«Мне хацелася б апавядаць гісторыі». Пра Сафію, яе ролю ў кіно і Божую волю

Я часта думаю над гэтымі словамі з Евангелля: «У вас жа і валасы на галаве палічаны». Наколькі ад Бога залежаць падзеі вакол мяне, людзі, якіх я сустракаю? Я стараюся заўважаць і распазнаваць Божыя справы ў сваёй штодзённасці. І чым больш я гэта раблю, тым болей пераконваюся, што няма выпадковасцей, калі ты давяраеш Пану.


Я проста аднойчы спытала ў Сафіі, маёй добрай знаёмай, як у яе справы, бо ведала, што яна ўсё спрабавала паступіць і вучыцца на актрысу тэатра. У адказ я пачула займальную гісторыю, у якой убачыла клапатлівую руку Бога над жыццём Сафіі, над яе выбарам і працаю, і вырашыла запісаць яе аповед: 

— Сафія, раскажы, калі ласка, пра сваё жаданне стаць актрысаю. Як ты да гэтага прыйшла?

— Напэўна, як і ў многіх, жаданне пайсці ў тэатральны нарадзілася ўва мне, калі я глядзела фільмы, назірала за акцёрамі і думала: «О, я таксама гэтак хачу! Гэта так усё проста, так цікава, заўсёды паездкі, здымкі...» Вялікую частку свайго жыцця я займалася балетам, але калі настаў час цяжкага выбару паміж балетам і тэатрам, я атрымала сур’ёзную траўму, якая не дазволіла далей прафесійна танцаваць. Ужо цяпер я лічу, што ўсё невыпадкова было, у гэтым была воля Пана. 

Мяне не ўзялі ў Акадэмію мастацтваў. Я спрабавала паступаць у Шчукінскую тэатральную вучэльню ў Маскве, падчас паступлення мне нават пашчасціла адразу пераскочыць праз адзін з тураў, але пасля нічога і там не атрымалася. У гэтых абставінах я часта задавала Богу пытанне: «Растлумач, што Ты задумаў адносна мяне, я не разумею, што мне далей рабіць». 

— Пасля няўдачы ў паступленні ці не знікла жаданне яшчэ праз год спрабаваць  свае сілы?

— Жаданне вучыцца не знікла, таму я на працягу года рыхтавалася да паступлення ў педагогаў, паралельна працавала на розных працах. Увесь год я рыхтавалася зноў паспрабаваць і паступаць у Шчукінскую вучэльню, гэта была мая ружовая мара. Але ж прыехала ў Маскву я вельмі позна, і мне сказалі, што яны ўжо набралі дзяўчат, былі патрэбныя толькі хлопцы. Адзін выкладчык заўважыў мяне і запрасіў паспрабаваць свае сілы ў Інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. У выніку я паступіла да даволі знакамітага майстра. Толькі па прыездзе ў Мінск, калі я пачытала пра гэтага чалавека крыху больш, я вельмі ўзрадавалася і была перакананая, што мне пашчасціла. Мае настаўнікі былі прыемна здзіўленыя, радаваліся за мяне. Два тыдні я рыхтавалася да ад’езду, але ўвесь час мяне моцна турбавала штосьці, не было супакою, я не адчувала сябе на сваім месцы. Спачатку я не надавала гэтаму вялікага значэння, а потым паглядзела спектаклі гэтага майстра і зразумела, што не хачу ў такіх пастаноўках удзельнічаць, калі вучаць, напрыклад, распранацца на сцэне. З разуменнем ставіцца да такога я б яшчэ змагла, а дазваляць ламаць менавіта сябе — не.

Многія, ды нават напачатку і я сама, лічаць такую магчымасць вучыцца ў чалавека з іменем за вялікую ўдачу. Але Божая дапамога для мяне ў той момант была менавіта ў неспакоі на сэрцы. Я малілася і разумела, што не магу ехаць туды вучыцца, вырашыла адмовіцца. Я чакала рэакцыі бацькоў, кшталту, Сафія, ну перастань ужо, хопіць, што ты сабе прыдумала. А мама паглядзела на мяне сур’ёзнымі вачыма і сказала: «Цяпер мне не страшна за цябе». Таксама і тата сказаў, што ганарыцца мною, было вельмі прыемна.

Ведаеш, той час стаў для мяне суцэльным цудам вось яшчэ па якой прычыне. Падчас сумненняў і ваганняў, калі я яшчэ не прыняла рашэння, ці ехаць вучыцца ў Маскву, тут, у Мінску, я вырашыла схадзіць на кастынг на ролю ў фільме. Я нічога пра гэтае кіно не ведала, планавала трапіць проста ў нейкі эпізод, разумеючы, што шанцы малыя. На кастынгу са мною размаўлялі, пыталіся пра мяне, і я сказала, што паступіла вучыцца ў Маскву, таму хутка з’язджаю. Маім заданнем ад камісіі было есці яблык, быццам я чалавек з сіндромам Даўна. Я здзівілася, канешне ж, але сканцэнтравалася, успомніла нашых дзетак з цэнтра і паказала, што трэба, потым ужо падумала, што нічога з гэтага не выйшла. Мне сказалі, што патэлефануюць. Я ні на што не спадзявалася. Так атрымалася, што патэлефанавалі мне менавіта ў той момант, калі я сказала бацькам, што не паеду ў Маскву вучыцца. Мяне зацвердзілі на адну з галоўных роляў. Майму шчасцю не было межаў! Я бегала туды-сюды ад радасці: я адчула, што здзейснілася нейкая справядлівасць.

— А ты звязала гэтыя рэчы з Божай дапамогай?

— Так. Не адразу, але на наступны дзень прыйшло такое перакананне. Раніцай я ўсведаміла адказнасць, з’явіўся страх падвесці людзей, я не ўяўляла як будуць праходзіць здымкі, як я, непрафесійная актрыса, буду паводзіць сябе на пляцоўцы… Потым былі пробы па грыму: зрабілі грым, далі касцюм — я не пазнала сябе. Наляпілі на мяне шмат усяго, каб цела было большым, састрыглі валасы. Мне вельмі дапамагала грымёр, падтрымлівала псіхалагічна, я вельмі ёй удзячная.

— Раскажы, калі ласка, пра фільм. Як ён называецца? Гэта нейкі сацыяльны праект?

— Фільм «Коля едзе» — мастацкі, зняты паводле рэальнай гісторыі, якая адбылася ў нас у Мінску, пра хлопчыка з сіндромам Даўна, які згубіўся. Я пазнаёмілася з гэтым хлопчыкам, назірала за ім. Яго завуць Коля. Фільм расказвае пра яго сям’ю, якая перажывае крызіс. На фоне таго, як яны шукаюць Колю, паміж імі адбываюцца канфлікты. У экстрэннай сітуацыі некаторыя бачаць саміх сябе не ў лепшым свеце. 

Фільм незалежны, рэжысёр Сяргей Сергеенка. Мне вельмі пашчасціла, бо былі цудоўныя аператары і цудоўныя артысты: з Купалаўскага тэатра і іншыя вядомы акцёры. 

— Падчас працы над фільмам што ты перажывала?

— Быў адзін смешны момант. У першы здымачны дзень я вельмі хвалявалася. Думала, а раптам будзе відаць, што іграе не хлопчык. Адздымалі першы эпізод, і трэба было мяняць лакацыю. Мы сядаем у машыну, у машыне сядзяць прадзюсар, аператар, грымёр і я. Я сядаю апошняя ў машыну і сваім жаночым голасам кажу: «Ну што, куды мы далей едзем?» І тут я бачу здзіўленыя вочы. Аказваецца, не ўсе з прысутных ведалі, што Колю іграе дзяўчына. У гэты момант я супакоілася, зразумела, што іграю добра. А другі шок у маіх калегаў быў тады, калі мы ехалі са здымак: я ўжо не вытрымала і пачала здымаць увесь грым — ува ўсіх здзіўленне ад убачанага… Грым быў сапраўды грунтоўны. Здымкі былі вясёлыя.

— А як калектыў ставіўся да тэматычнай скіраванасці фільма? 

— Здымкі — вялікая мітуслівая праца, таму асэнсаванне фільма прыйшло пазней. Я лічу, што гэта вельмі важна, калі тэма хворых людзей з’яўляецца ў мастацтве. Гэтыя людзі проста іншыя, яны пражываюць сваё жыццё, як і кожны з нас, у сваіх справах і сваіх пачуццях.  Я вельмі рада, што ў мяне быў такі пачатак у беларускім кінематографе. 

— Я ведаю, ты займаешся валанцёрствам, часта сустракаешся з людзьмі з асаблівасцямі развіцця. Чаму? 

— Напэўна, мне лягчэй з такімі людзьмі знаходзіць агульную мову. Яны такія, якія ёсць, не чакаюць ад цябе нейкіх неверагодных рэчаў. Напэўна, мне іх любіць прасцей. Я ўдзячная Богу за такі досвед. Быў такі час, калі я ўсё ніяк не магла знайсці працу. Бог прывёў мяне ў рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей з сіндромам Даўна, ДЦП, аўтыстаў. Я не разумела адразу, куды іду працаваць. У мяне было такое саманадзейнае жаданне: я ўсім дапамагу, зараз я ўсіх вылечу, буду, як маці Тэрэза. Прайшоў месяц, і я зразумела, што сілаў пакладзена вельмі шмат, а бачнага выніку вельмі мала. З’явілася вялікая павага да тых людзей, якія працуюць там ужо па 20 гадоў, таму што я ўбачыла, як добра яны спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

За час той працы я змагла паназіраць за дзецьмі, вучылася разумець іх. Таксама ўзнікалі пытанні: чаму Бог дапускае, што ў людзей такія хваробы? Я не разумела. Там працуюць таксама і людзі веруючыя, яны казалі мне, што калі б не было такіх дзяцей, мы б ніколі не зразумелі, што значыць міласэрнасць, мы б ніколі не зразумелі, што значыць не думаць пра сябе, а думаць пра іншага чалавека, які не можа сам сабе дапамагчы. Урэшце, пасля досведу працы ў рэабілітацыйным цэнтры я трапіла ў кіно і іграла ролю дзіцяці з сіндромам Даўна! Як гэта патлумачыць, калі не Божаю воляю?

— Згодна, цяжка думаць, што гэта ўсяго толькі выпадковасць. Сафія, ці будзеш далей дабівацца сваёй мэты стаць актрысаю? Якім бачыш свой далейшы шлях?

— Канешне, я хачу займацца выбранай мною прафесіяй. Але трэба пытацца ў Бога, куды ісці. Мне хацелася б апавядаць гісторыі, бо акцёр — апавядальнік. Я не магу не апавядаць. Чалавек у цырку, ідучы па канаце, таксама апавядае тое, што ён баіцца, але ідзе. Ён не паказвае страху, не падае. Думаю, у кожнага чалавека ёсць нейкая гісторыя, якая кранае яго. Вось пра такое цікава думаць, у гэта цікава заглыбляцца, траціць свае сілы, мець магчымасць пражываць нейкія сітуацыі з пазіцыі іншых людзей і тым самым вучыцца разумець бліжняга, пазбаўляцца асуджэння. Канешне, у маладосці хочацца рабіць вялікія рэчы, але трэба пачынаць з малога, пакуль што проста расказваць…

— Сафія, дзякуй табе за размову. Думаю, даверыўшыся Пану, ты ўжо на правільным шляху.


Гутарыла Вольга Качалка
Фота: асабісты архіў Сафіі, 
facebook.com/Kolia.edze
caritas-minsk.by

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла