Пілігрымка Мінск-Будслаў, 2017 (фотаўспаміны)

Адгучалі пілігрымскія спевы, мазалі пачалі зажываць, а карыматы і спальнікі мірна сабе ляжаць у кутку, чакаючы свайго «зорнага часу» (не ва ўсіх, вядома, але ўсё наперадзе). Розныя ўражанні і розныя ўспаміны застануцца з сёлетняга пілігрымавання да Маці Божай Будслаўскай, якая сабрала каля сябе 21 пешую пілігрымку з розных куткоў нашай краіны. Прапаноўваем яшчэ раз узгадаць імгненні гэтага падарожжа і перамясціцца ў перадапошні дзень пілігрымкі Мінск-Будслаў.

Сталічныя пілігрымы ў гэтым годзе прайшлі 5 дзён шляху пад кіраўніцтвам кс. Паўла Трона. Мінская каманда стартавала з архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і спынялася ў Вішнёўцы, Калачах, Альковічах і Даўгінаве.

Да пілігрымаў у гэтым годзе мне пашчасціла вырвацца ў чацвёрты дзень, калі яны крочылі да вёскі Даўгінава. Патрапіўшы якраз на канферэнцыю кс. Кірыла Бардонава на тэму споведзі, злавіла сябе на думцы, што вельмі не хапала такога духоўнага пасілку. Вельмі дарэчы быў таксама ружанец і Вяночак да Божай Міласэрнасці. І канешне ж, песні, пілігрымкавыя песні, у топе якіх для мяне, вядома, хітовая «Вольная воля».

Шыкоўны стол з пачастункамі ад жанчын з вёскі Каменна, палявая кухня і яе мэтры на чале з кухарам Паўлам, каранацыя і віншаванні кіраўніка пілігрымкі кс. Паўла Трона і «ўсіх Пятроў і Паўлаў» у дзень імянінаў, навальніца, якая так і не пачалася, але кружыла вакол… Усё гэта і не толькі глядзіце далей у фотарэпартажы ад «Ave Maria» і натхняйцеся на новыя духоўныя падарожжы да шматлікіх санктуарыяў нашай прыгожай і непаўторнай Беларусі!

Марына Валасар
Фота аўтара

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла