Разведзеныя і іншыя грэшнікі

Я не перабольшу, калі скажу, што калі б нейкі багаслоў прааналізаваў бы ўсе споведзі ў маім жыцці (мне 33 гады), то прыйшоў бы да высновы, што яны як сакрамэнт не мелі моцы. Чаму?


У тэорыі ўсё вельмі проста: я раблю штосьці дрэннае, праходзіць нейкі час — я разумею, што ўчыніў зло. Абяцаю сабе выправіцца і вырашаю, што маёй скрухай з’яўляецца ўжо хаця б тое, што я бачу гэтае зло. Іду да споведзі. І праблема пачынаецца па дарозе на споведзь. Ну бо я ж шкадую, унутры мяне ёсць рашэнне (ці проста думка?) больш не рабіць дрэннага, але працягваецца гэта нядоўга, таму што я ведаю (незалежна ад нядаўняга «рашэння»), што ізноў зграшу, ізноў папрашу прабачэння. І хоць тэарэтычна разумею, што я свабодны ад граху ў гэты момант, усё ж бачу, што гэта толькі тэорыя, свайго роду ўзаконеная лазейка. 

Не, я не хачу нішчыць каталіцкую дактрыну, не хачу казаць, што я мудрэйшы за Касцёл, аднак я ж і сам спавядаюся, і размаўляю з вялікаю колькасцю людзей (у тым ліку з ксяндзамі), і бачу, што гэта не толькі мая праблема. Ведаю з гісторыі нашага Касцёла, што многія падыходы да сакрамэнту споведзі змяняліся, аднаўляліся, зразуметыя па-новаму. 

Калі дапусціць, што сіла Касцёла — у маральным жыцці і захаванні права яго членамі, то правільна кажуць тыя, хто прапануе адкінуць усіх, у каго з гэтым праблемы. Урэшце, мы і ёсць сіла Касцёла, бо мы яго ствараем. Калі, аднак, дапусцім (я лічу, што менавіта гэтак правільна), што сілаю Касцёла з’яўляецца Езус, то Касцёл становіцца месцам для грэшнікаў, для тых, хто парушае любую з запаведзяў. І Касцёл не можа адракацца ад іх і не можа сказаць ім: гэта вашыя праблемы, прыходзьце, калі вырашыце іх. 

Нельга казаць, што Касцёл павінен займацца толькі тымі, хто жыве без граху (а менавіта без смяротнага граху). Калі Езус прыйшоў да хворых, то Касцёл з’яўляецца шпіталем, а шпіталь — у першую чаргу месца для хворых людзей. Здаровыя людзі патрэбныя для таго, каб дапамагаць у такім месцы людзям хворым не для таго, каб іх выпраўляць і займацца маралізатарствам, але каб ратаваць іх жыццё. Хоспіс навучыў мяне індывідуальнаму падыходу да хворага. Я магу выкарыстоўваць медыцынскія сродкі, але толькі ў той ступені, у якой хворы чалавек можа іх прыняць. Гэта не тэарэтычныя сітуацыі, гэта канкрэтны чалавек. Гэта вельмі цяжка, лягчэй правесці працэдуру і значна цяжэй слухаць пацыента і даглядаць яго. Добры лекар ведае, што нават калі на нейкім этапе ён штосьці губляе, урэшце, ёсць толькі адна мэта — дапамагчы чалавеку.

Я вельмі парадаваўся, калі прачытаў словы біскупа Яна Вантробы: падтрымліваць тых, у каго першы шлюб аказаўся няўдалым і чалавек уступіў у іншыя адносіны, і гэтая падтрымка, магчыма, найбольш актуальная задача для Касцёла ў Польшчы. Я парадаваўся, але таксама і засмуціўся, калі прачытаў каментары пільных пабожных маралістаў у сацсетках: «Касцёл павінен найперш клапаціцца пра здаровыя сем’і», «гэта супраць непарыўнасці шлюбу», «гэта благаслаўленне на грэх».

Праўда ў тым, што Касцёл не мае права сцвярджаць, што шлюб можа быць скасаваным, аднак Касцёл можа задацца пытаннем, як жа падысці да гэтай групы грэшнікаў, як робіць гэта ў дачыненні да людзей з іншымі грахамі. Такога роду дыскусіі не з’яўляюцца, як некаторыя кажуць, «наватарствам» у Касцёле. Варта хаця б успомніць аб праблемах людзей, якія адыходзілі ад веры ў першыя стагоддзі хрысціянства. Адны сцвярджалі, што калі гэтыя людзі здрадзілі, то ім няма месца ў Касцёле, а іншыя казалі пра пакаянне і прыняцце чалавека назад.

Мы павінны засяроджвацца не толькі над ідэальнымі паводзінамі, але таксама і над становішчам людзей, якія трапляюць у грэх не заўсёды наўмысна, але вельмі часта апынаюцца ў такім становішчы ў выніку здрады, няздольнасці быць з іншым чалавекам. Адна справа, калі чалавеку надакучыў муж або жонка і ён шукае чагосьці новага, і зусім іншая, калі чалавека кінулі дзеля кагосьці трэцяга. Зразумела, што другі шлюб не будзе сакрамэнтам, але мы можам і павінны з павагаю размаўляць пра другі шлюб. Людзі разыходзяцца, і трэба дапамагчы ім, каб яны не рабілі гэтага (Касцёл аказвае такую дапамогу), але таксама трэба быць і з тымі, хто перажыў расстанне, і бачыць у іх не толькі распешчаных дзяцей, якія мяняюць «цацкі», а людзей у драматычным становішчы. 

Артыкул пачынаўся з даволі важных пытанняў адносна сапраўднасці маёй споведзі. Веру ў тое, што кожная з маіх споведзяў з’яўляецца сапраўднаю, нават калі я не магу сказаць на 100 %: «Больш не зграшу», — і не таму, што я асцярожнічаю, але таму што, як я ўжо казаў, ведаю сябе і сваё жыццё. Па-другое, хоць я і імкнуся жыць без граху, парадаксальна, але менавіта грэх паказвае, што мне патрэбны Збаўца, што сам я не збаўлюся, маіх сілаў для гэтага не хопіць. Мне патрэбны Езус, каб паміраць і жыць.

Крыху больш чым праз месяц я складу манаскія абяцанні, вызнанне веры і стану пробашчам. Я хацеў бы, каб у маёй парафіі грэшнікі адчувалі сябе добра. Не ў тым сэнсе, каб яны прыходзілі і грашылі, колькі заўгодна, і я ім буду даваць благаслаўленне на гэтае зло, але ў тым сэнсе, што я ведаю, што ваш (як і мой) грэх — гэта вашае цярпенне, у якім Бог вас не пакідае і не асуджае, Ён падае руку і памірае за нас на крыжы. 


Гжэгаж Крамэр SJ
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле deon.pl
Фота: Андрэй Новікаў

 

 

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла