«Бог паклікаў мяне да сужэнства». І што далей?

Гэта даволі распаўсюджаная сітуацыя, калі ў кагосьці ёсць прэтэнзіі да Бога. Часам гэта схаваны смутак і неразуменне Божай пазіцыі. А часам гэтая незадаволенасць праяўляецца да ўсіх і ўсяго, што акружае чалавека. Прэтэнзіі да Бога маюць розныя падставы, але, калі казаць агульна, то гучаць яны так: Бог штосьці паабяцаў і... не стрымаў слова.


Благаслаўленне — гэта не абяцанне

Мы часта блытаем Божае благаслаўленне з Яго абяцаннямі. Напрыклад, мы атрымліваем сужэнскае благаслаўленне і нам здаецца, што Бог дае абяцанне не дапусціць у гэтым сужэнстве разладаў або чагосьці яшчэ больш трагічнага. Святар благаслаўляе кватэру або аўтамабіль — і нам здаецца, што Бог абяцае, што з гэтым жыллём ці транспартам нічога дрэннага не здарыцца: паблагаслаўлёная машына ніколі не разаб’ецца, а паблагаслаўлёную кватэру ніхто не затопіць і не абкрадзе.

Благаслаўленне — гэта не абяцанне зямнога поспеху. Просьба аб благаслаўленні — гэта рашэнне чалавека запрасіць Бога ў пэўнае месца або адносіны. Просьба аб благаслаўленні — гэта рашэнне, якое суправаджаецца адрачэннем ад граху і ўсяго, што не падабаецца Богу. Калі ты хочаш, каб тваё жыллё асвяцілі, ты прымаеш рашэнне, што не будзеш у ім праклінаць, скандаліць, глядзець парнаграфію і г.д. Благаслаўленне — гэта абавязак не толькі для Бога, але і для чалавека.

Прыняць благаслаўленне — значыць аддаць Богу «штурвал» вашага сужэнства, уладу над падзеямі ў вашым доме. Гэта рашэнне жыць згодна з Божай воляй.

Бяздзейнасць чалавека

Для многіх людзей абяцанне Бога звязана з бяздзейнасцю чалавека. Напрыклад, жанчына распазнае, што Бог паклікаў яе да сужэнства. А калі гэта абяцанне Бога, то гэтая кабета чакае, што Бог паставіць на яе жыццёвым шляху прынца, які закахаецца ў яе з першага позірку. І жанчына ўсё чакае, чакае, чакае... Аднак жа абяцанне не спраўджваецца.

Чалавеку не трэба быць пасіўным. У нас ёсць розум, рукі, вочы, розныя сродкі, каб імі карыстацца, і бачыць Божае благаслаўленне ў спраўджванні Яго абяцанняў. Я ведаю адну прыгожую жанчыну, якую вельмі трывожыла тое, што яна не рэалізоўвае сваё пакліканне. Ёй ужо было за трыццаць і яна разумела, што не можа чакаць даўжэй. Гэтая жанчына распачала вялікую працу над тым, каб знайсці таго, каго Бог ёй падрыхтаваў.

Зарэгістраваўшыся на звычайных сайтах знаёмстваў, яна хадзіла кожныя выходныя на спатканні. У 10:00 — кава з Томакам, у 12:00 — прагулка з Мірэкам, у 14:00 — абед з Міхалам, у 16:00 — гарбата з Бартакам... Яна расказвала мне, што гэтыя спатканні часам былі жахлівымі. Але, нягледзячы на жах, які яна перажыла, напрыклад, у 12:00, а 14-й гадзіне яна ішла на наступнае спатканне, дзе трэба было добра сябе паказаць, бо, магчыма, гэта якраз той чалавек, якога выбраў для яе Бог. Было шмат слёз, стомленасці, эмацыйнага выгарання, але яна ўсё роўна давярала Божаму абяцанню: дзесьці ж ходзіць гэты муж! Пасля некалькіх месяцаў прыйшоў час для спаткання з «тым самым» мужчынам. Ужо пасля кароткай размовы яе сэрца адчула, што гэта ён, той адзіны! Сёння яны ўжо жанатыя.

Я часта прыводжу ў прыклад гісторыю гэтай жанчыны, калі бачу расчараванне Божым абяцаннем. Бог не хоча нашай бяздзейнасці!

Актыўнасць чалавека

Але сляпая актыўнасць таксама не добрая. Трэба быць актыўным, але адначасова і слухаць Бога. Езус ад сваіх вучняў не чакаў бяздзейнасці, наадварот — Ён чакаў ад іх канкрэтных учынкаў. Вучні павінны былі рабіць тое, што казаў ім Езус, а пасля яны мелі таксама час, каб Яго слухаць. Трэба быць актыўным і слухаць Бога.

Расчараванне

Першаю рысаю любові з’яўляецца цярплівасць — «Любоў доўгацярплівая» (1 Кар 13, 4). Калі хочаш трываць у прысутнасці Божай, у Яго абяцанні, то цярплівасць — гэта вельмі важная ўмова. Без яе мы станем або наогул бяздзейнымі, або занадта актыўнымі. З’явіцца расчараванне, за якое будзем потым папракаць Бога. А Бог не вінаваты ў гэтым, вінаватая нашая грахоўнасць або недахоп цярплівасці.

Божыя абяцанні не забіраюць у нас нашую свабоду — незалежна ад іх мы заўсёды застаёмся вольнымі. У прыпавесці пра міласэрнага айца малодшы сын мае абяцанне спадчыны, аднак ён не хоча чакаць смерці бацькі, і таму патрабуе аддаць яму яго частку і сыходзіць з дому. Насамрэч абяцанне спадчыны — гэта толькі частка поўнага абяцання. Самым важным у ім з’яўляецца прабыванне з айцом, блізкасць да яго сэрца. І малодшы сын, які сышоў са спадчынаю, і старэйшы, які застаўся з бацькам і быў вельмі працавітым (актыўным), не спазналі радасці Божага абяцання. І адзін, і другі прайшлі праз расчараванне. Бог не хоча такога стану для сваіх вучняў, але Ён таксама не адбірае іх свабоды.

Ілюзіі абяцання

Я часта сустракаю тых, хто жыве ў нейкай ілюзіі Божага абяцання. Я нават сустракаў дзяўчыну, якая была ўпэўненая, што на малітве Бог паабяцаў ёй беззаганнае зачацце! А гэта была абсалютна нармальная, пабожная дзяўчына. Я сустракаў шмат людзей, якія былі ўпэўненыя ў абяцанні Бога аздаравіць кагосьці хворага, а хворы памірае.

У такіх выпадках трэба вучыцца адрозніваць, ці гэта сапраўды абяцанне ад Бога або гэта плод нашых фантазій і жаданняў. Дарога духоўнага распазнавання вымагае яснага размежавання: гэта Божае або не Божае. Але нават ведаючы ўсе крытэрыі распазнавання, чалавеку вельмі часта цяжка гэта зрабіць, бо ўважліва ўслухоўвацца і адкрываць Божую волю чалавек вучыцца ўсё жыццё.


Айцец Рэмігій Рэцлав SJ
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле deon.pl
Ілюстрацыйнае фота: Аня Савюк (vk.com/trita.plenka)

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла