Спявачка Магдалена Фрончак пра цяжкую любоў

Я ведаю, што любіць — гэта прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, а не такімі, якімі я хацела б іх бачыць (не выключаючы і самую сябе). Але я зноў і зноў наступаю на тыя самыя граблі...


Бываюць такія адносіны, якія агаляюць мае немачы і слаі тлушчу на паверхні сэрца. Некаторыя людзі ў нашай жыццёвай практыцы з’яўляюцца ўвасабленнем ўсіх страхаў. Мы павінны любіць ворагаў, цікаўных сябровак, фанабэрлівых начальнікаў, былога хлопца або былога мужа і — плюс да ўсяго — палітыкаў. Гэты жахлівы спіс можа і не быць такім доўгім, але не гэта нас найбольш турбуе. Самае горшае тое, што ён наогул існуе...

Тэкст, поўны адкрыццяў

Эмоцыі накаляюцца яшчэ і ад простай, але непрыемнай думкі пра тое, што мы ў праяўленні сваёй любові выглядаем смешна. Гэта як маленькая дзяўчынка надзявае маміны каралі і абувае высокія чырвоныя абцасы. Гэта як хлопцы, якія гуляюць з пластмасавым вадзяным пісталетам.

Мы ўсё спадзяёмся, што любоў не баліць, толькі да моманту, калі нам сустрэнецца той, хто не ўпісваецца ў нашыя магчымасці любіць. І я кажу тут не пра таксічныя адносіны ў імя вышэйшых ідэяў, а пра звычайнае існаванне з чалавекам, непадобным да цябе. З тым, з кім, мякка кажучы, не па дарозе.

Мне дапамог урывак з Бібліі, які я раней недаацэньвала. Менавіта гэтыя непрыкметныя для мяне словы аказаліся вельмі трапнымі, бо яны — пра цяжкую любоў:

«У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат». А Ён адказаў ім: «<...> Калі б вы ведалі, што азначае: „Міласэрнасці хачу, а не ахвяры“, не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату» (Мц 12, 1–8).

Мае «шабаты»

Мне здаецца, што ў кожнага і кожнай з нас ёсць такія «гарэзлівыя вучні», якія зрываюць каласы ў самы непатрэбны момант. Табе ўжо і так усё надакучыла, а тут яшчэ хтосьці пастаянна ад цябе нечага хоча. Гэта нязручна. Усяму ёсць межы.

Ёсць у нас свае «шабаты». Мы любім «ад» і «да». Гэтак яно і ёсць. Ні ў кога няма бездакорнага сэрца. У нас ёсць свае выбраныя дні, гадзіны, хвіліны, тэмы, прастора, дзе мы хочам святога супакою.

Бо як прыняць таго, хто пастаянна збівае мяне з ног? Я разводжу рукамі, а кожная мая клетка заяўляе: «Болей любові не будзе!»

Я адчуваю, што сілком у сабе я не змагу нічога змяніць. Насамрэч гэта вялікая ласка — не любіць гэтак, як у меладрамах. Абы толькі ў працэсе запуску абарончых механізмаў і змагання з самой сабою я не забылася пра тое, што прадпісанні, час або вялікія воды не знішчаць любові, што ёсць надзея. Дзякуй Богу, яна не патоне ў рэках маіх апраўданняў.

Краіна абсурду пад назваю «Міласэрнасць»

Гэты чалавек, які зрывае каласы ў наш «шабат», з’яўляецца адзіным, хто можа нас уратаваць. Ад засяроджанасці на сабе, ад святога супакою, ад самазадаволенасці. Я маю на ўвазе, што любоў цяжкая, любоў, гераізм якой заключаецца ў адмаўленні ад думкі пра помсту, у нежаданні камусьці зла, у адпрэчванні разбуральных учынкаў. Яна нагадвае нам пра тое, што нашыя магчымасці кагосьці любіць на самай справе абмежаваныя.

А можа, менавіта гэтая ноша цяжкай любові і з’яўляецца сведчаннем прыгажосці чалавецтва. Той чалавек, які заводзіць нашае жыццё так далёка, ажно да краіны абсурду, таксама мае сваё месца ў нашай гісторыі. Часам, калі зусім ужо няма сілаў, няма думак і ніякай моцы, каб штосьці вырашаць і рабіць, мы ўсё адпускаем і дазваляем «каласіцца» нашай міласэрнасці.

Дастаткова ахвяраў, дастаткова ўжо біцца галавою аб сценку. Бяссілле мае сваю прыгажосць, як зморшчаныя рукі старой жанчыны. Бяссілле паказвае нам, што калі мы апусцім рукі, настане такі момант, калі мы пойдзем туды, куды павядзе нас Дарога. Мы становімся падданымі ёй.


Магдалена Фрончак
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле gpl.aleteia.org

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла