Наступствы

Дванаццатая звычайная нядзеля, год А (25.06.2017)

«Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах».

(Мц 10, 26–33)

Наступствы

Хоць Езус і запэўнівае нас у Божай апецы і ўзнагародзе, якая чакае верных вучняў, сённяшні евангельскі ўрывак непакоіць. Аповед пра допыты і пераслед неяк не пасуе слухаць у доўгачаканы час летніх адпачынкаў. Мы ахвотна паслухалі б нешта прыемнейшае. Ці ж не належыць і нам адпачыць ад важных справаў?

Каб добра зразумець словы Езуса, трэба звярнуць увагу на кантэкст, у якім яны гучаць. Евангеліст Мацвей упісвае іх у так званую другую прамову Езуса — місійную. Хрыстус выбірае дванаццаць Апосталаў і пасылае іх, даючы шэраг указанняў. Я думаю, што вучні адчувалі сябе выбранымі, хоць, напэўна, і не да канца ўсведамлялі, у чым удзельнічаюць. Настаўнік выбраў менавіта іх і да таго ж даверыў асаблівую місію. І яшчэ якую! Яны павінны ісці і абвяшчаць Добрую Навіну. Нам так часта выпадае абавязак несці дрэнныя навіны, а хто б не хацеў быць вестуном добрых?

Аднак Езус не пакінуў вучняў з адчуваннем таннага энтузіязму. Ад місіі Ён пераходзіць да небяспекаў і пераследу, якія чакаюць кожнага Апостала. Абвяшчэнне Евангелля, цярпенне за Слова і Божая апека становяцца непадзельным трыадзінствам. 

Варта памятаць пра гэта і ў восеньскую шэрань, і на сонечным пляжы. Барацьба і цяжкасці невыпадкова спадарожнічаюць нашай веры, гэта натуральныя наступствы быцця сведкамі. Іх адсутнасць — гэта выключэнне, за якое трэба падзякаваць. Такая перспектыва захоўвае адначасова ад роспачы і драматызацыі абставінаў, як і ад абагаўлення гэтых абставінаў. Так проста ёсць і будзе. У рэшце рэшт, апошняе слова не за абставінамі, а за Богам, які памятае пра свой народ. 

Айцец Дамінік Ярчэўскі OP

 


Глядзіце яшчэ разважанні на Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А:
айцец Міхал Ермашкевіч OP «Боязь і страх»

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла