Дзеля захавання памяці

Вядома, што асэнсаванне з’яваў сучаснасці немагчымае без пранікнення ў пакручастыя лабірынты даўніны, у атмасферу тых матэрыяльных і духоўных артэфактаў, якія і сам працэс асэнсавання робяць плённым, і значнасці яму ў плане ўздзеяння на масавую свядомасць таксама дадаюць. Усё гэта ў пэўнай ступені датычыць, вядома ж, і артэфактаў рэлігійных, што і самі па сабе — ужо скарб, а пададзеныя ў святле штодзённых чынаў духоўных асобаў і вернікаў мінуўшчыны — скарб неацэнны.  


Такімі меркаваннямі і кіравалася шматгадовы даследчык гісторыі Касцёла на абшарах цяперашняй Віцебскай дыяцэзіі, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Кацярына Лаўрыненка, ладзячы ў канферэнц-зале катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага выставу з сабраных па парафіях дыяцэзіі артэфактаў.

Наогул, мара навукоўцы — стварэнне адпаведнага музея з мэтаю захавання памяці аб гісторыі каталіцтва ў рэгіёне. Так што цяперашняя экспазіцыя ў пэўным сэнсе — пробны каменьчык на прадмет таго, як такі музей мог бы выглядаць і як ён можа быць успрынятым шараговымі наведвальнікамі. Паглядзець жа на выставе ў плане магчымасцяў рэалізацыі згаданай задумы, безумоўна, ёсць што. Найперш гэта — экспанаты, якія датычаць шырокавядомых у гісторыі краіны і свету каталіцкіх згуртаванняў, такіх, напрыклад, як  заснаваная ў Друі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя Кангрэгацыя сёстраў эўхарыстак або супольнасць друйскіх айцоў марыянаў, дзейнасць якіх пададзена ў экспазіцыі такім чынам, каб зрабіць яе як мага больш зразумелай сённяшняму чалавеку. 

Гаспадарчыя прылады, начынне для правядзення літургіі, фотаздымкі, прадметы штодзённага ўжытку, дэталі цывільнай вопраткі, хабіты ды арнаты, падручнікі, выданні малітоўных тэкстаў — усё гэта не можа не наблізіць нас да эпохі, не абудзіць пачуцця гонару  за сваю веру і людзей, якія яе вызнавалі і актыўна сведчылі, а часам і адчування няёмкасці ад няўважлівасці да яе матэрыяльнага складніка (напрыклад, пры аглядзе цудам уратаванага ў гады ваяўнічага атэізму дывана вырабу знакамітай сястры эўхарысткі  Апалоніі Пяткун).

Наогул, адметнасць выставы — яе насычанасць аўтэнтычнымі рэчамі і дакументамі. Асабліва добра бачыцца гэта падчас знаёмства з раздзеламі, прысвечанымі дзейнасці як асобных святароў, так і непрыкметнай, на першы погляд, штодзённай працы вернікаў розных парафій. Абразы і абразкі, Імшалы, альбомы-прысвячэнні, арыгіналы лістоў духоўных асобаў з месцаў адбыцця пакарання падчас сталінскіх рэпрэсій, памяткі  святароў, што загінулі ў час вайны, старанна перапісаныя ад рукі ці набраныя на друкарцы тэксты катэхізмаў або фрагментаў Святога Пісання, запісы (напрыклад, кс. Люцыяна Паўліка з Задарожжа, тэксты казанняў (кс. Юзафа Грабоўскага з Мёраў), асабістыя рэчы свецкіх апосталак Агаты Літоўкі з в. Мікалаёва і Ганны Дубовік з в. Лучай — пералік можна доўжыць і доўжыць…

Знайшлося ў экспазіцыі месца і адлюстраванню жыццяпісу знакамітых святароў і благаслаўлёных, якія або паходзяць з абшараў сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі або тут выконвалі сваю  душпастырскую паслугу: слугі Божага кс. Аляксандра Зінкевіча, благаслаўлёных кс. Антонія Ляшчэвіча і кс. Юрыя Кашыры, с. Цэліны Бажэнцкай. А ў сённяшніх віцебскіх католікаў, безумоўна, выклічуць асаблівую цікавасць матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю колішніх апекуноў старога віцебскага касцёла святога Антонія — слугаў Божых біскупа Антонія Малецкага і кс. Канстанціна Будкевіча, як, напэўна,  і адмыслова сабраныя разам надзвычай разнастайныя паводле тэхнікі выканання ўзоры святарскіх арнатаў з розных куткоў дыяцэзіі. 

Што кідаецца ў вочы пры аглядзе экспанатаў выставы, дык гэта значная колькасць матэрыялаў, звязаных з дзейнасцю айчынных святароў-адраджэнцаў: Канстанціна Стэповіча (Казіміра Сваяка) і Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), Адама Станкевіча і Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлі), Францішка Будзькі, Ільдэфонса Бобіча, Францішка Аляшкевіча і інш., якія не толькі даюць уяўленне пра творчую і духоўную спадчыну душпастыраў папярэдніх часоў, але і песцяць надзею на тое, што забытай ці згубленай яна не застанецца.   

Адметна, што першым наведвальнікам выставы стаў 15 мая, падчас свайго візіту ў Віцебскую дыяцэзію, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, а пік яе наведвання прыпаў на 10 чэрвеня, калі вернікі парафій Віцебшчыны з’ехаліся ў абласны цэнтр для ўдзелу ў штогадовай працэсіі ў гонар урачыстасці Божага Цела. Пажадаем жа арганізатарам гэтай добрай справы, каб і надалей яны дзейсна спрыялі прыцягненню ўвагі грамадскасці да праблемы захавання нашай духоўнай спадчыны, тых вялікіх здабыткаў хрысціянскай культуры, у імя якой ахвярна працавала не адно пакаленне нашых папярэднікаў.  



Францішак Дубраўскі
Фота Кацярыны Лаўрыненкі

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла