«Мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае»

Дваццаць шостая звычайная нядзеля, Год А (01.10.2017)

«У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы».

Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

(Мц 21, 28–32)

«Мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае»

Група даследчыкаў з Вялікабрытаніі выправілася ў шлях у 1911 г. з мэтаю дайсці да Паўднёвага полюсу. Кіраўніком экспедыцыі быў Роберт Скот. Каб дасягнуць мэты, трэба было прайсці 800 міляў па глыбокім снезе, лёдзе і ў страшнай халадэчы. 18 студзеня 1912 г. экспедыцыю чакаў вялікі поспех: упершыню людзі дайшлі да Паўднёвага полюса. Аднак на зваротным шляху гэты поспех перамяніўся ў трагедыю. Двое ўдзельнікаў памерла ад перанапружання, холаду і знясілення. Астатнія трое замерзлі за некалькі кіламетраў ад месца, дзе маглі атрымаць дапамогу лекара і прытулак. Калі целы замерзлых знайшлі, пры іх быў дзённік з апісаннем усяго падарожжа ажно да іх смерці.

У экспедыцыі ўдзельнічаў доктар Біл Уілсан, выпускнік Кэмбрыджскага ўніверсітэта. Калегі далі яму мянушку «цынік», бо ён меў вельмі непрыемны характар і быў востры на язык. Аднойчы ён гэтак напісаў пра сябе сябру: «Я ведаю, што я ганарлівы, зласлівы, што крыўджу іншых, а перадусім я вялікі эгаіст». Падчас экспедыцыі на Паўднёвы полюс Біл-«цынік» стаў зусім іншым чалавекам. У камандзе яго сталі называць «Білам, які нясе супакой». Кіраўнік экспедыцыі Роберт Скот напісаў пра яго ў дзённіку: «Біл — цудоўны кампаньён, заўжды радасны, уздымае ўсім настрой, заўжды гатовы дапамагчы і ахвяраваць сабою дзеля іншых. Яго блакітныя вочы заўжды абуджаюць надзею, а думкі поўныя супакою». Сам Біл Уілсан напісаў перад смерцю: «Незалежна ад таго, ці пражыву я доўга, ці заўтра памру, я ведаю, што знаходжуся ў Божых руках і жыву дзеля таго, каб іншых прывесці да Бога. <…> Мы павінны рабіць усё магчымае, а рэшту варта пакінуць Богу. Давяраюся Богу, незалежна ад таго, што са мною будзе».

Гісторыя Біла паказвае нам тую самую перамену сэрца, якую перажыў малодшы сын евангельскага урыўка. Спачатку на просьбу бацькі пайсці працаваць у вінаграднік ён адказаў «не», але пасля змяніў рашэнне і пайшоў. Біл, які раней быў абыякавым да Божых запаведзяў, прайшоў шлях навяртання і стаў Божым сябрам. Гэта перадусім выяўлялася ў яго ўчынках, у любові да бліжніх. Кожнаму з нас, незалежна ад таго, як далёка мы здолелі прайсці ў сваім духоўным, малітоўным і маральным жыцці, таксама заўжды патрэбныя рэфлексія і навяртанне.


Айцец Раман Шульц OP
(прыклад узяты з кнігі кс. Марыяна Бендыка:
„Żyć Ewangelią“, rok A, s. 209,
Wydawnictwo Barbara, Kraków 1995)

Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць шостую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Міхал Ермашкевіч ОР «Сказаць ці зрабіць?»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла