Для чаго патрэбныя пілігрымкі і працэсіі? Што такое рэкалекцыі?

Езус заклікае нас ісці за Ім, спадарожнічаць Яму, гэтак жа, як рабілі першыя Апосталы (гл. Мк 1, 17). Пілігрым — гэта той, хто падарожнічае, здзяйсняе пілігрымку ў двух сэнсах. Па-першае, ён ідзе да святога месца. Можна спадзявацца, што па дарозе ягоныя адносіны з Богам умацуюцца, і ён лепш пазнае самога сябе. З іншага боку, ён, як і ўсе вернікі, падарожнічае да неба, якое з’яўляецца канчатковаю мэтаю нашай зямной пілігрымкі. 


# Месцы пілігрымак

• Асаблівым месцам для пілігрымак з’яўляецца Святая Зямля (гл. Твіт 2.31). Там можна памаліцца ў тых самых месцах, дзе Езус жыў, вучыў, маліўся і пакутаваў, а таксама памёр і ўваскрос з памерлых. У гэтых мясцінах Евангеллі становяцца рэальнасцю!

• Можна выправіцца ў пілігрымку ў месцы, звязаныя з Дзевай Марыяй: Люрд у Францыі, Фаціму ў Партугаліі, Вільню ў Літве, Чэнстахову ў Польшчы (гл. урэзку). У Беларусі — гэта Нацыянальны санктуарый у Будславе, святыні ў Гудагаі і Тракелях. У гэтых месцах можна асаблівым чынам маліцца аб заступніцтве Маці Божай (гл. Твіт 3.9). 

• Святыні, звязаныя з вядомымі святымі, таксама прыцягваюць мноства пілігрымаў. Сант’яга дэ Кампастэла, дзе, паводле паданняў, пахаваныя парэшткі апостала Якуба, з часоў Сярэднявечча з’яўляецца месцам шматлікіх пілігрымак. Кожны год тысячы людзей з усяго свету пілігрымуюць па некалькі дзён, тыдняў або нават месяцаў, каб дабрацца туды. 

# Працэсіі

Працэсія — гэта міні-пілігрымка, у якой людзі ўрачыста праходзяць з малітваю і спевам па касцёле, вакол касцёла або па вуліцы. Існуюць розныя нагоды для правядзення працэсій, часта яны адбываюцца па горадзе або па вёсцы. Далучаючыся да духоўных асобаў і свецкіх вернікаў у працэсіі, мы нагадваем самім сабе, што ўсе з’яўляемся пілігрымамі: мы ўсе — Божы народ, які разам вандруе да неба. 

• Ва ўрачыстасць Божага Цела і Крыві Папа нясе Найсвяцейшы Сакрамэнт па вуліцах Рыма ў працэсіі з удзелам біскупаў, святароў і тысяч вернікаў. Гэткія ж працэсіі адбываюцца ў гарадах па ўсім свеце (гл. Твіт 3.27).

• У Пальмовую нядзелю цэлебрацыя святой Імшы пачынаецца не пры алтары, а ў іншым месцы — часта звонку касцёла. Спяваючы і молячыся, трымаючыся ў руках пальмовыя і вербныя галінкі, мы святкуем трыумфальны ўезд Хрыста ў Ерузалем (гл. Твіт 3.29). 

• У многіх мясцінах праводзяць працэсіі, каб ушанаваць Марыю і іншых святых. Фігуру святога або абраз нясуць на ўпрыгожаных насілках, спяваюць, людзі часта апранаюць адмысловыя ўборы. Нярэдка арганізацыяй такіх працэсій займаюцца спецыяльна створаныя ўстановы. 

# Месцы малітвы

Час ад часу бывае добра аддаліцца ад штодзённага жыцця і паехаць на рэкалекцыі. Вы ў прамым сэнсе слова аддаляецеся ад свету на некалькі дзён, каб паразважаць над тым, што мае ў жыцці сапраўднае значэнне. Кляштары і манаскія супольнасці — гэта ідэальнае месца для рэкалекцый, бо там ёсць магчымасць далучыцца да малітвы мясцовых людзей. Гэтыя месцы малітвы і цішыні могуць дапамагчы зноў засяродзіцца на Богу. А што можа быць важней за гэта?

t: Пілігрымкі і працэсіі нагадваюць нам, што жыццё — гэта падарожжа з Богам і іншымі людзьмі да неба. Мы ўдзельнічаем у рэкалекцыях, аддаляючыся ад прывычнага жыцця, каб памаліцца. 

Пустая рама

Вядомы Марыйны абраз — гэта Чорная Мадонна з польскай Чэнстаховы. У 1966 г. Польшча адзначала тысячагадовы юбілей нацыі і вернікі захацелі пранесці копію абраза ў працэсіі праз усю краіну. Але ў той час Польшча знаходзілася пад уладаю камуністычнага рэжыму. Камуністы не жадалі, каб палякі адзначалі гэтую падзею і канфіскавалі абраз, каб перашкодзіць правесці працэсію. 

Усё ж працэсія распачалася ў запланаваны час, але з пустою рамаю! Паўсюль, дзе праносілі гэтую пустую раму, збіраліся натоўпы людзей, каб ушанаваць Марыю і праславіць Бога. Гэта паказвае, што самі па сабе выявы, абразы або мясціны — не галоўнае. Яны толькі сімвалізуюць галоўнае: Бога і тыя шматлікія спосабы, якімі Ён аб’яўляе сябе нам праз сваіх святых. 

Чытай больш:
Працэсіі: ККК, 1674–1676; КККК, 353; YOUCAT, 276. 


Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
Фота Веранікі Скрабатун

 

© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
© пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2017
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла