Галоўны плён «Музычнай майстэрні» — не ў майстэрстве

Звычайна ў канцы ліпеня кожны год у Івянцы праходзіць «Музычная майстэрня», якая доўжыцца прыкладна тыдзень, а заканчваецца малітоўным спатканнем моладзі. У Івянец для таго, каб падзяліцца досведам з беларускай моладдзю, прыязджаюць вядомыя хрысціянскія музыканты з Польшчы, прапаведнікі, дзеячы тэатральнага мастацтва. Сёлета я прыехала толькі на сустрэчу моладзі, але калісьці некалькі разоў удзельнічала таксама і ў майстэрні, таму Івянец для мяне — гэта месца маёй духоўнай фармацыі, гэтыя сустрэчы адыгрываюць вялікую ролю ў маім жыцці. Правёўшы тут час на выходных, я хацела б падзяліцца сваімі ўражаннямі і перажываннямі з чытачамі нашага сайту. А фатограф Данік Ліцкевіч таксама дзеліцца сваімі эмоцыямі праз аб’ектыў.


Крыжовы, Твой, такі балючы, шлях

Мы ідзём сцежкамі ля касцёла, а з вокнаў кляштара, за плотам і брамаю даносяцца крыкі: «Укрыжуй яго! Укрыжуй яго!» Стацыі Крыжовага шляху — гэта простыя і моцныя пантамімы. Я ўражаная энергетыкаю акцёраў, іх глыбокім перажываннем таго, што яны паказваюць. На ўсю падрыхтоўку гэтага відовішча было толькі некалькі дзён падчас «Музычнай майстэрні» ў межах тэатральных варштатаў. Пантамімы суправаджаюцца гукавымі эфектамі, перфомансамі. А каментуе кожную стацыю Ян Будзяшак, вядомы польскі музыкант і евангелізатар:

«...Прашу Цябе, мой Пане, за грэшнікаў, гэта самыя бедныя людзі на зямлі. Дапамажы ім, каб у сакрамэнце паяднання яны адкрылі дарогу да шчасця, да радасці...»

«...Барані мяне, Пане Божа, ад сітуацый, калі буду казаць свайму дзіцяці, што не маю на цябе часу, таму што мушу зарабляць на цябе грошы. Нашыя дзеці не патрабуюць нашых грошай, яны патрабуюць нас».

«Люблю перамогі, ненавіджу паразу, шукаю багацця і ненавіджу беднасць, шукаю прыемнасцяў, уцякаю ад цярпенняў. Насамрэч я такі ж самы вораг Хрыстовага Крыжа, як і тыя, хто Яго ўкрыжаваў. Езу, паглядзі, які я слабы, патанаю ў матэрыялізме. Без Цябе, Езу, я нічога не магу. Езу, дазволь мне трываць у Тваім слове...».

«З Цябе здзерлі адзенне, але ты апрануты ў годнасць чалавека. Перапрашаю цябе сёння за кожную знішчаную годнасць жанчыны. Як часта яе трацяць, маючы 16 або 17 гадоў. Замала ёсць абаронцаў годнасці жанчыны. А зло так перамагае, што грамадства параўноўвае чысціню жанчыны  з калецтвам. Навучы мяне евангельскаму ўбоству».

«Езу, скажы мне, ці добра я разумею, што часта з’яўляюся адзіным шанцам для іншага чалавека, каб прыйсці да Цябе? А калі нешта раніць маё сэрца, то што з яго выплывае: зло або дабро і міласэрнасць?»

Прыходзіць час апошняй стацыі — дзверы касцёла адчыняюцца, дзяўчына, што грае Марыю, ўваходзіць у яго, а мы ўсе — за ёю. Увесь алтар завешаны белымі палотнамі, а ў сярэдзіне — фігура Маці Божай Фацімскай. Пачынаецца акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы. Якія ж прыгожыя і паэтычныя радкі акафісту... У канцы я, як і кожны ў касцёле, іду да фігуры Марыі са свечкаю ў руцэ, а ў душы — са сваёю інтэнцыяй, каб аддаць яе маёй Заступніцы.

Дух братэрства і сям’і

У суботу мне ўсё больш хацелася быць побач з Езусам, я часта хадзіла на няспынную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ян Будзяшак у сваім выступленні даваў шмат сведчанняў. Ён расказваў пра цуды ў яго жыцці, часта казаў пра Ружанец.

Сёлета ў Івянцы была каталіцкая інтэлектуальная гульня! Гэта неверагодная ідэя, супольнасці «Ubi Caritas», якая стаяла за арганізацыяй майстэрні і МСМ, — мае апладысменты. Было так цікава, так весела, так часам цяжка! Наша каманда ўзяла другое месца, мы радаваліся, як дзеці.

Супольная Эўхарыстыя... Сёлета з намі біскуп Юрый Касабуцкі і архімандрыт Сяргей Гаек. Атмасфера хатняя, людзей на Днях моладзі не так шмат, як я чакала. Але ў гэтым ёсць свае плюсы: пануе душэўнасць, дух братэрства і сям’і. Божае слова, казанне біскупа, спеў хору «Майстэрні», Святая Камунія — на Днях моладзі ў Івянцы да мяне ўсё прамаўляе, усё ўзрушае.

Пад вечар на канцэрт пад’язджае крыху болей моладзі, святароў. Сустракаю блізкіх сэрцу людзей: вось сям’я Тумеляў, у якіх нядаўна нарадзіўся Дамінік, а вось маладажоны Юра і Паўліна з гурта «Рыбы», барабаншчык Віталік і ксёндз Яцэк прыехалі ажно з Шарашова. Рада бачыць брата Францішка, які прывёз моладзь з Маладзечна. І нязменна дзейсны ксёндз Ян Глінка са сваім тэлефонам і онлайн-трансляцыямі ў Фэйсбук! І многія-многія знаёмыя людзі — шчаслівая быць побач з імі такім добрым вечарам.

Брат францішканін Аляксей прапануе за ахвяру дыскі францішканскага гурта «Pokój i dobro», канцэрт якога вось-вось пачнецца. Пачынаюць браты свой выступ з акапэльнага выканання малітвы «Ave Maria». Але потым — гэта ўжо не грыгарыянскі харал, гэта хрысціянскі рок! Публіка горача прымае музыкантаў, падпявае песні, каля сцэны адбываецца сапраўдны флэшмоб — усе аднолькава пачынаюць танчыць!

Пасля францішканаў наступае асноўная частка канцэрту — выступ групы праслаўлення «Музычнай майстэрні». У гэтую групу ўваходзіць хор праслаўлення пад кіраўніцтвам вядомага польскага кампазітара Хуберта Кавальскага, салісты і музыканты: гэта скрыпкі, віяланчэль, кантрабас, гітары, барабаны, клавішы, кларнет — пачынаецца выступ цэлага аркестра. Музыканты-пачаткоўцы стаяць у адным шэрагу з прафесіяналамі — усе праслаўляюць Бога.

На сцэне прысутнічае нават адмыслова прывезены з Польшчы раяль! На ім падчас класічнай часткі канцэрта грае Валяр’ян Янушкевіч «Восьмую рапсодыю» Франца Ліста, а пасля са сваёю сястрой флейтысткай Вікторыяй яны граюць ужо разам. Працягвае класічную частку канцэрта Аня Канонік, якая выконвае неверагодныя творы на цымбалах.

Галоўны плён — у сэрцы

У межах выступу «Майстэрні» моладзь таксама дае сведчанні на сцэне. Ганна Гарадзецкая з Маладзечна расказвае, як яны цудоўным чынам трапіла ў аркестр Хуберта Кавальскага ў Польшчы, якую радасць ёй прыносіць граць на кларнеце, менавіта праслаўляючы Бога. Яна Шумская з Магілёва дзеліца сваёю дзіўнаю гісторыяй, як яна насуперак уласнаму жаданню стала дырыжорам, як яе калісьці натхніў прыклад дырыжоркі Зоф’і Баркоўскай, якая прыязджае ў Івянец ужо шмат гадоў:

— Я ўбачыла не проста прафесіяналізм — я ўбачыла неверагодную веру.  Я ўбачыла, як спалучэнне музыкі і веры можа «працаваць» у жыцці, як Зося можа на агульным харавым занятку, не звяртаючыся ні да кога канкрэтна,  прымусіць людзей паверыць у сябе. <...> Колькі б я не ўцякала, Бог прывёў мяне да музыкі, і гэта прыносіць мне неверагоднае шчасце. Бог дагнаў і ўчыніў дабро! Я цяпер ужо разумею, што за ўвесь час майго жыцця Бог мне даваў тое, што мне заставалася толькі браць. Я не хацела браць, я ленавалася. Паверце, Бог усё роўна пераможа і павядзе вас сваёю дарогай, толькі не перашкаджайце Яму здзяйсняць план вашага жыцця. Бярыце ўсё, што Ён дае: сумныя хатнія заданні, практыкаванні... Нам часта кажуць: «Вучыся добра — чаго-небудзь дасягнеш». А я сказала б так: вучыцеся ўсяму, чаму толькі магчыма, каб быць дасканалым інструментам у руках Бога. Тады вы будзеце працаваць добра, і Ён зможа праз вас чыніць вялікія рэчы.

Сведчанне са сцэны мы пачулі таксама і ад айца Яўгена Голуба OFMConv:

— Мы спяваем: «Дух Святы, прыйдзі!» І Ён сапраўды прыходзіць, Ён дзейнічае ў жыцці кожнага з нас. Тут, на майстэрні, Яго прысутнасць таксама вялікая. Галоўны плён гэтай «Майстэрні», як бы ні здавалася, — не ў музыцы. Галоўны плён — у сэрцы чалавека. Тое, што Бог робіць у гэтым месцы з намі, і падчас споведзі, і падчас Эўхарыстыі, Ён перамяняе, аздараўляе — вось галоўны плён нашай сустрэчы. Хачу расказаць адну гісторыю. Група «Майстэрні» год таму паехала ў Кракаў на СДМ, служылі там валанцёрамі. Мы пастаянна чулі ад папы Францішка заклік падняцца з канапы, каб служыць, аддаваць сябе. І калі мы прыехалі назад, частка гэтай групы на «Майстэрні» ўжо не хацела быць проста ўдзельнікамі, яны хацелі нешта рабіць, дапамагаць. І пасля гэтага моладзь вырашыла стварыць супольнасць, яны звярнуліся да мяне, а я, шчыра кажучы, не верыў, што гэтая ініцыятыва пратрымаецца доўга, хаця я згадзіўся, бо хацеў, каб з гэтага нешта выйшла. Дух Святы вёў нас, праз канкрэтныя знакі паказваў кірунак. Мы даверылі гэтую ініцыятыву Маці Божай. І вось роўна год спаўняецца музычнай супольнасці «Ubi Caritas». Яна — плён «Майстэрні». Штомесяц людзі гэтай супольнасці збіраюцца разам у кляштары францішканаў тут, у Івянцы, каб маліцца, каб служыць спевам. Мы запісалі рэкалекцыі на «Радыё Марыя», разам падрыхтавалі «Калядны фэст», разам удзельнічалі ў розных музычных мерапрыемствах. Бог з’яднаў людзей з усёй Беларусі: Баранавічы, Івянец, Мінск, Ваўкалата, Іўе, Магілёў... Я вельмі ўдзячны гэтым людзям, бо яны таксама рыхтавалі і «Музычную майстэрню»: пераклад усіх тэкстаў, шмат іншай «нябачнай» працы — гэта іх плён. Я ўсё гэта кажу для таго, каб вы бачылі, што Пан Бог учыніў ім, мне і вам усім вялікія рэчы!

У канцы выступу «Музычнай майстэрні» Ян Паспяшальскі называе па імёнах усіх тых, хто стаяў за арганізацыяй «Майстэрні» і МСМ:

— Мы развітваемся з вамі, але найперш трэба сказаць штосьці важнае — прадставіць вам склад «Майстэрні». Аўтарам гэтых дэкарацый, якія вы бачыце, з’яўляецца Юстына Клецка, якая таксама дапамагала падрыхтаваць Крыжовы шлях. Хачу сардэчна падзякаваць Марце Сакалоўскай, якая ўчора падрыхтавала дэкарацыі на Марыйнае чуванне. Вялікія апладысменты ўсёй тэатральнай групе на чале з Наталляй, якая падрыхтавала Крыжовы шлях.

 

А цяпер назаву імёны нашых музыкакантаў: на барабанах — Мікалай Паспяшальскі, на фартэпіяна — Лукаш Паспяшальскі, першы клас гітары праводзіў Томэк Гжэбоўскі, другі клас гітары праводзіў Кшыштаф Бараноўскі, студэнт музычнай акадэміі ў Познані, ігры на кантрабасе вучыў Франак Паспяшальскі. Прадстаўлю вам вельмі сціплага чалавека, яна сваё жыццё прысвяціла Езусу і выступае толькі там, дзе можна праслаўляць Бога сваім спевам, гэта — Кінга. Калі мы рыхтаваліся да ад’езду, то я запытаўся Хуберта, каго нам яшчэ ўзяць з сабою, а ён адказаў, што з намі павінны паехаць дзяўчаты з яго аркестра, таму іх таксама шчыра вітаю! А таксама вітаю сваю дачку, якая спявае і іграе на скрыпцы, Басю Паспяшальскую. І, нарэшце, я хачу падзякаваць аднаму чалавеку, без якога ўся «Майстэрня» не была б такою, якая яна ёсць, гэта Хуберт Кавальскі.

Зал разрываўся апладысментамі ўдзячнасці таксама і для дырыжоркі Зоф’і Баркоўскай, якая вяла на працягу ўсяго тыдня заняткі па харавому спеву.

Завяршэннем гэтага неверагоднага канцэрта стаў выступ хрысціянскага гурта «Кана», які адмыслова дзеля выступу для беларусаў прыехаў з Украіны. Не толькі спевы мы чулі са сцэны, музыкі стараліся таксама падзяліцца з намі сваёю вераю:

— Мы вельмі ўдзячныя нашаму Айцу за жыццё! Гэтая ўдзячнасць выплывае з глыбокага разумення праўды: ўсё, што ў нас ёсць, без нашага Айца проста не мае сэнсу. Я вельмі ўдзячная Яму за тое, што Ён калісьці знайшоў мяне ў 15 гадоў, і што я ўжо больш за 15 гадоў хаджу за Ім. І сёння хачу вам усім сказаць, што я вельмі спадзяюся з усімі вамі сустрэцца калісьці ў Доме нашага Айца. <...> Калі мы яшчэ толькі пачыналі граць у гурце, мудрыя вопытныя музыканты сказалі нам адну вельмі важную рэч: каб мы абавязкова збераглі сваю ідэнтычнасць у Богу, ідэнтычнасць свайго народа, ідэнтычнасць сваёй музыкі, каб не капіравалі амерыканцаў, бо ніколі не заспяваем лепш за іх, не капіравалі палякаў, бо ніколі мы не заспяваем, як палякі... Трэба іграць тую музыку, якая выплывае з сэрца, якую пасяліў туды наш Айцец. Музыка — гэта толькі прычына, гэта толькі той шлях, якім нас Бог вядзе да Сябе, вядзе да святасці. Паверце, сярод вас няма ніводнага чалавека, не надзеленага талентам, наша задача яго раскрыць і ім праслаўляць нашага Айца, а Ён гэтага дакладна заслугоўвае! Хвала Пану!

Пасля ўсяго перажытага за гэтыя два дні ў Івянцы, што застаецца ўва мне? Я гляджу на вялікае дрэва, якое было пасаджана на маіх вачах, калі я ўпершыню прыехала сюды... Я адчуваю радасць, што ў Беларусі кожны год адбываецца ўся гэтая «заварушка» ў імя Бога. Дрэва пазнаецца па пладах, а пладоў сапраўды шмат. У нас вочы загараюцца, сэрцы палымнеюць ад таго, што Бог можа ўчыніць з намі!


Вольга Качалка
Фота Данііла Ліцкевіча

{gallery}2017-08-01{/gallery}

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней