«Убачыў Трох і ўславіў Аднаго»

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А (11.06.2017) 

Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не бывае асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. 

(Ян 3, 16–18)

TRES VIDIT ET UNUM ADORAVIT

«Убачыў Трох і ўславіў Аднаго», — упершыню я ўбачыў гэтыя словы ў касцёле Saint-Étienne-du-Mont у Парыжы на вітражы XVII ст. з выяваю сустрэчы Абрагама з Богам пад дубамі Мамрэ (гл. Быц 18, 1–5). Гэтыя кароткія словы нагадваюць развагі святога Аўгустына, і нездарма: іх сапраўды можна знайсці ў ягонай палеміцы з Максімінам (II, 26 [7]), калі біскуп Гіпонскі бараніў каталіцкае веравучэнне пра Святую Тройцу. Пасля гэтыя словы стаў часта ўжываць у сваіх казаннях святы Цэзарыус з Арлю (470–542). Седзячы перад шатром, Абрагам убачыў трох мужоў, пакланіўся ім, а потым, — вось дзіва! — упарта звяртаўся да іх у адзіночным ліку. Я не разумею, чаму ў літургічных чытаннях у нядзелю Святой Тройцы ніколі не згадваецца гэты ўрывак з Кнігі Быцця, які так дасканала паказвае і нашую разгубленасць перад таямніцаю Трыадзінага Бога, і шлях да яе прыняцця. 

Хрыстус аб’явіў Божае трыадзінства ў закліку: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19). Некалькі стагоддзяў людзі асэнсоўвалі гэтае аб'яўленне, і хоць сёння мы можам звярнуцца да геніяльных дэфініцый і выдатных тэалагічных трактатаў, усё адно часта адчуваем сябе разгубленымі перад ім. Так лёгка капітуляваць… Але Бог аб'яўляе свае таямніцы не для таго, каб паказаць нам, які Ён складаны. Аб'яўленне — гэта заўсёды запрашэнне да ўдзелу ў адносінах з Ім. Як гэта магчыма? Абрагам падказвае шлях — ён ушаноўвае Тройцу. 

Калі мы аднолькава ўшаноўваем Тры Боскія Асобы і кожную з Іх прымаем з аднолькаваю любоўю, Яны ахінаюць нас поўнымі любові абдымкамі і далучаюць да невымоўнай еднасці. Гэта не мы чынім Тройцу еднасцю, гэта Бог адорвае нас сабою такім, якім Ён ёсць. Праслаўляючы Тройцу, мы адкрываемся для прыняцця праўды. Аж галава закруцілася? Ён заўжды дапамагае ўзлезці на вяршыню гары і заглыбіцца ў бяздонныя даліны. Не будзем жа баяцца — Бог павядзе нас.   

Айцец Павел Крупа OP
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-парталу «W drodze» 


Глядзіце яшчэ разважанні на Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А:
айцец Віталь Сапега ОР «Спакуса "раю"»
айцец Крыштаф Коц’ян OP «Супольнасць любові»

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла