«А вы кім лічыце Мяне?»

Дваццаць першая звычайная нядзеля, Год А (27.08.2017)

Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Яны ж сказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміем ці адным з прарокаў». Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе». Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.

(Мц 16, 13–20)

«А вы кім лічыце Мяне?»

«Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Калі падобнае пытанне: «Кім для вас з’яўляецца народжаны Марыяй у Бэтлееме Заснавальнік хрысціянства?» задаць сучасным людзям, нават не атэістам і не вызнаўцам іншых рэлігій, а непасрэдна хрысціянам, католікам у прыватнасці, то які адказ мы атрымаем? Здавалася б, мы павінны пачуць нешта накшталт вызнання святога Пятра: «Хрыстус, Сын Бога Жывога», толькі іншымі словамі: «Хрыстус, Збаўца чалавека». Аднак ці заўсёды гэтыя словы з’яўляюцца выразам сапраўдных перакананняў, якія выяўляюцца ў адносінах да Таго, пра Каго ідзе гаворка, і да Ягонай навукі? Бо, калі гэта Бог, то Яму належыць самая вялікая з магчымых пашана і пакланенне, калі Збаўца — то Яго словы павінны ўспрымацца ўсур’ёз, як адзінае правільнае кіраўніцтва ў жыцці. Але што мы назіраем у рэчаіснасці?

На жаль, шмат хрысіянаў католікаў сёння паддаецца спакусе паставіцца да Пана Езуса як да нейкага сябрука, «свайго хлопца», у прысутнасці якога можна добра пабавіцца сваёй кампаніяй. Бо як яшчэ можна зразумець спосаб служэння святой Імшы, які і знешне, і духоўна больш нагадвае таварыскую тусоўку, чым святую літургію?! Наіўна думаць, што прафанацыяй сакрамэнтальных абрадаў, прыніжэннем Боскасці і святасці Збаўцы (як і адсоўваннем Найсвяцейшага Сакрамэнту на задні план) можна некага па-сапраўднаму наблізіць да Яго! Тым больш, што дадзеная Ім самая дасканалая малітва пачынаецца просьбаю: «Свяціся Імя Тваё»! Што яна азначае, як не жаданне, каб нашыя адносіны да Бога былі прасякнутыя пакорлівасцю, павагаю, набожнасцю? І каго мы падманваем, пераконваючы, што ўсё гэта праяўляецца ў скоках каля алтара, экзальтаваных крыках або пошуках незвычайных эмацыйных станаў, якія, у лепшым выпадку, з’яўляюцца праяваю нейкай эйфарыі, чымсьці з галіны псіхалогіі, а не дзеяннем Божай ласкі? Фальш і духоўная шкода такой «набожнасці» часта пацвярджаецца непрыязнымі адносінамі яе адэптаў не толькі да тых, хто не падзяле іх энтузіязму, але і ўвогуле да традыцыйных каталіцкіх практыкаў, якія, несумненна, многім пакаленням нашых братоў і сясцёр па веры дапамаглі дайсці да Бога.

Што датычыць стаўлення да навукі Боскага Збаўцы, то і тут таксама нярэдка назіраюцца пэўны рэлятывізм і жыццё паводле сумнеўнага прынцыпу: «Калі нельга, але вельмі хочацца, то можна». «Добры Бог прабачыць», — супакойваюць сябе такія гора-хрысціяне, свядома і дабравольна парушаючы Яго запаведзі, не зважаючы нават на шматразовыя перасцярогі ў Евангеллі ад небяспекі трапіць у пекла.

Больш за тое, многія святары спрыяюць гэтаму, калі на пахаваннях замест заахвочвання родных і блізкіх нябожчыка да малітвы за яго і выпраўлення ўласнага жыцця, пачынаюць іх «суцяшаць», сцвярджаючы, што душа яго ўжо цешыцца нябесным шчасцем (нават калі зямное жыццё памерлага  дае сур’ёзныя падставы меркаваць, што ў лепшым выпадку ён заслугоўвае суровага чыстцу). Што гэта, як можа і не наўмыснае, але скажэнне Божага слова? Навука Божая вельмі канкрэтная: «так» азначае «так», «не» — «не». Любое імкненне злагодзіць, зацямніць яе шматзначнымі выразамі — нават з добраю мэтаю («каб некага не адштурхнуць») можа прывесці да трагедыі, калі многім нават у галаву не прыйдзе паспрабаваць развязаць тое, што павінна быць развязана на зямлі, перш, чым мы станем перад абліччам Бога ў вечнасці…  


Айцец Міхал Ермашкевіч OP


Глядзіце яшчэ разважанні на Дваццаць першую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Міхал Ермашкевіч OP «Брамы пякельныя не перамогуць яго...»
айцец Віталь Сапега ОР «Езус у маім жыцці»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла