Быць побач або разам

Камусьці і ў галаву не прыходзіць дзяліцца з людзьмі — нават блізкімі, нават у сям’і — сваімі перажываннямі, жаданнямі, надзеямі і марамі, і сямейнае жыццё, сяброўства, а часам і закаханасць яны разумеюць як быццё побач, а зусім не разам. Але што казаць пра іншых, калі мы і самі нярэдка жадаем быць толькі побач...


Спецыялісты, якія працуюць з дзецьмі, часта апісваюць адзін дастаткова цікавы факт: да пэўнага ўзросту дзеці могуць гуляць толькі побач, пры гэтым яны карыстаюцца агульнымі прадметамі, але гульня застаецца ў кожнага свая. А пасля пераходу праз пэўны ўнутраны рубеж развіцця яны пачынаюць гуляць разам, ствараючы захапляльнае ўнутранае перажыванне «мы» і падтрымліваючы агульную гульню і адзін сцэнарый. Аднак гэты пераход здзяйсняюць не ўсе людзі.

Успомніце, напрыклад, некалькі вашых знаёмых рознага ўзросту: магчыма, у некаторых з іх ёсць праблемы са зносінамі і яны не ведаюць, пра што размаўляць з малазнаёмымі людзьмі, як падтрымліваць размову ў кампаніі і не ўмеюць заражацца агульнай весялосцю. Яны заўсёды побач, а вось разам быць не атрымліваецца. Іншыя ўвесь час пра нешта гавораць, але пры гэтым іх мала клапоціць, ці цікавая тэма для слухача. Яны таксама не разам.

Яшчэ адна катэгорыя людзей не ўмее працаваць у камандзе, таму гэтыя людзі або настойліва ўзвальваюць усю працу на сябе або патрабуюць, каб іншыя не ўносілі сваіх ідэй і былі толькі «на падхопе», так бы мовіць, побач.

Ёсць яшчэ тыя, хто не можа разумець пачуццяў і думак, якія адрозніваюцца ад іх уласных, і таму кожнае несупадзенне ў настроях і поглядах успрымаюць як нападзенне на сваю свабоду, «прымаюць усё на свой рахунак». Камусьці і ў галаву не прыходзіць дзяліцца з людзьмі — нават блізкімі, нават у сям’і — сваімі перажываннямі, жаданнямі, надзеямі і марамі, і сямейнае жыццё, сяброўства, а часам і закаханасць яны разумеюць як быццё побач, а зусім не разам. Але што казаць пра іншых, калі мы і самі нярэдка жадаем быць толькі побач...

Разам з тым з уласнага досведу мы ведаем, што прабыванне побач не заўсёды выклікана эгацэнтрызмам і душэўнай чэрствасцю (хоць іх таксама не варта скідваць з рахунку), але часам адсутнасць сапраўднай блізкасці звязана з няздольнасцю пабудаваць глыбокае перажыванне «мы» і адчуваецца намі хутчэй як незадаволенне, якое суправаджаецца гневам на сябе і пачуццём непаўнавартаснасці.

У такія хвіліны нам здаецца, што ўсім астатнім людзям у свеце пабудова блізкіх адносінаў даецца лёгка, што на самай справе толькі ў нас усё «не клеіцца», толькі з намі штосьці не так.

Здольнасць адчуваць іншага чалавека як блізкага, здольнасць фармаваць прывязанасць да людзей з’яўляецца ў чалавека ў раннім дзяцінстве, у тым дзяцінстве, падзей і перажыванняў якога мы не можам успомніць, бо былі вельмі малымі. Аднак менавіта ў той час мы перажывалі самыя значныя адносіны ў нашым жыцці, якія пакінулі адбітак на далейшым стаўленні да сябе і да іншых.

У першы год жыцця, як толькі немаўля пачынае пазнаваць твары, неабходнасць выжываць у стане поўнай залежнасці змушае яго востра адчуваць страх — страх быць кінутым, адпрэчаным. Гэта менавіта той від страху, які перыядычна ахоплівае нас на працягу ўсяго жыцця і перад якім мы адчуваем сябе практычна безабароннымі. Але вернемся да немаўляці. З’яўленне навыку пазнаваць людзей прыводзіць дзіця да найважнейшага адкрыцця: аказваецца, што пра яго ўвесь час клапоціцца адзін і той жа чалавек, яго мама, а гэта значыць, што згубіць яе асабліва небяспечна.

Што можа абараніць дзіця (і дарослага таксама) ад гэтага страху? Ці магчыма знайсці універсальны сродак ад жаху перад адзінотаю, адпрэчанасцю і смерцю? Большасць дзяцей гэты сродак знаходзяць спантанна, а вось дарослыя — не заўсёды, а праўду кажучы, рэдка. Дзіця пачынае прывязвацца да маці і вучыцца любіць. Калі мама ў адказ на яго прывязанасць дае яму ўвагу і цяпло, а таксама заўсёды прысутнічае побач, любоў да яе прыносіць дзіцяці некалькі перавагаў адразу.

Па-першае, можна не жыць у пастаянным страху, што мамы не стане, а радавацца таму, што яна ёсць.

Па-другое, можна не быць увесь час зацыкленым на сабе, уласных перажываннях і не ганяць па крузе адну і тую ж думку, а выйсці вонкі, з сябе, і зацікавіцца, а часам і захапіцца кімсьці іншым, гэта значыць, даведацца штосьці новае, пашырыць свой маленькі свет.

Па-трэцяе, спазнаючы на практыцы, у сваёй душы, што такое любоў, можна пачаць думаць, што іншыя таксама ўмеюць такое адчуваць, а гэта дае надзею на тое, што мама таксама яго любіць. Ці не праўда, вельмі светлая і ўзнёслая надзея?

Атрымліваецца, што любоў і прывязанасць да іншых даюць магчымасць вызваліцца ад страху і паверыць ва ўзаемнасць. Дык чаму ж здольнасць быць разам, здольнасць прывязвацца да іншага фармуецца не заўсёды?

Уявіце сабе, што нейкае дзіця пазбаўлена пастаяннага догляду і ўвагі мамы і людзі, ад якіх залежыць яго выжыванне, увесь час мяняюцца: часам гэта мама, але часта то адна, то другая бабуля, то адна, то другая цётка, некалькі стрыечных сясцёр, часам папераменна дзядулі, дзядзькі, браты, зрэдку тата і, наадварот, зусім нярэдка сябры і сяброўкі ўсіх вышэйпералічаных, а часам і проста суседзі. Акрамя таго, часам яго пакідаюць наогул аднаго («пакуль спіць»). У выніку як толькі дзіця пачынае ўсталёўваць адносіны з адным дарослым і крыху давяраць яму, адразу ж гэты дарослы знікае і з’яўляецца іншы. Відавочна, жыццё такога дзіцяці працякае не проста сярод вялізнай колькасці людзей, характараў і патрабаванняў, якія суправаджаюцца пастаяннымі раптоўнымі знікненнямі мамы, але ў першую чаргу ў патоку бясконцых стратаў і найперш — даверу. У гэтым выпадку логіка развіцця простая: калі стратаў і раставанняў занадта шмат, то для змяншэння болю і смутку лепш не прывязвацца ні да кога.

Так вырастаюць дарослыя, якія ўмеюць жыць з усімі побач, якія з усімі знаходзяцца ў добрых адносінах, але ні да кога не прывязваюцца. Так і жыве чалавек, давяраючы толькі сабе, спадзеючыся толькі на сябе, пакутуючы, вядома ж, пры гэтым у глыбіні душы ад неразумення, непрызнанасці, нелюбімасці і вінавацячы бліжніх у няўменні любіць.

Жанчынам крыху прасцей, бо са з’яўленнем дзіцяці яны могуць прывязацца да яго «намертва», не бянтэжачыся нават ад таго, што «задушваюць» дзіця ў сваіх абдымках. Хоць, вядома ж, могуць не прывязвацца нават да яго... Мужчыны ж спачатку накапляюць незадаволенне (не так проста быць заўсёды побач, заўсёды гледачом і не ўмець быць разам), пасля часта пачынаюць скандаліць і нечага патрабаваць, не заўсёды разумеючы, што прычынаю іх незадаволення з’яўляецца няздольнасць да каго-небудзь моцна прывязацца. А заканчваецца ўсё нярэдка алкаголем або бязладнымі адносінамі, якія «ні да чога не абавязваюць».

А як моцна дазваляеце сабе любіць вы? І якімі спосабамі стрымліваеце сваю любоў? Чаго пры гэтым асцерагаецеся? Ці шмат у вас сяброў, да якіх вы моцна прывязаныя? Ці любіце вы ад усяго сэрца сваіх сужэнцаў і дзяцей? Ці ведаюць яны пра гэта?

Ці адважыліся вы ўсёй душой прывязацца да Бога? Ну, а што вам перашкаджае зрабіць гэта цяпер? І, магчыма, боль пройдзе...


 Наталля Пан, псіхолаг
Надрукавана ў «Ave Maria», № 7-8 (184-185), 2010 г.
Ілюстрацыйнае фота: Вера Паўлава (vk.com/trita.plenka)

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла