Зрабі як кароль

Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля, год А (17.09.2017) 

Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў».

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”. Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму». 

(Мц 18, 21–35)

Зрабі як кароль

Ці мушу я прабачыць ажно сем разоў? «Не!» — гаворыць Пан Езус і дадае: «Ажно семдзесят сем разоў». Цікава, ці адважыцца нехта быць першым і проста прабачыць. Калі не, то карусель помсты, адплаты і кары будзе круціцца яшчэ шпарчэй і не спыніцца. Пан Езус прапануе нам прабачэнне як спосаб пераадолець і закрыць крыўды, каб не пашыраць і не раздражняць нанесеныя раны. Без абвінавачванняў, нават калі віна відавочная. (Магчыма, гэта дзіўная логіка: ёсць віна, але няма пакарання. А магчыма, гэта логіка збаўлення, асабліва калі вымаганне кары становіцца маніяй). 

Гэтак кароль, якому слуга быў вінен дзесяць тысяч талентаў, «злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг». (Было падлічана, што ў часы Езуса талент — гэта каля 34 кілаграмаў каштоўнага металу. Дзесяць тысяч талентаў — гэта 340 тонаў срэбра або золата!) Гэта па-каралеўску. Гэта ўлада. Арыфметыка Евангелля, арыфметыка караля — прабачыць доўг. 

Ёсць яшчэ той, каму было прабачана. Ён схапіў свайго даўжніка, які быў вінен сто дынараў, і калі той папрасіў дараваць яму доўг, кінуў няшчаснага ў вязніцу. (Гэта таксама было падлічана, адзін дынар важыць 3,89 грамаў. Сто дынараў — 389 грамаў каштоўнага металу!). Яму даравалі астранамічна вялікі доўг, а сам ён не даруе ні грама! Гэта арыфметыка, якая не мае нічога супольнага з Евангеллем. Гэта арыфметыка нават не слугі, а нявольніка: стрэсці ўсё да апошняй капейкі. Вядома, матэматычныя падлікі — тут толькі метафара для прыпавесці. Усё гэта пра нашае чалавечае жыццё, нашыя адносіны з іншымі людзьмі, нашыя крыўды — і рэальныя, і суб'ектыўныя, і ўяўныя. Кожны павінен вырашыць, як прабачыць іншаму. Можна рабіць гэта як нявольнік. Можна рабіць гэта як кароль.  


Айцец Тамаш Галонка OP

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла