Тры крокі да шчасця

Трыццатая звычайная нядзеля, Год А (29.10.2017)

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?» Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

(Мц 22, 34–40)

Тры крокі да шчасця

Прыпавесць любові да Бога і бліжняга — гэта ключ да поўнага шчаслівага жыцця. Але каб гэты ключ быў дзейсны, трэба ўважліва і правільна ім карыстацца.

Бог найпершы і цалкам адданы, заўжды і ва ўсім, таксама і ў любові. Ён з’яўляецца ўзорам таго, што значыць любіць усім сабою, без аніякіях «але». Адносіны з Богам вяртаюць нам еднасць, закранаючы сферу духоўнага жыцця, думкі, пачуцці, уяўленне, усю нашую асабовасць і ўсё жыццё. Сапраўдная любоў аддае ўсё. «Напалову» — неевангельскае азначэнне. Усё павінна быць напоўніцу: цэлае сэрца, цэлая душа, цэлыя думкі. Гэта першы і асноўны крок да шчасця.

Часам прапаведнікі любяць паўтараць, што чалавек павінен быць як свечка, згараць цалкам, наогул не думаючы пра сябе і не клапоцячыся пра свае асноўныя патрэбы. Аднак такая «любоў» вядзе да ўнутранага духоўнага выгарання і вынікае з няправільна зразуметай велікадушнасці. Насамрэч мы найбольш даем іншым людзям, калі прымаем уласнае жыццё, любім сябе. Калі мы няздольныя да саміх сабе праявіць звычайную чалавечую міласэрнасць і спачуванне, мы няздольныя праявіць іх і да іншых людзей, калі мы не будзем шчодрымі і бескарыслівымі да сябе, мы не будзем гэткімі для іншых. Тое, што мы адчуваем, гледзячы ў люстэрка, тое адчуем і зазіраючы ў твар бліжняга.

Са сталай любові да Бога і самога сябе нараджаецца любоў да бліжняга. Калі мы не любім Бога — крыніцу любові, тады любоў да бліжняга — толькі ілюзія. І наадварот, калі мы не любім бліжніх, то не варта сябе падманваць, што мы любім Бога. У нас няма двух сэрцаў: аднаго чыстага і велікадушнага, якім мы любім Бога, і другога, якое жыццёвы досвед зрабіў падазроным, эгаістычным і нячыстым. Сэрца ў нас адно і ім мы любім Бога і людзей. Таму нашыя адносіны з людзьмі — гэта барометр нашай сувязі з Богам.

Калі пажадаеце, Евангелле можа навучыць вас мастацтву жыць. А ў гэтых трох кроках першай і другой запаведзяў заключаецца ўся яго мудрасць. 


Айцец Яцак Шымчак OP
Паводле матэрыялаў партала W drodze

Глядзіце яшчэ разважанні на Трыццатую звычайную нядзелю, Год А:

айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Найбольшая і першая»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла