Месца, прысвечанае Богу

19 кастрычніка ў дзяржаўнай установе «Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» пад кіраўніцтвам біскупа Алега Буткевіча адбылася Імша з нагоды асвячэння рыма-каталіцкай капліцы святога Яна Божага.


У ёй узялі ўдзел канцлер дыяцэзіяльнай курыі ксёндз Віктар Місевіч, пробашч парафіі святога Антонія ксёндз Вячаслаў Барок, вікарый гэтай парафіі ксёндз Аляксей Ляшко, законныя сёстры, католікі, што пастаянна жывуць у доме-інтэрнаце. Прыехалі падтрымаць і павіншаваць адзінаверцаў са знамянальнай падзеяй парафіяне з лёзненскай парафіі святога айца Піо, а таксама прыйшлі вернікі з усіх парафій Віцебска. У выніку свята атрымалася і шматлюдным, і кранальным, і запамінальным.

Наогул, капліца існуе пры доме-інтэрнаце, які тэрытарыяльна належыць да віцебскай парафіі святога Антонія ўжо каля 15 гадоў. Першым яе душпастырам быў ксёндз Аляксандр Амяльчэня, а з сёстраў ад самага пачатку займаліся наладжваннем каталіцкага жыцця сёстры служабнічкі. Нямала гадоў удзяляў інвалідам і састарэлым патрэбныя сакрамэнты цяперашні ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Сёння справа душпастырскай апекі над імі знаходзіцца ў руках пробашча парафіі святога Антонія ксяндза Вячаслава Барка і вікарыя ксяндза Аляксея Ляшко.

 

Асобных словаў падзякі заслугоўвае праца ва ўстанове сёстраў-служабнічак Антоніі і Мажэны. Напрыклад, сястра Антонія апякуецца жыхарамі інтэрната з 2006 года. Прынесці нямогламу чалавеку штосьці патрэбнае, паразмаўляць з ім, нешта параіць – на ўсё гэта, як сведчыць вось ужо два гады прыкаваная да ложка Валянціна Каросцік, у сястры хапае і часу, і цярплівасці, і ахвоты. То і не дзіўна, што і людзей яна тут ведае як ніхто, і аўтарытэтам сярод іх карыстаецца немалым. Добразычлівасць, спагадлівасць, уменне своечасова прыйсці чалавеку на дапамогу — усё гэта тыя чалавечыя якасці сястры Антоніі, за якія яе любяць і паважаюць людзі...

Сярод насельнікаў сацыяльнага дома нямала людзей са складанымі лёсамі. Часам што ні мінулае чалавека — то цэлая гісторыя, вартая рамана. Як, напрыклад, гісторыя колішняй даяркі з Пастаўшчыны, сведкі жахлівых падзеяў ваеннага ліхалецця, малалетняга вязня Гелены Букевіч. Ці перыпетыі лёсу нараджэнца вёскі Хайстова таго ж Пастаўскага раёна, носьбіта незвычайна прыгожай беларускай мовы Леаніда Татарчука, або гісторыя далучэння да каталіцкае веры жыццярадаснай 89-гадовай лепяльчанкі Марыі Дзівінай...

 

Не застаюцца ў баку ад справы наладжвання ў доме-інтэрнаце паўнавартаснага каталіцкага жыцця і вернікі парафій Віцебска: каля дзясятка валанцёраў, ахвяруючы часам і ўласнымі справамі, рэгулярна наведваюцца сюды, каб дапамагчы людзям развеяць самоту, пагаварыць, прынесці цікавую кніжку або штосьці са свецкай ці рэлігійнай перыёдыкі. Некаторыя, як, напрыклад, Рэгіна Сідарэнка з парафіі Святога Духа, якая рэгулярна прыходзіць у інтэрнат з унучкаю Дашаю, далучаюць да справы дапамогі нямоглым людзям маладзейшых сваякоў.

Прыемнаю неспадзянкаю сталася для ўдзельнікаў свята выступленне пасля Імшы брата Эмануэля са шпітальнага ордэну святога Яна Божага, які прыехаў на асвячэнне капліцы з Польшчы і распавёў пра кірункі дзейнасці ордэну ў справе дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Імпэт да працы, жаданне дапамагаць бліжняму ў складанай жыццёвай сітуацыі малітваю і канкрэтным учынкам — усё гэта прагучала з вуснаў брата Эмануэля, лекара паводле адукацыі, і пераканаўча, і павучальна, і аптымістычна.

«Вось і яшчэ адно месца нашага прабывання на зямлі прысвечана Богу, — сказаў падчас святой Імшы біскуп Алег Буткевіч. — І гэта сведчанне не толькі таго, што сэнс любому цярпенню надае вера, але і таго, што моцы пякельныя ніколі не перамогуць Хрыстовага Касцёла».

 


Францішак Дубраўскі
Фота Зміцера Лупача

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла