Дзве гісторыі з пілігрымкі

Шлях пілігрымкі — гэта кожны раз свая асобная гісторыя, не падобная да ўсіх астатніх, адметная і своеасаблівая. Гэта гісторыя, праз якую Бог вучыць, перамяняе сэрцы, надае сілы і натхняе. Мабыць, шмат хто зараз, узгадаўшы слова «пілігрымка», успомніць сваю гісторыю, з ёю звязаную, а пакуль акунаемся ў пілігрымкавыя гісторыі нашых чытачоў...


«Старыя сандалі»

«У пілігрымцы ў той год я ішла першы раз. Гэта быў шлях з Мінска ў Будслаў. Выйшла ў новым абутку і на першым жа прыпынку, зняўшы кеды, убачыла на нагах мазалі. І не проста мазалі, а амаль тое, што пад імі. Выйсця не было. Абула ізноў кеды і пайшла далей… 

Неяк дайшла да першага начлегу, а на наступны дзень, заклеіўшы мазалі, зноў абула кеды і пайшла (зменнага абутку не мела, бо ішла першы раз). І тут пачалася вельмі балючая гісторыя майго пілігрымавання. Кожны крок суправаджаўся вялікім болем, кроў амаль выступала праз абутак. Гэта была сапраўдная пакутная пілігрымка, але я не здавалася і ішла далей. 

Прыпынак на абед. Зняўшы абутак, кажу сябрам: «Усё, больш не магу ісці! Давайце папросім Езуса, каб падараваў мне абутак!» Цішыня. Праз 10 секунд мы, з тады яшчэ клерыкам Яўгенам Вінтавым (цяпер ужо дыяканам), пераглянуліся. Яўген прамовіў: «Ты падумала пра тое ж, што і я?» Аказалася, што ў адзін момант нам у галаву прыйшла падобная думка. Паколькі мы сядзелі на падворку ў адной бабулі, у яе, хутчэй за ўсё, маглі аказацца якія-небудзь старыя сандалі… 

Атрымаўшы і абуўшы старыя сандалі, я з самай шчаслівай усмешкай на твары і ў сэрцы вырушыла ў дарогу далей, амаль падскокваючы ад радасці і праслаўляючы Бога. Усё адбылося сапраўды так, як у той песні: «Адзеўшы свае старыя сандалі, з якімі ў розных дарогах я быў…» Вось такая гісторыя майго першага паломніцтва ў Будслаў. Малітва мае моц.

Аляксандра Крываносава, Мінск

«Шчасце блізка»

«У 2013 годзе я, нарэшце, здзейсніла сваю мару — прыняла ўдзел у пілігрымцы Парыж–Шартр, пра якую мне шмат распавядалі знаёмыя. Адбываецца яна заўсёды ў такі тэрмін, што другі дзень пілігрымкі прыпадае на ўрачыстасць спаслання Святога Духа. У 2013 годзе гэтая ўрачыстасць прыпадала на май. Той май якраз не быў вельмі цёплым, аднак праблемы з надвор’ем цалкам кампенсаваліся цудоўнай атмасферай пілігрымкі і прыгажосцю мясцінаў, праз якія пралягаў наш шлях. 

Першы дзень пілігрымкі быў самы цяжкі, бо тады трэба было прайсці 40 кіламетраў. Пачыналася пілігрымка Імшою ў саборы Нотр-Дам, адкуль вялікая калона пілігрымаў выходзіла праз увесь горад. Паломнікаў было вельмі шмат — у гэтай пілігрымцы звычайна прымае ўдзел каля 8–10 тысяч вернікаў. Каб прайшла такая вялікая калона людзей, трэба перакрываць рух транспарту, таму і тэмп хады па горадзе быў вельмі хуткі, таксама і ў горадзе нельга было спыняцца. 

Адным словам, калі мы выйшлі з Парыжа, то вельмі стаміліся. Дзяўчына з нашай групы — а было нас тры расіянкі і я, беларуска, — сказала, што далей яна хацела б пад’ехаць. У паломніцтве ёсць спецыяльныя аўтобусы для вельмі стомленых пілігрымаў, якіх давозяць да бліжэйшага пункту адпачынку. Такім чынам нас завезлі ў прыгожы вясковы касцёл, дзе мы і адпачывалі.

Калі ж пачалі падыходзіць пешыя пілігрымы, то таксама яшчэ адна дзяўчына з нашай маленькай групы сказала, што далей паедзе, а не пойдзе. А вось жанчына, якая кіравала нашай групай і прымала ўдзел у гэтай пілігрымцы ўжо каля 10 гадоў, яшчэ раней пайшла наперад, каб памаліцца ў адзіноце. Такім чынам, да намётавага мястэчка з нашай групы я вырушыла ўжо адна. 

Усё было цудоўна, пакуль не пачаўся моцны дождж. У выніку да месца начлегу я дайшла настолькі прамоклая, што ў мяне было толькі адно жаданне — хутчэй пераапрануцца.  Трэба сказаць, што нашыя валізкі везлі вялікія фуры — а як інакш перавязеш рэчы каля 10 тысяч чалавек? 

Яшчэ ў пачатку пілігрымкі наша кіраўнічка паведаміла, што нашая маленькая група ідзе ў складзе вялікай групы «Брэтань», і калі мы скідвалі рэчы ў фуры, я была ўпэўненая, што пад гэтай вывескай і трэба шукаць маю валізку.  

Ну вось, я мокрая, як тая мыш, вельмі пахаладала, да таго ж, хаджу ўздоўж вялікага шэрагу валізак і не магу знайсці сваю, а дождж тым часам усё ідзе і ідзе. Нарэшце я вырашыла хаця б знайсці свой намёт — у пілігрымцы намёты таксама ставяцца цэнтралізавана і вызначаецца, дзе якая група будзе размешчана, а гэта вельмі вялікае намётавае поле...

Страшэнна галодная і прамоклая, каля гадзіны я хадзіла па ўсім полі і не магла знайсці ні сваіх рэчыў, ні свайго намёту. З ежаю праблемы не было — у пілігрымцы з голаду не памрэш. Не праблема і месца начлегу — намётаў шмат.  Але вось як быць з астатнім? 

Вярнулася я зноў да месца размяшчэння рэчаў, дзе, нарэшце, знайшла сваю валізку пад надпісам «Замежнікі». Перад гэтым я якраз пачала вывучаць французскую мову, але гэтага слова яшчэ не вывучыла, ды яшчэ была шчыра ўпэўнена, што калі мы ідзем у групе «Брэтань», то і рэчы трэба шукаць менавіта там. Праўда, радасць мая трохі згасла, калі аказалася, што валізка добра падмокла і палова рэчаў проста мокрыя. Далей я пайшла шукаць сабе месца для начлегу — папрасілася ў намёт да французскіх дзяўчат, дзе нарэшце пеаапранулася ў больш-менш сухое адзенне. А праз некаторы час знайшла наш намёт — ён быў у самым пачатку намётавага мястэчка, куды я, на вялікі жаль, нават не заглядала — вырашыла, што не можа быць усё так проста. Карацей кажучы, калі б я адразу заглянула ў пачатак намётавага мястэчка, то адразу знайшла б і наш намёт, і дзяўчат з нашай групы, якія б падказалі, дзе шукаць валізку. У намецё дзяўчаты адмыслова для мяне пакінулі запіску, дзе іх можна знайсці. І вось праз хвілін 15 я, нарэшце, сустрэла сваю групу. Намёты, праўда былі трохі падмоклыя, таму і начлег быў даволі экстрэмальны. 

На жаль, дождж з перапынкамі працягваўся і другі, і трэці дзень пілігрымкі, але ўжо далей гэта настрою не сапсавала. А я, нягледзячы на тыя прыгоды, дагэтуль лічу тую пілігрымку самай лепшай у маім жыцці — яна мне сапраўды вельмі шмат дала. А наконт тых непаразуменняў, якія тады адбыліся — лічу, што гэта такі знак: тое, што нам патрэбна, сапраўды вельмі блізка ад нас, лічы пад носам. А мы прыкладаем шмат намаганняў, каб шукаць нечага вельмі далёка». 

Кацярына Лаўрыненка, Віцебск

Кожная пілігрымка — гэта асобная гісторыя, якая можа змяніць сэрца і кірунак жыцця. І такіх гісторый сапраўды шмат. Вы таксама можаце падзяліцца сваёй гісторыяй, даслаўшы яе ў рэдакцыю часопіса «Ave Maria» па электроннай пошце: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. . Мы абавязкова яе апублікуем на нашай інтэрнэт-старонцы.


Апрацавала Марына Валасар
Фота Марыны Валасар і Кацярыны Лаўрыненка

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла