадаткамі, падрыхтаваны магілёўскімі католікамі.

Юлія Шэдзько распавяла прысутным пра асобу благаслаўлёнага Барталамея Лонга, які аддана распаўсюджваў Ружанцовую малітву, стаўшы аўтарам слыннай Пампейскай навэнны просьбаў і падзякі, і быў яскравым прыкладам практычнасці гэтай малітвы. Адышоўшы на нейкі час ад веры і выступаўшы супраць Касцёла, пасля навяртання Барталамей Лонга літаральна не выпускаў ружанца з рук і пад апекаю Божай Маці аднавіў рэлігійнае жыццё даліны Пампеяў, пабудаваў сусветна вядомую базыліку і ажыццявіў столькі дабрачынных праектаў, што цяжка ўсвядоміць, як усё гэта здолеў зрабіць адзін чалавек. Больш падрабязна пра гісторыю жыцця благаслаўлёнага Барталамея Лонга можна прачытаць у 10 № часопіса «Ave Maria».

Тэарэтычную частку кангрэса завяршыў даклад с. Марыі Емяльянчык ОР, прысвечаны неабходнасці Ружанцовай малітвы, засведчанай у Фацімскіх аб’яўленнях. Сястра Марыя, нагадаўшы слухачам пра падзеі, якія адбываліся ў Фаціме 100 гадоў таму, спалучыла свой аповед з практычнымі рэкамендацыямі, параўнаўшы Ружанцовую малітву з працаю: фізічнаю, разумоваю і духоўнаю. Яна настойліва раіла пастаянства ў Ружанцы, падкрэсліўшы важнасць выбраць для малітвы акрэслены час, натхнёна гаварыла пра неабходнасць дбайнасці, вернасці малітве і пунктуальнасці ў ёй, бо, молячыся на ружанцы, мы супрацоўнічаем з самім Богам, а «працуем» не толькі за сябе, але і за тых, за каго молімся. Бог жа праз малітву ўваходзіць ва ўсю рэчаіснасць нашага жыцця, змяняючы наш погляд на падзеі, якія адбываюцца ў ім.

Прыгожым дапаўненнем да праграмы кангрэса сталі вершы і песні на ружанцовую тэматыку, прэзентаваныя аўтарамі, а завяршыўся дзень урачыстай літургіяй, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Такія падзеі, як Ружанцовы кангрэс у Магілёве, маглі б сапраўды стаць добрай традыцыяй, сапраўднымі рэкалекцыямі для вернікаў, сканцэнтраванымі ў адным дні, напоўненым новымі ведамі, малітваю і разважаннямі.


Сабіна Руткоўская
Фота Валянціны Аўсянікавай

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла