«Я думаў, што ўбачу вайну, а ўбачыў пекла». Пра новы фільм К. Нолана «Дзюнкерк»

Калі я ішоў на «Дзюнкерк», думаў, што буду глядзець адзін з ваенных фільмаў. Аказалася, што я ўбачыў вобраз пекла, якое чалавек можа стварыць для іншых, і найчасцей для тых, хто ваюе з ім на адным баку.


Не навіна, што фільмы Крыштафа Нолана становяцца легендамі кіно. «Інтэрстэлар» (2014) або «Пачатак» (2010) — гэта карціны, якія нават пасля некалькіх гадоў не забываюцца. Здавалася, што поспех брытанскага рэжысёра ў камбінацыі яго таленту з тэматыкай навуковай фантастыкі. Тым часам на кінаэкраны выйшаў новы фільм Нолана, які не мае нічога агульнага з фантастыкай. Брытанец вырашыў экранізаваць частку гісторыі сваёй краіны — эвакуацыю на пачатку Другой сусветнай вайны звыш трохсот тысяч брытанскіх жаўнераў з акупаванага Германіяй Дзюнкерка.

Калі гітлераўская Германія напала на Францыю, пачалося імгненнае выцясненне саюзнікаў, але ў адрозненне ад Польшчы, на тэрыторыі Францыі знаходзіліся сотні тысяч брытанскіх войскаў, якія былі выціснуты немцамі на поўнач. У вырашальны момант брытанцы разам з французамі былі выціснутымі на бераг мора за 40 кіламетраў ад Велікабрытаніі напрамую. Хоць англійскія жаўнеры і маглі бачыць свой «дом», пераадоленне канала Ла-Манш такою вялікаю колькасцю людзей і за кароткі час было немагчымым, тым больш што мелкаводдзе берага Францыі не давала прычаліць да яго вялікім караблям. Размешчаным на беразе французскім салдатам, якіх у любую хвіліну маглі забіць з нямецкіх самалётаў, заставалася толькі чакаць і маліцца пра цуд.

І на самай справе, многія людзі думаюць, што тое, што адбылося ў Дзюнкерку, было цудам, і фільм Нолана вельмі добра гэта паказвае. І хоць ён болей пра чалавека, чым пра Бога, цяжка не заўважыць, што Бог прысутны ў гэтых падзеях каля Дзюнкерка. Эвакуацыя англійскіх войскаў, названая «Аперацыяй Дынама», не была б паспяховаю, калі б не мабілізацыя маракоў, уладальнікаў лодак і круізных яхтаў, якія вырашылі адплыць ад берагоў Вялікабрытаніі ў кірунку акупаванай нацыстамі Францыі, трапляючы пад атаку нямецкіх самалётаў. Гэтая гісторыя не мела прэцэдэнту. Для англічанаў страта трохсот тысяч салдатаў, якраз перад знакамітаю бітваю за Англію, магла б стаць пройгрышам у вайне.

Але «Дзюнкерк» — гэта таксама і вобраз пекла, якое можа стварыць чалавек. У карціне Нолана няма нікога, хто быў бы напоўнены пафасам перамогі. Фільм насычаны чалавечымі пачуццямі: паралізуючым страхам, страшнаю стомаю і безнадзейнасцю. 

 

Крыштаф Нолан лічыцца адным з самых інавацыйных рэжысёраў. Калі ён пачынаў працаваць над «Дзюнкеркам», ужо можна было разлічваць, што вынік нас здзівіць. Хоць гэты фільм Нолана базуецца на драматычнай ваеннай тэматыцы, яго немагчыма адарваць ад папярэдніх карцінаў гэтага рэжысёра, бо няма ў ім традыцыйнай сюжэтнай лініі, але затое ёсць тры ўзроўні дзеяння і раздробленая храналогія, якою рэжысёр іграе, быццам стварае новы «Пачатак», дзякуючы чаму ў некаторых сцэнах адчуцваецца напружанне, якое ўзмацняецца выдатнаю візуалізацыяй і выразным гукавым напаўненнем.

Спецэфекты ненавязлівыя, падкрэсліваюць кожную дэталь. Значна важнейшымі за іх з’яўляюцца моманты, якія моцна прыцягваюць увагу гледача: з якою цяжкасцю пілоты цэляцца ў нямецкія самалёты, якія чорныя клубы дыму на даляглядзе, там, дзе на беразе размяшчаюцца войскі саюзнікаў. Гэта ўсё яшчэ больш стварае атмасферу безвыходнасці ў акружэнні ворага. Выдатна «працуе» і музыка: «Дзюнкерк» не толькі глядзіш — яго яшчэ і слухаеш. Гукі выстралаў абрушваюцца з усіх бакоў, яны моцныя і гучнейшыя за ўсе іншыя гукі, а напісаная Гансам Зімерам музыка павялічвае накал і не дазваляе ані на хвіліну забыцца, што час бяжыць, а небяспека набліжаецца...

Гэта сапраўды вялікая моц ўздзеяння на пачуцці і ўяўленне. Ствараецца ўражанне, што гэты аўдыёвізуальны пласт фільма з’яўляецца больш важным, чым постаці герояў, у якіх няма сэнсу шукаць нейкія адметныя рысы — ва ўсіх іх вялізная змучанасць і стрэс — яны ваююць не за перамогу, яны ваююць за выжыванне. Гэтая слабасць яшчэ больш бачная з боку ворага. У «Дзюнкерку» ні разу не выкарыстоўваецца слова «Германія». Калі гаворыцца пра праціўніка, ужываюцца словы «вораг» або «непрыяцель». Праціўнік у фільме здаецца безасабовым, нават калі страляюць у герояў або жорстка патапляюцца караблі. Ракеты трапляюць у цэль з ніадкуль, а ваенныя самалёты з’яўляюцца нечакана. Такі погляд на канфлікт — гэта ідэальны фон, каб паказаць унутраную барацьбу ў душах герояў.

Мне здаецца, што новы фільм Крыштафа Нолана — гэта чарговы этап у эвалюцыі гістарычнага кіно. Пасля поўных пафасу, але і крывавых, карцінаў («Уратаваць радавога Раяна», «Мы былі салдатамі», серыял «Ціхі акіян», «З погляду на сумленне») выйшаў фільм, які можа прапанаваць нешта большае. У «Дзюнкерку», апроч сцэнаў паступовага знішчэння немцамі брытанскіх і французскіх жаўнераў няма такіх крывавых сцэнаў, як у Спілберга, калі саюзныя войскі высаджваюцца ў Нармандыі, але ёсць штосьці такое, што робіць фільм сапраўды вартым.

На «Дзюнкерк» трэба схадзіць і быць падрыхтаваным да таго, што перад вамі будзе ваенны фільм, які цалкам адрозніваецца ад тых, што вы глядзелі дагэтуль. Гэта не проста цудоўная рэжысура, але таксама і перасцярога перад жахам вайны — пекла, якое людзі могуць стварыць сваімі сіламі. 


 Пётр Касярскі, deon. pl
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла