Фэст святой Ядвігі ў айцоў дамініканаў

16 ліпеня ў парафіі святых Казіміра і Ядвігі ў Магілёве адбылася ўзнёслая ўрачыстасць, якую падрыхтавалі айцы дамінікане, гаспадары гэтай парафіі.


Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Яго Эксцэленцыя  Аляксандр Яшэўскі. Гамілію прамовіў а. Павел Мажэйка ОР, які, звяртаючыся да св. Ядвігі (яе рэліквіі знаходзяцца ў капліцы айцоў дамініканаў), прыгожа разважаў пра актуальнасць жыцця і сведчання веры гэтай мудрай і адданай Божай волі святой каралевы.

Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр звярнуў увагу вернікаў на актуальнасць прыкладу жыцця св. Ядвігі, на яе мужны выбар дзеля пашырэння хрысціянскай веры на нашых землях, заклікаючы прысутных таксама чуйна прыслухоўвацца да Божага голасу ў сваёй душы і рабіць заўсёды выбар, якога чакае ад нас Бог.

Пасля святой Імшы адбылася літаратурна-музычная імпрэза, якую сваім выкананнем класічных твораў аздобілі мясцовыя гітарысты і таленавітыя парафіяне.

З цікавасцю было ўспрынята прысутнымі выступленне Крыстыны Лялько, галоўнага рэдактара часопісаў “Ave Maria” і “Наша вера”, паэткі і перакладчыцы, якая прачытала вершы са сваёй новай кнігі. Радаснаю і прыемнаю неспадзяванкаю для ўсіх удзельнікаў урачыстасці сталася выступленне пробашча гэтай парафіі айца Рамана Шульца ОР. Ён выканаў тры песні на вершы Крыстыны Лялько – “Трывожны сон ці прыпамін…”, “На сваёй радзіме, на хутары…” і “Вечныя кросны”, да якіх сам напісаў музыку.

 Download (3Мб)

Светлая, арыгінальная музыка і натхнёнае выкананне айца Рамана захапілі ўсіх прысутных, і многія напявалі ягоныя мелодыі і пры сяброўскай гарбаце, якою завяршылася гэтае па-сямейнаму цёплае і прыгожае свята.


Тэрэза Хадзюкевіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла