«Ружы рознага колеру...» 6 гадоў са дня смерці кардынала Казіміра Свёнтка

21 ліпеня, 6 гадоў назад, адышоў у вечнасць першы кардынал у Беларусі Казімір Свёнтэк. З гэтай нагоды публікуем размову Крыстыны Лялько з кардыналам «Ружы рознага колеру...» з нагоды 70-годдзя яго святарства, якая была надрукавана ў часопісе «Наша вера», № 3, 2009 г. Яшчэ болей артыкулаў, развітальных словаў і ўспамінаў пра кардынала чытайце ў спецвыпуску часопіса «Ave Maria», квартальніку «Наша вера» за 2011 г. і на нашым сайце. Заахвочваем таксама да малітвы за душу гэтага цудоўнага пастыра беларускага народа! Вечны адпачынак дай яму, Пане...


РУЖЫ РОЗНАГА КОЛЕРУ...

Напрыканцы лета Яго Эмінэнцыя знайшоў час і ласкава згадзіўся адказаць на некаторыя пытанні для квартальніка «Наша вера». Рыхтуючыся да гэтай размовы, я натрапіла на ранейшую нашу гутарку, якая была апублікавана ў часопісе «Ave Maria» пяць гадоў назад. Памятаю, як тады на мае словы пра тое, што на яго  святарскім і жыццёвым шляху было больш церняў, чым ружаў, Яго Эмінэнцыя адказаў пытаннем: «Чаму вы лічыце, што гэта былі церні? Гэта былі ружы...» І, бачачы маё здзіўленне, рашуча сцвердзіў: «Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру — белыя, жоўтыя і, зразумела, чырвоныя. Але ўсё роўна гэта ружы!» 

«А камера смерці, а дзесяць гадоў ГУЛАГу?» — па­спрабавала я тады абгрунтаваць логіку свайго пытання і пачула ў адказ: «Я не разумею такога ўспрымання, такога размежавання паняццяў. Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смерці, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці... І ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне волі Божай. І там — ружа, і тут. Толькі колер у іх розны...»

На гэты раз я пазбягала пытаць у Яго Эмінэнцыі пра церні і размова вялася найбольш пра ружы... Толькі рознага колеру...

— Ваша Эмінэнцыя, 5 ліпеня ў Тракелях пасля каранацыі абраза Маці Божай Вы сказалі, што заўсёды былі шчаслівы, нават у самыя цяжкія і пакутлівыя хвіліны жыццёвых вы­прабаванняў, якіх у Вашым жыц­ці, як вядома, было нямала. У чым заключаецца сакрэт гэтага шчасця?

— Вы ўжылі словы «сакрэт шчасця». Аднак я крыху не пагаджуся з такім азначэннем. Гэта не сакрэт, а сапраўдная, рэальная і бачная рэчаіснасць усяго майго жыцця, якое да драбніцаў падпарадкавана кіраванню Божага Провіду. Біблійныя словы пра тое, што ў чалавека і волас з галавы не ўпадзе без Божай волі, заўсёды спраўджваліся ў маім жыц­ці, нават у самых складаных сітуацыях. Вось некалькі пры­к­ладаў інтэрвенцыі Божага Провіду ў найбольш крытычныя дні майго жыцця: проста цудоўнае ўхіленне ад смерці, калі дызентэрыя цалкам зні­­шчыла мой арганізм у вязніцы ў Оршы. Я тады ўжо паміраў... Затым, калі напад гітлераўскіх войскаў на Савецкі Саюз выратаваў мяне ад расстрэлу па прысудзе НКУС у Брэсце, а ўва­ход савецкіх войскаў у 1944 годзе ў Пружаны апярэдзіў мой расстрэл па зага­дзе гестапа: пад ранак мяне збіраліся вывесці ў лес і расстраляць... А пасля перад самым вызваленнем з ГУЛАГу маёр кадэбіст спытаўся: «Як Вам удалося ўсё гэта перажыць і застацца жывым?» Мне ж было выразна даведзена ў час следства: «На цябе шкада кулі, а прысуд так ці інакш будзе выкананы, калі цябе кінуць у лагер, адкуль ты жывы не выйдзеш». Дык вось, на пытанне маёра я адказаў коратка: «Моцная, непахісная вера выратавала мне жыццё». І тады кадэбіст надоўга задумаўся: што са мною рабіць?.. Яму была дадзена інструкцыя не выпусціць мяне з лагеру жывым. Чым растлумачыць тое, што ён змяніў сваё рашэнне, парушыў гэтую інструкцыю? Пасля доўгага роздуму маёр усміхнуўся (гэта была першая ўсмешка кадэбіста за ўсе дзесяць гадоў майго зняволення) і сказаў, падпісваючы паперы: «Вы — свабодны». Ён жа мог паступіць зусім інакш... 

І так было ўсё маё доўгае жыццё, прысвечанае Богу і Касцёлу. Гэта  менавіта шчаслівая прыгода, бо я ведаю, Каму паверыў і Каму даверыўся. Прыгоду гэтую я апісаў бы словамі з песні «Barka» («Пакліканне»): «О Езус, клічаш Ты за сабою, сёння імя маё ціха прамовіў». Вось мой «сакрэт шчасця».

— А позірк Пана Бога, Яго пакліканне Вы ўпершыню адчулі менавіта ў крыпце каля труны біскупа Лазінскага? Ці гэта адбылося яшчэ раней? Ці не была Ваша душа падрыхтаваная ўжо да гэтага «імпульсу» ад біскупа Лазінскага?

— Я да сённяшняга дня да драбніцаў памятаю здарэнне, якое адбылося са мною, калі мне было шэсць гадоў. Гэта было яшчэ ў Дукштах. Аднойчы мама прывяла мяне ў касцёл. Пасля ўрачыстай Імшы была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і суплікацыя «Святы Божа...». Я стаяў на каленях... Да сённяшняга дня не магу зразумець, што са мною тады здарылася: я гля­дзеў на ксяндза, з ксяндза перавёў позірк на манстранцыю, з манстранцыі — на... постаць. Я не хачу сказаць, што меў нейкае аб’яўленне. Занадта рэальнае маё жыццё. Але там я адчуў першы позірк Бога...  

Ведаеце, калі аднойчы Бог кагосьці зачапіў, то ўжо не адпусціць... Каля труны біскупа Лазінскага я выказаў просьбу заўсёды быць верным слугою Бога... І ён выслухаў мяне даслоўна... Калі я выходзіў з падзямелля пінскай катэдры ў тым далёкім 1933-м, то ўжо ведаў, што стану святаром. Дагэтуль я збіраўся паступаць на філалагічны факультэт у Вілен­­­скі універсітэт, але ўва мне раптам адбыўся нейкі пералом. Я сказаў сваім сябрам: «Я ў Вільню не паеду...» Але паколькі я тады быў вялікім жартаўніком, то сябры ўспрынялі гэта як чарговы жарт: «А куды ж, дазволь спытаць?..» «Я еду ў Пінскую семінарыю», — адказаў я. Для іх гэта быў апошні і найлепшы анекдот, мне пляскалі ў ладкі... А я вярнуўся дадому і ў той жа дзень напісаў заяву ў семінарыю і быў прыняты «ў выглядзе выключэння», бо тэрмін прыёму ўжо скончыўся. Чаму было зроблена тое «выключэнне»? Далей — болей. 

Праз два тыдні я раптам захварэў: у мяне пачаўся моцны задушлівы кашаль... Доктар патлумачыў, што для мяне шкодны палескі клімат: «Калі хочаш быць здаровы, ужо сёння павінен выехаць з Пінска. Бяры білет і вяртайся ў Баранавічы», — і выпісаў даведку. У семінарыі мне сказалі: «Нам хворыя не патрэбны...» Я вымушаны быў забраць дакументы і вярнуцца дадому. Праз пару тыдняў хатняга лячэння вярнуўся ў Пінск з тою лекарскаю даведкаю і пайшоў проста да труны біскупа Лазін­скага. Укленчыў і кажу: «Ксенжа біскупе, гэта ж ты мяне скіраваў у семінарыю... І што мне цяпер рабіць?» Памаліўся каля труны «Ойча наш...», зноў пайшоў да доктара і кажу яму: «Напэўна, вы мяне памятаеце? Я два тыдні таму быў у Вас». А той здзіўлена:  «Чаго ж ты прыехаў?» — «Пане доктар, я маю да Вас адну просьбу: абследуйце мяне яшчэ раз». — «Ну, добра...» І вось, абследаваўшы мяне, ён пытаецца: «Гэ­та ты Свёнтэк Казімір?.. Мо­жа, ты кагосьці іншага падста­віў?..» — «Не, гэта я». — «Але таго, што напісана ў тваёй даведцы, сёння абсалютна няма! Лёгкія чыстыя!»

Я на крылах паляцеў у семінарыю да рэктара. Стукаю ў дзверы, ён выходзіць: «Чым магу дапамагчы?» Я расказаў яму пра тое, што зноў быў у доктара, і паказаў новую даведку. Моцна здзівіўшыся, ён кажа: «А колькі ты заплаціў таму доктару?» Уяўляеце? Біс­куп Лазінскі вымучыў мяне да апошняга пазногця! «Не, нічога я не плаціў, — кажу, — у мяне ёсць толькі адзін аргумент...» І распавёў яму пра тое, што перад візітам да доктара я хадзіў да труны біскупа Лазінскага. «Слухай... — кажа мне рэктар. — Ідзі ў свой пакой і працягвай падрыхтоўку да свя­тарства...» Ён вельмі шанаваў біскупа Лазінскага. 

Гэтыя жыццёвыя падрабязнасці — наглядны доказ дзеяння Божага Провіду ўжо на самым пачатку майго святарства.

— Ваша Эмінэнцыя, а што для Вас найдаражэйшае, што самае галоўнае ў святарстве?

— На адной з сустрэчаў са святарамі Ян Павел ІІ сказаў такія словы: «Галоўная місія святарства заключаецца ў Эўхарыстыі. Ваша і мая самасвядомасць раз і назаўсёды вызначана ў цэлебрацыі Эўхарыстыі». Калі я задумаўся над гэтымі словамі і над тым, што для мяне стаіць на першым плане ў святарстве і што ады­грывае ў ім галоўную ролю, то прыйшоў да высновы, што гэта, відавочна, Эўхарыстыя, святая Імша — святая Камунія і святая эўхарыстычная адарацыя... Прашу мне паверыць: я знешне ўтаймоўваю сябе, каб гэтага не было відаць, але на працягу сямідзесяці гадоў, калі я цэлебрую святую Імшу і пры вымаўленні словаў кансэкрацыі бяру ў рукі Гостыю і келіх, кожны раз у мяне дрыжыць голас, дрыжаць рукі... Бог Айцец дае нам прабачэнне, і чалавецтва збаўляецца. Бяда была б свету, калі б не было святой Імшы! Падчас святой Імшы мне як святару першаму дадзена карыстацца ахвярнымі дарамі, пераўтворанымі ў Цела і Кроў Езуса Хрыста. Які прывілей! А як жа міла адараваць «Вязня Любові» (гэта маё любімае азначэнне), прысутнага ў Касцёле ў табэрнакулюме! Падчас адарацыі я не размаўляю, у мяне проста няма словаў... Я кленчу, гляджу на табэрнакулюм — і са мною на свой Боскі лад размаўляе Езус Хрыстус. Гэта падобна да таго, што было са мною ў шасцігадовым узросце, у тым згаданым эпізо­дзе. Толькі яно паўтараецца, паўтараецца і паўтараецца... Я перакананы, што, калі настане канец майго жыцця, гэта будзе апошні акт падобнай сустрэчы з Богам.

— Ваша Эмінэнцыя, адкуль у Вас такая моцная, сапраўды непахісная вера? 

— Яна ад Бога! Гэтую веру мне дае Бог! Таму часцей за ўсё я паўтараю: «Chwała i dziękczynienie bądź w każdym mo­mencie Jezusowi w Najświętszym, Boskim sakramencie...» («Хвала і праслаўленне будзь у кожным моманце Езусу ў Найсвяцейшым, Божым Сакрамэнце»).

— А якія месцы цэлебрацыі Эўхарыстыі для Вас найбольш памятныя?

— Можа, гэта будзе вельмі нечакана, але найперш тыя святыя Імшы, якія я цэлебраваў у савецкіх лагерах. Пасля таго, як я нарэшцэ атрымаў ка­муніканты — аплатак, пры­­сланы на Божае Нараджэнне, і крыху разынак, якія размочваў у бутэлечцы, — я спрабаваў цэлебраваць Эўхарыстыю... Зразумела, рабіў гэта пакрыёма, калі ўсе ў бараку клаліся спаць. Тэкст святой Імшы я памятаў, бо  штодня яго паўтараў... Гэта збаўляла і давала сілы... А ведаеце, што было пушкаю для камунікантаў? Пусты карабок ад запалкаў... Такія Імшы памятаюцца ўсё жыццё...

— Ваша Эмінэнцыя, 15 жніў­ня ў Пружанах Вы сказалі, што хоць на працягу 70 гадоў з’яўляецеся святаром, але не асмеліцеся сцвярджаць, што да канца зразумелі таямніцу па­клікання да святарства...

— Сапраўды, не асмелюся. Я адчуў праявы гэтага святарства. Яно становіцца відочным, калі я кансэкрую, удзяляю разграшэнне і гэтак далей. Але часам я як бы чую: «А хто ты? Хто даў табе святар­скую ўладу?» І стараюся ўсвядоміць, што я ўдзельнічаю ў адвечным святарстве Хрыста. Адвечны Святар — Хрыстус Пан. І кожны святар, кожны ксёндз, калі ён хоча зразумець, хто ён, павінен ведаць, што ён толькі ўдзельнічае ў гэтым святарстве Хрыста. Тут няма чалавечага фактару... І калі я такім чынам падыходжу да таямніцы святарства, то тады супакойваюся. Я толькі рэалізую пэўную частку гэтага адвечнага святарства Хрыста, як «alter Christus»...

— Святы Ян Віянэй сказаў: «Ах, які ж вялікі святар! Калі б ён зразумеў сябе, то памёр бы... Бог паслухмяны яму: ён вымаўляе два словы, і на яго голас наш Пан сыходзіць з неба і ўцелаўляецца ў маленькай Гостыі». Можа, Вы хацелі б падзяліцца сваім перажываннем гэтай велічы ў жыцці святара — паслухмянасці Бога.

— Пабожны святар Алье напісаў: «Бог учыніў для Касцёла два цуды: Найсвяцейшую Панну Марыю і святара. Яму гэта ўдалося!» Слуга Божы Ян Павел ІІ уклаў у вусны Хрыста такія словы, звернутыя да святара: «Мне па­трэбны твае ру­кі, каб блага­слаўляць далей. Мне патрэбны твае вусны, каб не перастаць гаварыць. Мне патрэбна тваё цела, каб не перастаць цярпець. Мне патрэбна тваё сэрца, каб магчы лю­біць. Ты па­трэбны мне, каб я мог збаўляць далей».

— Гэтак прыгожа і вобразна мог сказаць не толькі тэолаг, але і паэт...

— Што ж датычыць мяне, то я перажываю святарства дваяка. З аднаго боку, я адчуваю сваю абсалютную нявартасць у выкананні справаў, якія вы­ні­каюць з велічы святарства. Але адначасова я адчуваю ў са­­­­­бе звышчалавечую годнасць святарства, асабліва тады, ка­лі пакорна кленчу перад Адвечным Святаром — Езусам Хрыстом.

— Хочацца яшчэ раз звярнуцца да Яна Віянэя, які напісаў: «Мой сакрэт просты: даваць усё і нічога не мець для сябе». А які сакрэт або дэвіз Вашага святарства, Эмінэнцыя?

— У пэўнай ступені сакрэтам майго святарства з’яўляецца маё стаўленне да матэрыяльных справаў. Маё жыццё з дзяцінства, а таксама ў школьныя і юнацкія гады праходзіла ў беднасці. А часта — у край­нім убостве, бо не хапала нават хлеба. Умовы майго існавання падчас дзесяці гадоў зняволення ў савецкіх вязніцах і карных лагерах яшчэ больш сфармавалі ўва мне негатыўнае стаўленне да дабрабыту і выгодаў. Пасля вяртання з ГУЛАГу я адразу ўнёс гэты жыццёвы досвед у стыль свайго бытавання і зусім адмовіўся ад дабрабыту і выгодаў у сваім штодзённым жыцці. Для вы­звалення ад усялякага матэрыяльнага цяжару я пасяліўся ў невялікім драўляным доме ў Пінску, адмовіўшыся ад пастаяннага пражывання — ужо як біскуп — у пабудаваных мною элегантных рэзідэнцыях арцыбіскупа Мітрапаліта ў Мінску і Апостальскага Адміністратара ў Пінску. Усялякія жыллёвыя патрабаванні і пераборлівасць у ежы я аднёс бы да сваіх уласных цяжкіх грахоў, памятаючы лагерныя баракі і славутую баланду. У якасці кампенсацыі ад Бога за пэўныя адрачэнні я меў і маю маг­чы­масць захапляцца прыгажосцю прыроды Палесся. 

— Вы апярэдзілі маё пытанне: што Вас найбольш захапляе ў гэтым жыцці, што Вам найбольш падабаецца?

— Ад мяне нічога задарма... (Смяецца.) Але і Бог не жмінда: захапляйся прыродаю... Вый­дзі на ўзлесак, на балота... Пераначуй у стозе сена... Няхай цябе пакусаюць камары... Я жыў гэтым дзясяткі гадоў... Выправы з сабакам Асам на лодцы, начлегі каля ракі... Юш­ка з чыгунка... А такавання глушцоў не заменіць ніякі самы ўрачысты канцэрт!

— Кажуць, каб пачуць такаванне глушцоў, тым больш, каб іх убачыць, трэба адмыслова падпільнаваць птушак і загадзя прытаіцца ў цішы?..

— Так, трэба «ўтаямнічыцца»... Чалавек часта слухае гукі прыроды, але не чуе іх, не адчувае... У прыродзе ёсць столькі з’яваў, якія знаходзяцца каля нас, праходзяць праз нас, але мы іх не адчуваем, не разумеем і не можам выкарыстаць... Навука даследуе, пазнае прыроду, але мы ніколі не спазнаем яе да канца, ніколі не зраўняемся з Богам... Інакш бы Бог перастаў быць Богам... Мы сталі б бажкамі... Тады б усё рухнула, як карткавы дамок...

— Але ж у Кнізе Быцця сказана: «Напаўняйце зямлю і валодайце ёю...»

— Так, валодайце, але да канца свету чалавек будзе спра­баваць падпарадкаваць яе сабе і не падпарадкуе...

— «Калі я калісьці стану святою, то стану ёю ад „цемры“», — напісала Маці Тэрэза з Калькуты ў адным са сваіх лістоў. Вядома, што і яна, і многія іншыя благаслаўлёныя і святыя праходзілі праз гэты стан „цемры“, сумненняў і нават страты веры... Ці здаралася штосьці падобнае ў Вашым жыцці?

— Сапраўды, не толькі Ма­ці Тэрэза. Святы Ян ад Крыжа характарызаваў такі стан як «уваход у ноч веры, падчас якой ачышчаецца душа». А мая любімая святая, Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, казала: «Трэба самому прайсці праз гэты змрочны тунэль, каб зразумець, што значыць цемра». На працягу ўсяго свайго жыцця, асабліва за гэтыя семдзесят гадоў святарства, я ніколі не спазнаваў такога стаўлення да Бога, ніколі не праходзіў праз «змрочны тунэль» і не перажываў «ночы веры»... Я не бяруся ацэньваць адсутнасць вышэйзгаданых з’яваў на маім шляху веры... Я проста вельмі ўдзячны Богу за шчас­лівы ўнутраны спакой у маёй душы ў такой важнай справе як вера ў Яго і маю толькі маленькую просьбу да Бога: «І да старасці не пакінь мяне, Бо­жа» (пар. Пс. 70, 18).

— Няўжо нават у ГУЛАГу, у тых нялюдскіх цяжкіх умовах, ніколі не ўзнікала, як у старазапаветнага Ёва, пытанне: «За што мне гэтае цярпенне?» Няўжо не ўзнікала жадання паспрачацца з Богам ці хоць бы паскардзіцца, сказаць Богу, як прарок Ерамія: «Ведай, што дзеля Цябе цярплю прыніжэнне»?

— Калі я, ужо зняволены, ляжаў у Оршы хворы на дызентэрыю... пад галавою ў мя­не быў маленькі клуначак... Я думаў: «Пане Божа... Так, жыц­цё павінна скончыцца... Але чаму тут, у гэтай Оршы?.. Ніхто нават не будзе ведаць, дзе той пружанскі ксёндз памёр...» Уявіце сабе, раптам у гэты ж момант я чую, як хтосьці хо­дзіць сярод хворых і пытаецца: «У кого есть простыня?..» У Пружанах, на плябаніі, калі мяне другі раз забіралі, сястра ксяндза пробашча збірала мя­не ў дарогу і дала з сабою добрыя выпрасаваныя прасціны... Я яшчэ абураўся: «Навошта яны? Мяне ж адпраўляюць у вязніцу...» А кадэбіст, які прысутнічаў пры гэтым, кажа (відаць, Божы Провід ім так скіраваў): «Да бери, пригодится». І вось там, у Оршы, у мяне ўсё прапала, а пад галавою ў клуначку была толькі адна прасціна. Божы Провід умее жартаваць напоўніцу... Чалавек, які шукаў прасціну, быў доктарам. Ён паглядзеў, спытаў маё імя, прозвішча, імя па бацьку... Мяне вынеслі з тым клуначкам... Бачу — ста­іць той доктар у белым халаце і кажа: «Это я ищу себе простыню». Я не мог сам стаяць і мяне трымалі за рукі, а калі адпусцілі, то я ўпаў і пачуў голас: «Врачи, посмотрите... Живой труп... Покажите вашу простыню...» Гэты доктар зрабіў мне ўколы для падтрымкі і ска­­заў: «Будете жить». Ён нават даў мне 60 рублёў за тую прасціну...

І няхай мне цяпер хто-небудзь скажа, што не трэба верыць у Божы Провід! Па-першае, чаму той кадэбіст мне сказаў: «Да бери, пригодится»? Па-другое, чаму акурат у тую камеру, дзе быў я, увайшлі шукаць прасціну і акурат у мяне знайшлі яе? І чаму ў мяне ўсё ўкралі, а засталася толькі адна прасціна? Хто гэтым кіраваў? Хто рэжысіраваў?..

— Усё Той жа Вялікі Рэжысёр!..

— Менавіта. Дык якія тут могуць быць скаргі і спрэчкі з Богам?

— Святы Францішак калісьці сказаў, што «любоў нелюбімая ў гэтым свеце». А святы Максімільян Марыя Кольбэ гаварыў, што Хрыстус не толькі хацеў нас збавіць, але і хацеў паказаць нам «бязмежнасць сваёй любові». Аднак чаму да сённяшняга дня любоў застаецца такою нелюбімаю і нават  непатрэбнаю гэтаму свету?

«І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16) — гэта галоўная аксіёма нашай хрысціянскай веры, асноўны змест Добрай Навіны — Евангелля Хрыста. У сучасным свеце, напоўненым эгаізмам, злосцю, нянавісцю, матэрыяльным разлікам, ужо не стае месца для сапраўднай любові, а значыць і для дабрыні, сардэчнасці, зычлівасці, згоды, міласэрнасці... Сумныя словы святога Францішка пра тое, што «любоў нелюбімая ў гэтым свеце», на жаль, сёння асабліва актуальныя. Менавіта Касцёл, а ў ім святары павін­ны ўсё больш рупліва абвяшчаць і пашыраць цывілізацыю любові, якая чэрпаецца з Найсвяцейшага Сэрца Езуса, «палымнеючага вогнішча мі­лас­ці».

— У сакавіку гэтага года мінула 25 гадоў з таго часу, калі Святы Айцец Ян Павел ІІ даручыў гэты свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Вядома, што Вы з’яўляецеся асаблівым шанавальнікам Марыі. Адкуль пачалася гэтая любоў да Маці Божай у Вашым жыцці?

— Любові да Маці Божай яшчэ ў дзяцінстве мяне навучыла мая мама. Потым гэтая любоў узмацнілася ў Марыянскай Садаліцыі, якая была створана ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя, калі культ Маці Божай пачаў асабліва пашырацца... 

— А якія былі Вашыя абавязкі як сябра Садаліцыі?

— Адзін раз на месяц пры­ступаць да споведзі і прымаць святую Камунію. І на працягу ўсяго жыцця штодзённа тры разы маліцца «Вітай, Марыя...» За няпоўныя 75 гадоў маёй прыналежнасці да Садаліцыі я хіба толькі несвядома прапусціў калі-небудзь гэтыя малітвы. <...> Культ Марыі — адна з галоўных рэлігійных практыкаў у маім духоўным жыцці. А наглядным знакам маёй любові да Маці Божай з’яўляецца выбраны мною дэ­віз для біскупскага герба: «Ма­ці Міласэрнасці»... 

— Што б Вы хацелі, Эмінэнцыя, у свой юбілейны год і ў Год святарства пажадаць святарам, асабліва маладым?

«Вось іду, каб выканаць волю Тваю» (Гбр 10, 7). Хачу падкрэсліць, што ў гэтым выказванні ўжыты цяперашні час. Святарскае пакліканне не можа быць толькі з’яваю мінулага, гэта пастаянны за­клік, угрунтаваны ў глыбіннай сутнасці святарства, якое назаўсёды з’яднала мяне з Хрыс­том. «Іду...» — гэта значыць — увесь час, ажно да смерці... «Sacerdos in aeternum». Святарства ахоплівае мяне цалкам, яно ахоплівае ўсё маё жыццё, усю маю дзейнасць — я ёсць «alter Christus». Кожны святар, «якога выбіраюць з людзей, прызначаны для лю­дзей» (Гбр 5, 1). Я патрэбны людзям, і не на «паўстаўкі», як найміт. Калі час ад часу можа здавацца, што я не патрэбны, то гэта значыць, што я павінен даваць больш выразнае святарскае сведчанне, і толькі тады я пераканаюся, як моцна патрэбна свету гэтае святарскае сведчанне.

Сёння вернікам патрэбны святар, але іх давер узнікае і ўзрастае тады, калі яны бачаць, што яго асабістае жыццё адпавядае святарскаму служэнню. 

Вось некаторыя разважан­ні, якія ўзнікаюць з нагоды 70-годдзя майго святарства і якімі я хацеў бы падзяліцца ў Год святарства з іншымі святарамі, з сваімі канфратрамі. Жадаю ім усім паўнаты ў ажыццяўленні Хрыстовага святарства на хвалу Божую, дзеля выканання місіі Касцёла і дзеля збаўлення чалавечых душаў.

— Вялікі дзякуй, Ваша Эмінэнцыя, за шчырую размову.


Размаўляла Крыстына Лялько

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла