Не толькі пагасціць...

З 21 па 25 жніўня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе гасціла моладзь з Польшчы разам з ксяндзом Лукашам Скоўдам з Ордэну Місіянераў Святой Сям'і.


Кс. Лукаш ужо неаднойчы прыязджаў у наш край, каб наведаць сваіх сабратоў з манаскага ордэну. Ён палюбіў Беларусь і нават хацеў бы тут працаваць. Сёлета святар прыехаў з моладдзю не проста пагасціць, але і папрацаваць на карысць нашых парафій. За кароткі час побыту, дзякуючы старанням гасцей і мясцовых вернікаў, удалося заліць фундамент пад агароджу ў парафіі Перамянення Пана ў пасёлку Негарэлае Дзяржынскага раёна.

Шмат працы зроблена па добраўпарадкаванні прыкасцёльнай тэрыторыі ва Уздзе. Госці таксама наведалі могілкі польскіх воінаў у Новым Свержані, пазнаёміліся з мясцовай моладзю, а потым разам гулялі ў футбол, вучыліся беларускай мове і спявалі свае песні.

Дамоў госці вярталіся перапоўненыя добрымі ўражаннямі ад прыгажосці нашага краю, ад дабрыні і гасціннасці беларускіх людзей, выказвалі жаданне зноў прыехаць, на Беларусь.

Ордэн Місіянераў Святой Сям'і арганізоўвае шмат мерапрыемстваў для моладзі, якая шукае свайго жыццёвага шляху. Калі хто зацікавіўся гэтай манаскай супольнасцю, нагадваем, што місіянеры працуюць у Дзяржынску, у Лагойску, у Фаніпалі, у Плешчаніцах, ва Уздзе, у Стоўбцах, у Клецку.


 Г. Г.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла