Біблія прасякнута супярэчнасцямі — і гэта добра!

«Езус, ведаючы ўсё, ведаючы, чаму Ён ідзе на крыж, і што Ён потым уваскрэсне, раптам крычыць, выяўляючы слабасць. Можа, Ён зусім не Бог, а звычайны чалавек, як я? Раптам я зразумеў, што Я НІЧОГА НЕ РАЗУМЕЮ Ў ГЭТАЙ Бібліі...»


Я лічыў сябе дастаткова адукаваным маладым чалавекам. Любіў рускую класіку, асабліва Дастаеўскага, раманы якога мы сур’ёзна абмяркоўвалі са школьным суседам па парце Сяргеем. Ён быў мастаком з выдатным дарам акварэліста. І Сяргей адкрыў для мяне свет мастацтва. Я памятаю, як мы ішлі са школы дадому і спрачаліся пра Леанарда, Мікеланджэла, Рафаэля. Мы лічылі сябе наступнікамі тытанаў Адраджэння, раннімі вялікімі геніямі. Абодва сышліся на агульным захапленні фільмамі Таркоўскага. У 10-м класе мы паставілі сабе грандыёзную задачу: аб’яднаць усе навукі і ўсё мастацтва. Што ж паробіш: каб быць задаволеным сабою, мужчыну часам трэба «перавярнуць» увесь свет. Пасля школы Сяргей пайшоў у архітэктурны, а я ў політэхнічны інстытут. Вывучаў фізіку і хімію, але больш мне падабалася нешта філасофска-рэлігійнае, асабліва індыйская філасофія і эзатэрычная філасофія (Агні-Ёга, Бхагавата-Гіта). Мяне прыцягвала іх таямнічасць і вера ў звышнатуральныя магчымасці чалавека (левітацыя, выхад у астрал і г.д.).

Калі я ўпершыню прачытаў Біблію (адукаванаму чалавеку належыла мець уяўленне пра яе), мяне непрыемна ўразілі дзве рэчы. Па-першае, усё неяк занадта прыземлена і непрыгожа: ніякіх табе падарожжаў у астрал, маркотныя яўрэйскія гісторыі пра нейкіх людзей, якія на праведнікаў, мякка кажучы, зусім не цягнуць. Я звяртаў увагу на самыя цёмныя гісторыі іх жыцця. Вось «бацька веры», Абрагам, з баязлівасці аддае сваю жонку ў гарэм герарскага цара. Вось іншы вялікі цар, Давід, мала таго, што хітрасцю авалодвае чужою жонкаю, дык яшчэ і чужымі рукамі забівае яе мужа! І гэтак — увесь Стары Запавет! Суцэльны бруд... Гэта што? Святая Кніга? Такое адчуванне, што яе складалі нейкія дзівакі, якія наогул не клапаціліся пра тое, хто ўвесь гэты «кактэйль» будзе чытаць.

Новы Запавет быў таксама «што трэба». Ну, я ўжо бачыў у «Андрэі Рублёвым» Таркоўскага чытанне фрагмента з паслання да Карынфянаў пра любоў — гэта мне спадабалася. Але вось далей... Такое ўражанне, што Езус таксама мала клапаціўся пра тое, хто Яго слухае і ці хтосьці Яго разумее. Напрыклад, мяне непрыемна ўразіў вось такі ўрывак: «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 54). У сваёй рэакцыі я быў абсалютна салідарны з вучнямі Хрыста: «Многія з вучняў Ягоных сказалі: „Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?“ <...> З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім» (Ян 6, 60, 66). Я думаў: ну як так? Любы палітык ведае, што і як казаць, каб утрымаць натоўп прыхільнікаў вакол сябе, а Гэты адной недарэчнай фразай разагнаў большую частку. Неяк нелагічна ўсё гэта, недарэчна неяк.

Але канчаткова здзівілі мяне дзве гісторыі, звязаныя з укрыжаваннем Хрыста. Спачатку Ён моліцца ў Гетсіманскім садзе: «І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і казаў: „Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты“» (Мц 26, 39). Што? Бог, які прыйшоў выратаваць усё чалавецтва, раптам выказвае сумненне, як інтэлігентны хлюпік, кшталту мяне? Але зусім мяне «дабіла» малітва Хрыста на крыжы: «А каля гадзіны дзявятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: „Элі, Элі, лема сабахтані?“, што азначае: „Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?“»(Мц 27, 46). «Бязглуздзіца нейкая!» — падумаў я. Бог пакінуў Бога!

Езус, ведаючы ўсё, ведаючы, чаму Ён ідзе на крыж, і што Ён потым уваскрэсне, раптам крычыць, выяўляючы слабасць. Можа, Ён зусім не Бог, а звычайны чалавек, як я? Раптам я зразумеў, што Я НІЧОГА НЕ РАЗУМЕЮ Ў ГЭТАЙ Бібліі, нягледзячы на тое, што лічу сябе вельмі разумным чалавекам.

... І раптам штосьці пачало вымалёўвацца. Я быццам адчуў сябе побач з Езусам у гэтай Гетсіманіі. Ува мне ж таксама змагаюцца розныя думкі, я ж таксама сумняваюся і мучаюся. Што, калі Ён цярпеў, каб зразумець мяне і дапамагчы мне? Я магу Яму суперажываць, а вось статуі матроса, што з гранатамі ў руцэ кідаецца пад гітлераўскі танк, я суперажываць не магу: па-першае, я — не герой, а па-другое, у статуі твар такі каменны, быццам мужчыну ўсё роўна: жыць або паміраць. Раптам я ўспомніў усе тыя моманты, калі мне было вельмі адзінока, калі я быў усімі незразуметы і пакінуты. А што, калі Езус крычаў такія словы на крыжы, каб быць побач са мной у такія моманты, каб сказаць мне: Я з табой, Я прайшоў праз тое, праз што ты цяпер праходзіш, і перамог... Значыць і ты пройдзеш і пераможаш.

Раптам Евангелле ажыло для мяне. Так, яно дзіўнае і нелагічнае, як дзіўнае і нелагічнае нашае жыццё, у адрозненне ад прыгожа прыдуманай матэматычнай тэорыі або філасофскага вучэння. Я раптам зразумеў, што Біблію не прыдумалі: ТАКОЕ прыдумаць немагчыма! А значыць усе біблейскія гісторыі не складзеныя кімсьці ў нейкіх мэтах, а натхнёныя нябёсамі — яны не адсюль. Менавіта таму аўтары Бібліі не саромеюцца адкрыта казаць пра праблемы і грахі сваіх герояў: бо, калі сумленна, то і ў мяне таксама ёсць «цёмны бок», пра які лепш ніколі не ведаць. Значыць, тыя героі такія ж, як я, не бездакорныя (у адрозненне ад Езуса).
У інтэрнэце на атэістычных сайтах часта сустракаюцца артыкулы тыпу «800 супярэчнасцяў Бібліі». Так, будзь іх хоць 10 800! Добра сказаў апалагет Касцёла II стагоддзя Тэртуліян: «Нам кажуць: як магла зямная жанчына, тым больш панна, нарадзіць вечнага Бога? Нам кажуць: як мог вечны Бог на тры дні памерці. Гэта — праўдзіва, бо недарэчна; гэта — несумненна, бо немагчыма!

І, «на закуску», для «філасофскіх розумаў». Здаецца, Гегель казаў: «супярэчнасць — ёсць крыніцаю развіцця». З некаторых часоў разгадкі біблейскіх «супярэчнасцяў» сталі адным з маіх любімых заняткаў, бо я ведаю: калі дайду да канца ў сваіх разважаннях, у фінале мяне чакае дзівоснае адкрыццё!


Юрый Беспячанскі
Пераклад з рускай мовы Вольгі Качалкі
Паводле nenadoada.ru

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла