«Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?»

Дваццаць пятая звычайная нядзеля, Год А (24.09.2017)

Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?” Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку”. У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?” Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».

(Мц 20, 1–16)

«Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?»

Як павінна быць вядома кожнам католіку, зайздрасць — гэта адзін з сямі грахоў, якія называюцца галоўнымі, таму што яны — як пэўная схільнасць — у той ці іншай ступені ўласцівыя кожнай душы, аслабленай першародным грахом, а ўсе больш цяжкія асабістыя грахі абавязкова з’яўляюцца вынікам аднаго ці адразу некалькіх з іх. Так, скажам, забойства не з’яўляецца галоўным грахом, бо чалавек здзяйсняе яго або пад уплывам гневу або з прычыны сексуальнай нястрыманасці, нячыстасці — як аборты ці забойства ў выніку гвалту, або з мэтаю завалодаць чужою маёмасцю пад уплывам хцівасці або зайздрасці. Апошняя характарызуецца як «смутак з прычыны дабра, якое належыць іншым» і, каб вызваліцца ад яго, зайздроснік можа дайсці нават да фізічнага знішчэння гэтага дабра, у тым ліку і самога жыцця, па прынцыпе «не дастанься ж ты нікому»…Нават псіхічныя адхіленні маньякаў, якія забіваюць без бачнай прычыны, часта бываюць выкліканыя тым, што гэтыя людзі былі абдзеленыя дабром, а іх дзеянні — неадэкватная помста тым, хто, паводле іх хворай логікі, вінаваты ў іх жыццёвых няўдачах.

Трэба адзначыць, што так званая «белая зайздрасць», як часам акрэсліваюць смутак, выкліканы не столькі наяўнасцю дабра ў іншых, колькі адсутнасцю яго ў сябе, які, аднак, не вядзе да жадання некаму за гэта адпомсіць, а, наадварот, стымулюе працаваць больш рупліва або паразважаць: «Што я раблю не так? У чым прычына, што я не маю поспеху?», не з’яўляецца грахом.

Зайздрасць можа датычыць і матэрыяльных дабротаў, і духоўных. Нельга забывацца, што зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку, — гэта грэх супраць Духа Святога, адзін з найцяжэйшых, бо ён замыкае душу чалавека на дзеянне Божае і пазбаўляе рэштак дабра, якое ў ёй ёсць…

З іншага боку, нараканні на тое, што нехта без асаблівых уласных заслугаў атрымлівае даброты, якія больш патрэбныя іншаму чалвеку, а дастаюцца яму вельмі цяжка, — як у выпадку вінаградараў з прыпавесці, — могуць падавацца цалкам слушнымі і справядлівымі. Аднак па-сапраўднаму такімі яны будуць толькі тады, калі без узнагароды застанецца той, хто сапраўды яе заслугоўвае, калі нехта ўзбагачаецца за ягоны кошт. Як бачым, у прыпавесці ніхто не атрымаў менш, чым зарабіў. А тое, што некаму пашчасціла нарадзіцца ў заможнай сям’і, у горадзе з вялікімі магчымасцямі ці проста выйграць у латарэі, яшчэ не азначае, што ён зможа здабыць з гэтага сапраўднае дабро. Каму больш дадзена, з таго будзе больш спагнана. Галоўнае, каб чалавек змог заўважыць і добра распарадзіцца тым, што дадзена асабіста яму, і памятаў, што зямныя даброты самі па сабе нікога не робяць шчаслівым, а Божай ласкі хопіць на ўсіх: і на тых, хто з дзяцінства вядзе пабожнае хрысціянскае жыццё, і на тых, хто навяртаецца ў апошні момант. Ці ж не тады мы аказваемся сапраўды багатымі, калі ўмеем радавацца, што дабро, адзіным сапраўдным аўтарам і ўладальнікам якога ёсць толькі Бог, увогуле ёсць у гэтым свеце (неістотна — у мяне ці ў каго іншага), або што яшчэ нехта мае магчымасць атрымаць «дынар вечнага жыцця»?


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць пятую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Віталь Сапега ОР «Міласэрнасць, што вышэй за справядлівасць»
айцец Павел Мажэйка OP «Я справядліва заплачу вам»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла