На Блізкім Усходзе жыве каля 14,5 млн хрысціянаў

У першым паўгоддзі 2017 г. сярод 258 млн жыхароў 10-ці краінаў Блізкага Усходу жыло 14 525 880 хрысціянаў розных канфесій — гэта на 213 780 чалавек менш у параўнанні з 2010 годам. Гэтыя і многія іншыя звесткі змешчаны ў новым дакуменце-справаздачы «Супольнасці дапамогі блізкаўсходнім католікам» (CNEWA) — арганізацыі, заснаванай у 1926 г. папам Піем XI з мэтаю матэрыяльнай і душпастырскай падтрымкі хрысціянаў на Блізкім Усходзе, у Паўночна-Усходняй Афрыцы, Усходняй Еўропе і Індыі.


Гэты дакумент асвятляе становішча хрысціянаў рэгіёна ва ўмовах сацыяльна-палітычных падзеяў апошніх гадоў: войнаў у Сірыі, Іраку, а таксама з’яўлення Ісламскай дзяржавы. Гэтыя падзеі «цалкам знішчылі культуры і дзяржавы, калыску хрысціянства. Хрысціяне вымушаныя іміграваць у іншыя краіны або станавіцца бежанцамі ў суседніх дзяржавах», — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Паводле дакумента, адной з краінаў, дзе ў выніку знішчальных войнаў знізілася колькасць хрысціянаў, з’яўляецца Ірак. Калі яшчэ пад канец 90-х гадоў там жыло каля мільёна хрысціянаў, то ў 2006 г. іх было толькі 300 тысяч, а летам 2014 г., калі Ісламская дзяржава заняла Нініву, у Курдыстан і суседнія краіны (Іярданія, Турцыя і Ліван) уцякло больш за 140 тысяч хрысціянаў, 50 тысяч уцяклі яшчэ далей. Таксама і ў Сірыі, знішчанай у выніку вайны, пачынаючы з 2011 г., колькасць хрысціянаў знізілася амаль на палову: з 2,2 млн у 2010 г. да 1,1 млн у гэтым годзе.

Дакумент звяртае ўвагу на тое, што «гэты край пакінулі сотні тысяч вызнаўцаў Хрыста, але застаецца яшчэ надзея, што з надыходам чаканай стабільнасці яны вернуцца».

Краінаю з найбольшаю ў гэтым рэгіёне хрысціянскай супольнасцю з’яўляецца Егіпет, дзе жыве каля 9,5 млн коптаў. У справаздачы ўзгадваюцца і апошнія выпадкі дыскрымінацыі гэтых людзей, а менавіта 76-ці спаленых касцёлаў. У дакуменце адзначана, што з 1910 г. лічба мясцовых хрысціянаў знізілася ўдвая: з 20 да 10 адсоткаў насельніцтва. Пераслед прывёў да масавай эміграцыі коптаў, і сёння больш за ўсё іх жыве ў ЗША.

У Ізраілі жыве каля 170 тыс. вызнаўцаў Хрыста: у пераважнай большасці гэта мясцовыя арабы, якія складаюць 2,4 адсоткаў насельніцтва. Калі ў 1948 г. узнікла дзяржава Ізраэль, гэты паказчык перавышаў 20 працэнтаў. Разам з узнікненнем і ўзмацненнем ізраільска-арабскага канфлікту шмат мясцовых хрысціянаў пакінула свой айчынны край. Аднак у той жа час да мясцовых мелкітаў, праваслаўных, рыма-католікаў, армянаў і маранітаў далучыліся ў апошнія гады хрысціяне з былога СССР, якія прыехалі ў Ізраіль паводле так званага Закону аб вяртанні 1950 г.

У справаздачы CNEWA сцвярджаецца, што там жыве каля 300 тыс. хрысціянаў, у большасці праваслаўных. Ёсць там каля 60 тыс. эфіопаў, эрытрэйцаў, філіпінцаў, індыйцаў, жыхароў Цэнтральнай Амерыкі, румынаў, малдаванаў, якія пераважна з’яўляюцца хрысціянамі.

На заходнім беразе Ярдана жыве 59 тыс. вызнаўцаў Хрыста (2,5 % ад жыхароў), у той час, калі ў 2010 г. іх было каля 50 тыс. У Сектары Газа хрысціянаў усяго толькі 1,3 тыс. на 2 млн насельніцтва, а ў Іерусаліме — каля 15,8 тыс. на 870 тыс. насельніцтва.

У Іярданіі жыве каля 350 тыс. вернікаў, або каля 2,2 % насельніцтва, якое ў большасці вызнае суніцкі іслам. У сувязі з войнамі ў Сірыі і Іраку, а таксама з дзейнасцю Ісламскай дзяржавы ў 2014-2017 гадах, у Іярданію прыбыло больш за 30 тыс. іракскіх хрысціянаў, сярод якіх больш за тысячу сем’яў пазней пераехала ў Аўстралію і Канаду.

У Ліване ў 1932 г. хрысціяне, пераважна мараніты, складалі палову насельніцтва. Сёння іх там 40 %, або 2 млн, у той час, калі яшчэ ў 2010 г. іх было 2,6 млн. Паводле справаздачы, прысутнасць у краіне некалькіх сотняў тысяч бежанцаў з Сірыі, якія «ўсе працуюць за самы нізкі заробак», выклікае эміграцыю многіх ліванцаў.

Падводзячы вынікі, дырэктар CNEWA сцвярджае, што, нягледзячы на пераслед, хрысціяне гэтага рэгіёна былі заўсёды трывалымі і мужна перажывалі ўсе цяжкасці. «Хоць яны і вымушаныя былі перамяшчацца з аднаго месца ў другое, пакідаючы свае спрадвечныя месцы жыхарства, напрыклад, Антыёхію або Раўніну Нінівы, і перасяляючыся ў больш бяспечныя Багдад або Дамаск, гэтыя людзі захоўвалі сваю ідэнтычнасць, культуру, мову і традыцыі. Яны адбудоўвалі кляштары, касцёлы, школы, развіваючыся таксама і ў такі небяспечны час ідэалагічнага фанатызму і неталерантнасці», — гаворыцца ў справаздачы. Аднак у той жа час у дакуменце гаворыцца, што «ўсё больш людзей карыстаецца магчымасцю і пакідае назаўсёды гэты рэгіён», дзякуючы чаму павялічваюцца хрысціянскія супольнасці ў Амерыцы, Еўропе і Акіяніі.


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле: «Wiadomości KAI», № 32, 2017 г.

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла