Слядамі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі

Да ракаўскай парафіі належыць хутар Алешкі, Алешкі Новыя (цяпер в. Кісялі Валожынскага раёна Мінскай вобласці), дзе жылі сваякі благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі: дзед Тадэвуш Сапоцька (1790–1864), бабуля — Караліна Сапоцька (1804–1864), бацька — Вікенцій, маці — Эмілія і іншыя сваякі якія належалі да ракаўскай парафіі. Гэта неаспрэчны факт, бо маецца фотаздымак з пахавання маці святара на Ракаўскіх каталіцкіх могілках, каля капліцы св. Ганны, пабудаваннай Здзяхоўскім. Пры труне стаіць ксёндз Міхал Сапоцька у сутане. Знаходзячыся у ракаўскай парафіі, я даведаўся, што была спроба адшукаць магілы родных і сваякоў благаслаўлёнага ксяндза М. Сапоцькі. Магілы маці і бацькі пакуль не знойдзены, а вось адразу за капліцаю пахаваныя бацькавыя бацькі святара — Тадэвуш і Караліна Сапоцькі.

Апісанне надгробка:

 

KAROLINA SAPOCKOWA
1804
29.11.1864 г.

TADEUSZ SAPOCKO
1790
26.11.1864 г.

Надмагільны надпіс:

 

TU SPOCZYWA
KAROLINA SAPOCKOWA
ZYLA LAT 60 UM.
W 1864 ROKU
LISTOPADA 29 D.
PROSAC 3 ZDROWAS
MARYIA
TU SPOCZYWA
TADEUSZ SAPOCKO
ZYL LAT 74 UM.
W 1864 ROKU
LISTOPADA 26 D.
PROSAC 3 ZDROWAS
MARYIA

Апісанне надмагілля:

нагробак з шэрага граніта стаіць вертыкальна, нахілены. Тэхніка ўрэзкі мастацкая па выкананні, літары прапісныя. Прозвішчы пададзеныя ў мясцовай ліцвінскай транскрыпцыі, праз «а» без мягкага «с», без рыскі, «SAPOCKO». Пазней прозвішча змянілі пад уплывам расейскай транскрыпцыі на «СОПОЦЬКО», у беларусаў ад слова «сапець» «сап». Адметнае мясцовае «PROSAC». Вакол крыжа, размешчанага на нагробку па сярэдзіне, зверху выбітыя з левага і правага боку выявы галінак з трыма лаўравымі лісткамі, сімвалам гераізму.

Каардынаты месца знаходжання: 53*57.57/27*4.9.

Сімвал гераізму схіляе да думкі, што смерць была трагічнаю, пакутнаю, і звязана яна з лістападаўскім паўстаннем 1963 года, бо роўна праз год, у лістападзе, дзядоў благаслаўлёнага кс. М. Сапоцькі не стала. Гэты час быў завяршальным у знішчэнні царскімі карнікамі ўдзельнікаў і спачуваючых паўстанню, пра што сведчаць шматлікія факты з гісторыі Беларусі і Літвы. У сувязі з пададзенымі фактамі, хацелася б спаслацца на праватныя дакументы, адкапіяваныя з арыгінала, што знаходзіцца ў прыватных зборах ракаўскіх жыхароў.
У першым дакуменце ад 30.07.1888 г. падаецца гісторыя фальварка «Алешкі». 11.08.1938 г. яго набыў бацька кампазітара Міхала Грушвіцкага — Рудольф. Вышэй пра аднаго з Грушвіцкіх згадваецца ў рапарце ад 22.03.1904 г., пададзенага ўладам у сувязі з ахвяраваннем грошай на будаванне ракаўскага касцёла
30.07.1888 г. фальварак быў прададзены ад імя Рудольфа Грушвіцкага яго сынам Міхалам, які дзейнічаў па даверанасці ад 22.08.1987 г., Юстыну Іванавічу Русецкаму.

У другім дакуменце дадаюцца яшчэ і прозвішчы суседзяў: «Во владение имуществом фольварком «Олешки» вступил Иосиф Устинович Русецкий, Иван Устинович Русецкий. При вводе во владение находились свидетели: смежные владельцы жители застенка Олешки Владислав Викентьевич Менжинский. Владелец собственник  фольварка Олешки Новые Иосиф Бонавентурович Сапоцька, о за них не грамотных, по личной их просьбе и за себя расписался житель фольварка Малые Кисельки Петр Герасимович Тышкевич».

Аналізуючы дакумент, бачым, што Іосіф Банавентуравіч Сапоцька выдае сябе за непісьменнага, але гэта малаверагодна, бо Сапоцькі мелі шляхецкае паходжанне. На самай справе гэта хутчэй выглядае як нежаданне супрацоўнічаць з новай акупацыйнай уладаю і падпісвацца, карыстаючыся яе моваю.
Трэці дакумент самы цікавы, бо перадае гісторыю пераходу фальварка Алешкі дачцы гаспадара Яўгеніі і зяцю Лаўрэнцію (Ваўжынцу) Бойку. Пісаў дакумент Вінкенці Сапоцька (хутчэй, не бацька кс. Міхала, бо той меў бы ўжо 100 гадоў, але дакладна сваяк), па просьбе суседа ў двух экзэмплярах. Прааналізаваўшы почырк, можна сцвярджаць, што тэкст з прысутных падпісантаў пісаў менавіта Вікенцій Сапоцька, па характэрным «В» загалоўным у подпісе і тэксце.

Сын Лаўрэнція Бойкі — Уладзімір Лаўрэнцьевіч Бойка (11.11.1933–30.03.2013) пражыў у фальварку Алешкі ( хутар Алешкі, які прыблізна з 1946 г. далучылі да вескі Кісялі) і перадаў дакументы ў арыгінале свайму знаёмаму ў Ракаве. Ён расказаў, што яны былі суседзямі (хутар Сапоцькаў знаходзіўся побач) і паказаў месца, якое называлі «Белым домам», бо ён быў мураваны. Пасля вайны, «за саветамі», «Белы дом» зруйнавалі, бо ўлада не магла яго перавезці ці скарыстаць. Уладзімір Лаўрэнцьевіч Бойка апавядаў, што начаваў у Сапоцькаў на суседнім хутары неаднаразова, бо сусед быў католікам, а таксама ўсе ведалі, што да іх прыязджаў кс. Міхал Сапоцька, які жыве ў Польшчы. Бацька Лаўрэнці (Ваўжынец) Бойка казаў суседзям, каб ехалі ў Польшчу. Што з імі здарылася падчас вайны, ён не ведаў: казаў, што можа, з’ехалі ў Польшчу...

Сабраны матэрыял можа паспрыяць высвятленню новых фактаў з жыцця благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, падштурхнуць даследчыкаў, духоўных асобаў, валанцёраў адшукаць надгробак маці благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, якая дакладна пахаваная на Ракаўскіх каталіцкіх могілках, сабраць больш падрабязны матэрыял аб жыцці, смерці і месцы пахавання бацькі.

Улічваючы што культ Божай Міласэрнасці меў значны уплыў на духоўнае развіццё ўсяго свету, трэба захаваць гэтыя могілкі як комплекс. На жаль, работы па новых пахаваннях ставяць пад пагрозу знішчэння гэты цікавы аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны і аддаляюць перспектывы адшукаць магілы бацькоў благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Ацалелыя надмагіллі з'яўляюцца важнаю крыніцаю па даследаванні генеалогіі, гісторыі мовы, гістарычнай антрапанімікі.

Калі ў 1915 г. клерык Міхал Сапоцька вярнуўся да хаты і хаваў на парафіяльных могілках маці, то верагодна, што хата — гэта і ёсць хутар Алешкі Новыя, побач з хутарам Алешкі. І задача здаецца, з аднаго боку, складанаю, а з другога — вельмі простаю. Навошта шукаць нейкую невядомую, у невядомай мясцовасці, парафіі хату, калі ёсць дакументальныя ўзгадкі, пададзеныя ў гэтай рабоце, і згадкі сведкі, на жаль, адышоўшага, пра «Белы дом» — хутар Сапоцькаў надалека ад в. Кісялі Валожынскага района Мінскай вобласці. Ёсць і больш-менш дакладнае месца, дзе хутар Алешкі Новыя знаходзіўся, і яго няцяжка знайсці, выправіўшыся ў экспедыцыю, распытаўшы людзей, якія жывуць побач.

Складана аднавіць імёны, даты нараджэння і смерці ўладальнікаў хутара Сапоцькаў: хто яго набываў, атрымліваў у спадчыну, хто сумесна пражываў? Але і ў гэтым могуць дапамагчы архівы. На сённяшні дзень вельмі мала інфармацыі пра дзяцінства кс. Міхала Сапоцькі, пра яго бацькоў, дзядоў і радню на Беларусі, пра родную парафію. Думаю, асабліва беларусам, як і палякам, любая інфармацыя пра гэты перыяд жыцця святара дапаможа пашырыць культ Божай Міласэрнасці праз шанаванне, наведванне памятных месцаў, у тым ліку ракаўскай капліцы св. Ганны.


Клерык Сяргей Матус, Валожын
Фота : К. Шастоўскі

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла