«Пайдзі і дакары яго сам-насам»

Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля, год А (10.09.2017)

«Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік.

Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».

(Мц 18, 15–20)

«Пайдзі і дакары яго сам-насам»

Сёння Пан Езус дае нам заданне дакараць братоў, якія зграшылі супраць нас. Дакаранне — учынак міласэрнасці. Тут найбольшае значэнне маюць не «я» і не мае парушаныя правы, а дабро майго брата, які праз грэх крыўдзіць сябе самога. Часта мы не ўсведамляем, што грэх найбольш шкодзіць таму, хто грашыць, а не таму, супраць каго зграшылі. Дакараючы брата, мы не столькі абараняемся ад яго, колькі жадаем абараніць яго ад сябе самога. Таму гэта ўчынак любові.

Любоў — неабходны элемент у майстэрстве дакарання, але нам патрэбныя яшчэ мудрасць і мужнасць. Мудрасць, каб ведаць, як дастукацца да брата. Важна не тое, каб мы маглі выгаварыцца, накрычаць на яго, каб нам палягчэла, а каб ён мог прыняць наша дакаранне. Можна прымусіць чалавека паводзіць сябе так ці інакш, але нельга прымусіць яго прыняць нейкую пазіцыю. Навяртанне — гэта прастора асабістай свабоды, і адзінае, што можна зрабіць для яго — гэта заахвоціць чалавека, папрасіць. Неабходна пагадзіцца з тым фактам, што мы бяссільныя перад свабодаю іншага чалавека. Можна дакараць брата, але ён можа прымаць або не прымаць гэтае дакаранне.

Таму неабходная яшчэ і мужнасць, каб мы маглі пераадолець свой страх і неахвоту, каб, згаджаючыся з тым, што ад нас не залежыць, мы ўсё ж спрабавалі дапамагчы свайму брату.

Калі ён не слухае, трэба ўзяць з сабою сведкаў і звярнуцца да Касцёла, як бы ні здавалася гэта няпроста. Часта просьба аб дапамозе ўспрымаецца як прызнанне ва ўласнай паразе: сам я з гэтым не магу справіцца, я павінен быў быць братам, а стаў ахвяраю. На жаль, ад сораму мы часта імкнемся «пафарбаваць» зло ў прыгожы колер, каб ніхто не заўважыў, што нешта не ў парадку. Мы адцягваем размову да таго моманту, пакуль сітуацыя не становіцца амаль забойчаю не толькі для брата, які грашыць, але і для нас саміх. «А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік мытнік», — напісана ў Евангеллі. Што азначаюць гэтыя словы Пана Езуса? Парушэнне еднасці. Мы парываем еднасць з братам, каб яго зло не стала нашым удзелам. Мы не мусім тапіцца разам з ім. Трэба прызнаць яго волю, няхай ён ідзе шляхам, які сам выбраў. Але прызнанне яго волі не азначае, што яго можна не любіць. Неабходна прыслухацца да Езуса і вучыцца ў Яго стаўленню да мытнікаў і грэшнікаў. Так, мы бяссільныя супраць выбару брата, але ў той жа час вольныя, і гэтая воля — прастора для нашай любові. А вера дапамагае нам не страчваць надзеі, бо ўсемагутны Бог, сябра мытнікаў і грэшнікаў, магчыма, зможа прамовіць да сэрца брата і ўратуе яго, калі мы не ў стане яму дапамагчы.


 Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць трэцюю звычайную нядзелю, Год А:
айцец Тамаш Міка ОР «Выпрастай мяне»
айцец Раман Шульц OP «Таямніца сапраўднага дабра»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла