«Ідзіце і абвяшчайце»

Адзінаццатая звычайная нядзеля, год А (18.06.2017) 

«Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра. Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».

Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да загінуўшых авечак з дому Ізраэля. Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце». 

(Мц 9, 36–10, 8)

«Ідзіце і абвяшчайце»

Ёсць такі тып людзей, які называюць «вечнымі студэнтамі». Звычайна гэта не камплімент, а сведчанне таго, што хтосьці ўвесь час вучыцца, набывае новыя веды і здольнасці, аднак не карыстаецца атрыманымі ведамі. Такі чалавек — добры тэарэтык у нейкай галіне, але ён не пераходзіць да практыкі. У выніку такая добрая рэч, як інтэлектуальнае развіццё, не спаўняе сваёй галоўнай мэты: служэння іншым. Можна пазнаваць і запамінаць шмат цікавых і карысных рэчаў, але само па сабе вучэнне дзеля вучэння не здольнае прынесці карысці. 

Што робяць Апосталы, ходзячы разам з Езусам? Вучацца. Назіраюць за тым, што Ён робіць, як абыходзіцца з людзьмі, як іншыя рэагуюць на навучанне і цуды Езуса, слухаюць Яго словы, хоць і не заўсёды добра разумеючы іх сэнс. І вось настае момант, калі вучні павінны стаць Апосталамі — гэта значыць «пасланцамі», бо менавіта так перакладаецца гэтае слова. Яны дастаткова наслухаліся і нагледзеліся, да таго ж Пан Езус дае ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць хваробы. Ніхто з іх не застаецца сядзець у хаце, усе ідуць служыць ведамі і дарамі, якія атрымалі. 

Лета — не толькі час для адпачынку, але і добрая нагода падзяліцца рэлігійнымі ведамі, якія мы набылі на працягу году. Можна, вядома, заставацца такімі «тэарэтычнымі хрысціянамі», якія добра ведаюць Святое Пісанне і катэхізіс, але не ўмеюць падзяліцца ведамі ці скарыстацца імі ў канкрэтнай сітуацыі. Дарэчы, ніхто з Апосталаў не сказаў: «Я яшчэ не гатовы, яшчэ падвучуся». Яны верылі словам Хрыста, які казаў: «Ідзіце». Кожны з нас, умацаваны хростам, можа дзяліцца вераю там, дзе ён знаходзіцца. Улетку студэнты часта выязджаюць на практыку. Кожны з нас можа скарыстаць летні час, як сваю духоўную практыку. Адрозненне студэнцкай практыкі ад хрысціянскага сведчання ў тым, што другое трывае ўсё жыццё. Поспехаў у практыкаванні веры нам усім!


Айцец Павел Мажэйка OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней