Дух Святы — таямніца святасці і шчасця

Нядзеля Спаслання Духа Святога, год А (04.06.2017) 

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок.

Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца». 

(Ян 20, 19–23)

Дух Святы — таямніца святасці і шчасця

У гэтую ўрачыстаць прапаную вам паразважаць над словамі каталіцкага філосафа, кардынала Дэзірэ Жазэфа Мерсье (1851–1926): «Прагну адкрыць табе таямніцы святасці і шчасця. Штодзённа на пяць хвілін затрымай сваё ўяўленне, заплюшчы вочы на ўсё, што прыцягвае думкі, закрый вушы на ўсе галасы свету так, каб схавацца ў санктуарыі сваёй душы, якая ёсць святыняю Духа Святога, і звярніся да Духа Святога словамі: “О Духу Святы, душа маёй душы, узвялічваю Цябе. Асвяці мяне, кіруй мною, узмацняй і суцяшай мяне. Скажы мне, што я павінен рабіць, і загадай мне гэта зрабіць. Я ахвотна згаджаюся на ўсё, чаго Ты хочаш ад мяне, я прагну прыняць усё, што Ты спашлеш мне, дай мне толькі спазнаць Тваю святую волю. Амэн”. Калі выканаеш гэта, тваё жыццё будзе шчаслівым і радасным. Ты атрымаеш суцяшэнне нават у цярпенні. Ты атрымаеш ласку ў меру сваіх цяжкасцяў і моц вытрываць іх, і такім чынам заслужана дойдзеш да брамаў неба. У такім адданні сябе ў рукі Духа Святога — таямніца святасці».

Асабістае прысвячэнне Духу Святому:

Духу Святы, Духу Божы, Духу Святла і Любові! Табе прысвячаю мой розум, маё сэрца, маю волю і ўсяго сябе ў зямным і вечным жыцці. Учыні, каб мой розум заўсёды з ахвотаю прымаў натхненні, якія паходзяць ад Цябе, і вучэнне святога Касцёла, якім Ты беспамылкова кіруеш; каб сэрца маё заўсёды палала любоўю да Бога і бліжняга, а мая воля заўсёды адпавядала Божай волі; каб усё маё жыццё было верным наследаваннем жыцця і цнотаў нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, якому з Богам Айцом і з Табою няхай заўсёды будзе пашана і хвала. Амэн.

Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP


Глядзіце яшчэ разважанні на Нядзелю Спаслання Духа Святога, год А:
айцец Крыштаф Коц’ян OP «Прыйдзі, Духу Святы…»
айцец Раман Шульц ОР «Сад чалавечай душы»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла