Папа Францішак занепакоены варожым стаўленнем да мігрантаў

«Я не хаваю ад вас трывогі адносна праяваў нецярпімасці, дыскрымінацыі і ксенафобіі, якія можна ўбачыць у розных рэгіёнах Еўропы. Яны часта выкліканы недаверам і страхам да іншага, чужога чалавека. Яшчэ больш мяне турбуе ўсведамленне таго, што нашыя каталіцкія супольнасці ў Еўропе таксама паддаюцца абарончай рэакцыі і непрыняццю гэтых людзей, апраўдваючыся нейкім „маральным абавязкам“ захоўваць сваю культурную і рэлігійную ідэнтычнасць», — сказаў Святы Айцец, прымаючы ў Ватыкане кіраўнікоў душпастырства мігрантаў розных краінаў (яны прымаюць удзел у сустрэчы, арганізаванай Радаю Канферэнцыі Біскупаў Еўропы).


Папа Францішак адзначыў, што любоў Касцёла да гэтых братоў і сясцёр павінна выяўляцца праз дапамогу на ўсіх этапах міграцыі: ад самога пачатку і да прыбыцця ў іншую краіну. Ён адзначыў, што ўсе касцёльныя ўстановы, размешчаныя па маршруце міграцыі, павінны актыўна ўдзельнічаць у гэтай місіі паводле сваіх магчымасцяў. «Праяўленне ўвагі і служэнне Пану ў гэтых членах яго „пілігрымуючага народу“ — гэта адказнасць, якая аб’ядноўвае мясцовыя Касцёлы ў вялікім праяўленні няспыннай, скаардынаванай і эфектыўнай дапамогі», — сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што неспакой у свеце трэба перамагаць з вераю і Духам Святым, каб «захоўваць даверлівую адкрытасць, якая дапамагае нам пераадольваць усе перашкоды, пераскокваць праз усе бар’еры».
Папа Францішак бачыць, як многія каталіцкія супольнасці ў Еўропе з цяжкасцямі прымаюць масавы наплыў мігрантаў і бежанцаў. Пантыфік заўважыў, што разумее ўсе цяжкасці, звязаныя з эканамічным крызісам, які нанёс вялікую шкоду, а таксама разумее непадрыхтаванасць многіх супольнасцяў да гэтай сітуацыі або недахоп адпаведных палітычных мераў на дзяржаўным ці мясцовым узроўні. «Але гэтыя цяжкасці з’яўляюцца таксама паказчыкам абмежаванасці еўрапейскай еднасці, перашкодаў, на якія павінны натыкацца ўніверсальнасць правоў чалавека, сценаў, аб якія разбіваецца гуманізм, што з’яўляецца адным з самых цудоўных пладоў еўрапейскай цывілізацыі. А хрысціяне павінны разумець усё гэта па-над свецкаю іманентнасцю, у логіцы цэнтральнага месца чалавечай асобы, створанай Богам, адзінай і непаўторнай», — сказаў Святы Айцец.

Папа выказаў упэўненасць у тым, што міграцыйныя патокі могуць быць у першую чаргу «ўрадліваю глебаю для развіцця сапраўднага і плённага экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу». Сучасныя міграцыйныя рухі, аднак, становяцца ў першую чаргу «новай місіянерскай магчымасцю, нагодаю да прапаведавання Езуса Хрыста і Яго Евангелля, не пакідаючы свайго асяродку».


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле stacja7.pl

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла