Тры вымярэнні навяртання

Дваццаць другая звычайная нядзеля, Год А (03.09.2017)

З таго часу пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца». Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»

Тады Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

(Мц 16, 21–27)

Тры вымярэнні навяртання

Сёння мы чытаем у Евангеллі, што ісці за Езусам — гэта навяртанне, якое адбываецца ў трох вымярэннях. Па-першае, неабходна адрачыся ад сябе, гэта значыць — змагацца з эгаізмам, які «памрэ праз тры хвіліны пасля нашай смерці». Ісці за Езусам — значычыць узяць свой крыж, то бок, вучыцца любіць бліжніх, асабліва тых, хто побач з намі. Наследаваць Езуса — значыць чыніць усё ў Ягонае імя, чыніць у пакоры, так, як чыніў Езус, і не для людзей, а гэтак, каб падабацца Нябеснаму Айцу, які бачыць укрытае. Святы Пётр з Алькантары, францішканскі рэфарматар XVI стагоддзя, сябра святой Тэрэзы ад Езуса, цудоўна пераказаў гэтыя словы Хрыста, сцвярджаючы, што сэрца кожнага чалавека мае тры якасці, і неабходна няспынна развіваць у сабе гэтыя якасці. У адносінах да Бога нашае сэрца павінна быць як сэрца дзіцяці, у адносінах да бліжніх — як сэрца маці, якая служыць, прабачае, плача над грахамі сваіх дзяцей і цешыцца кожным іх поспехам. У адносінах да сябе мы павінны быць суддзямі, гэта значыць — не апраўдваць сваіх дрэнных учынкаў, а фармаваць сваё сумленне паводле Божага закону і з дапамогаю Божай ласкі дастасоўваць сваё жыццё да мудрасці Дэкалогу і васьмі благаслаўленняў.

Апостал Ян прыгожа гаварыў пра гэтыя тры вымярэнні ў сваім першым лісце (гл. 1 Ян 2, 12–16). Я паспрабую перафразіраваць яго думку. Я звяртаюся да вас, бацькі, бо вы пазналі Бога, які ёсць любоў, і таму можаце па-сапраўднаму любіць бліжніх. Я звяртаюся да вас, моладзь, бо вы моцныя, каб змагацца са злом, якое ёсць у вас. Я звяртаюся да вас, дзеці, што вам адпушчаныя грахі, бо вы паверылі ў дабрыню і міласэрнасць Айца, які ёсць у небе. Апостал Ян дадае, што «ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Айца, але ад гэтага свету» (1 Ян 2, 16). Менавіта гэтыя тры віды пажадлівасці, вынік першароднага граху, — тыя дрэнныя схільнасці, якія жывуць у кожным чалавеку. Аднак Бог дае нам тры цноты, каб змагацца з гэтымі слабасцямі: веру, надзею і любоў. Чым больш веры (яе сімвал — крыж), надзеі (яе сімвал — якар) і любові (яе сімвал — сэрца), тым з большаю мужнасцю і больш паспяхова мы перамагаем свае слабасці і тым лягчэй нам ісці за Езусам, што ў сваю чаргу азначае, што калі нам не стае веры, надзеі і любові, у нас фармуецца несправядлівасць і нам цяжэй выракацца сябе, браць свой крыж і наследаваць свайго Пана і Пастыра.


Айцец Раман Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней