Ці гатовы ты быць Яго вар’ятам?

Хрысціянства. Як цудоўна гучыць гэтае слова! А ці гатовы ты пацярпець за сваю веру? Ці гатовы стаць Божым вар’ятам у гэтым свеце? Такім, на якога б усе паказвалі пальцам? 


Я цяпер кажу не пра маральны мазахізм, калі чалавек спецыяльна шукае на сваю галаву прыгодаў, а пра здаровае хрысціянства, калі ты з’яўляешся хрысціянінам (ці хоць бы стараешся ім быць) у штодзённым жыцці, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці.

Гэта як агонь Святога Духа, Які сышоў на Апосталаў. Ты побач з Ім, і страх адступае, з’яўляецца прага несці Яго слова і праўду іншым людзям. Ты адчуваеш, што гэта сыходзіць не ад цябе, а аднекуль звыш. Менавіта ў такія хвіліны ты разумееш, што Бог побач і заўсёды клапоціцца пра цябе. Нават калі ўвесь свет супраць цябе. У такія хвіліны ты здольны супрацьстаяць натоўпу і ісці да канца.

Аб такім натхненні Святога Духа варта прасіць у Бога, заўсёды прасіць аб Яго падтрымцы і апецы,аб незвычайнай радасці і супакоі ў сэрцы, якія былі ў Апосталаў адразу пасля Спаслання Святога Духа. Многія, хто іх бачыў, казалі, што яны былі быццам п’яныя. Але гэта быў эфект Божай прысутнасці ў іх сэрцах. Яны ўжо не былі тымі Апосталамі, якія закрыліся ў вячэрніку ад юдэяў і баяліся выйсці. Страх знік, і з’явілася сапраўдная лёгкасць і радасць. Агонь Святога Духа пачаў запальваць не толькі іх, але і астатніх людзей, якія чулі іх прапаведаванне.

Ці гатовы я быць Яго вар’ятам? Пытанне, якое часам варта сабе задаваць, але і ў ім ёсць Божая воля. Вар’яцтва хрысціяніна — гэта найперш Божы Провід. Яно не ўзнікае само па сабе, і часта яму папярэднічае доўгі шлях пошукаў і малітвы.

Вар’яцтва хрысціяніна — гэта супрацоўніцтва з Богам, поўны давер да Яго і разуменне, што ўсё ў Яго руках. Гэта таксама разуменне, што любая слава, удзячнасць, прызнанне людзей і ўвогуле свету — не галоўнае. Галоўнае — быць верным Яму. «Бо якая карысць мне, калі я здабуду ўвесь свет, а душы сваёй нашкоджу?» Слава гэтага свету — пустая. Найперш трэба шукаць Яго Валадарства. І калі ты шукаеш яго, то абавязкова атрымаеш. Калі ставіш Бога на першае месца — усё астатняе становіцца на сваё.

Гэта рызыка, гэта вялікая рызыка — быць Яго вар’ятам. Можна быць абсмяяным, прыніжаным, страціць сяброў, знаёмых, працу, але, калі ты давяраешся Яму, любыя цяжкасці ўспрымаюцца як благаслаўленне. Ён уздымае, спасылае спакой і веру, дае трываласць тваім крокам, яснасць думкам і найвялікшую адвагу ісці дарогай свайго жыцця побач з Ім.

Гэта вялікая рызыка — быць вар’ятам Хрыста, але яна вартая таго, каб пражыць сапраўды хрысціянскае жыццё, каб прайсці тым шляхам, які Ён табе падрыхтаваў.


Марына Валасар
Фота Данііла Ліцкевіча

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла