«Якая ж чорная вашая белая кашуля!», або хто такія інтэрнэт-тролі

Яны не выбіраюць метадаў, каб абліць брудам усё навокал. Яны сілкуюцца канфліктамі і негатывам. Хто яны — інтэрнэт-тролі новага пакалення?


Вось сядзіш у сацсетцы, чытаеш ленту і бачыш, напрыклад, мімішную фотку ката на старонцы сябра. Добры такі коцік, белы, пухнаты, толькі з адной чорнай плямай на грудзіне. Усе яго хваляць, маўляў, «уці-пусі, якое прыгожае!» І ўсё ў тым жа духу. І тут як гром з яснага неба узнікае каментар кшталту, «што, зноў ката не памылі, вунь брудная пляма на грудзіне, — якія гаспадары, такі і кот!» І тут пачынаецца бойка за годнасць ката, а заадно і гаспадароў, якая ў працэсе выліваецца ў абмен «кампліментамі» паміж гаспадаром старонкі і каментатарам.

Прыклад з катом, вядома, выдуманы, але па такой схеме звычайна ў асноўным і дзейнічаюць інтэрнэт-тролі — закінуць брудную нажыўку-правакацыю і чакаюць рэакцыі. І калі атрымліваюць гэтую рэакцыю, вельмі задаволеныя, бо свае негатыўныя эмоцыі яны выплюхнулі на іншых.

Інтэрнэт-тролінг — размяшчэнне ў сетцы інтэрнэта правакацыйных паведамленняў з мэтай выклікаць флейм («спрэчку дзеля спрэчкі»), канфлікты, пустыя размовы, абразы і г. д. Чалавека, які займаецца тролінгам, называюць тролем.

Ёсць два віды тролінгу — «тоўсты» і «тонкі». «Тоўсты» троль — гэта, як правіла, неадэкватны чалавек з расхістанай нервоваю сістэмай. Такім чынам ён проста прыцягвае да сябе ўвагу. На адэкватныя адказы часта не рэагуе, палахлівы, пры ўзнікненні «небяспекі» стараецца «самаліквідавацца».

«Тонкі» троль дзейнічае больш «прафесійна»: ведае асновы псіхалогіі, і яго даволі часта цяжка нават выявіць. Гэта добры маніпулятар, здольны нават пры поўным спакоі давесці суразмоўцу да істэрыкі і нервовага зрыву.

Быў у мяне знаёмы «троль». Яго бацька піў і часта наладжваў скандалы ў сям’і. Былі і іншыя праблемы, якія хлопец цяжка перажываў. Хадзіў у касцёл, каб, магчыма, знайсці падтрымку, але і там чамусьці не знаходзіў разумення сярод моладзі. Так бывае, на жаль… Але было ў яго адно «хобі» — прыніжаць і абясцэньваць людзей на інтэрнэт-форумах. Там ён быў нібы каралём, лепшым за ўсіх астатніх, магчыма, лепшым за свайго бацьку…

У іншага «троля» я аднойчы  запыталася: «Навошта?» «Я проста так расслабляюся. Гэта як забава», — адказаў ён.

Для сваіх чорных мэтаў яны выкарыстоўваюць розныя метады: паклёп, абраза асобы, выказванне нейкіх шакуючых ідэяў, якія абражаюць тое, што з’яўляецца для «ахвяры» важным і каштоўным, непрамы паклёп (паўпраўда), калі да праўдзівай інфармацыі дадаюцца чуткі і шматзначныя намёкі, якія павінны, зноў жа, дыскрэдытаваць ахвяру ў вачах іншых удзельнікаў размовы. Яшчэ адзін з прыёмаў — аднесці суразмоўцу да пэўнай умоўнай групы («патрыёты», «свядомыя», «феміністкі» і г. д.) і прыпісаць яму найбольш непрымальныя якасці канкрэтнага члена гэтай групы; перафразаванне словаў суразмоўцы ў няправільным ключы і шматлікія іншыя прыёмы. У троля можа быць нават некалькі акаўнтаў, з якіх ён адпраўляе правакацыйныя паведамленні.

Галоўная мэта — выклікаць негатыўныя эмоцыі і справакаваць канфлікт. Тролінг можа быць выкарыстаны і для свядомага прыніжэння, дыскрэдытацыі пэўнага чалавека і нават цэлых кампаній і карпарацый, для падрыву іх рэпутацыі і ў выніку — банкруцтва. Для гэтай мэты «зацікаўленыя асобы» спецыяльна наймаюць троляў і нават выплочваюць ім ганарары.

Нярэдка тролінг выкарыстоўваецца ў інфармацыйных войнах. У гэтым выпадку яго мэта — адвесці ўвагу ад вострых сацыяльных тэмаў і ператварыць канструктыўнае абмеркаванне ў сварку.

Тролінг і хрысціянства

Хоць паняцце тролінгу з'явілася адносна нядаўна, яго прыклад мы можам назіраць у Бібліі, у Кнізе Быцця, калі сатана вядзе дыялог з Еваю, спакушаючы і ўводзячы яе ў падман. Спосаб правакавання, які ўжываецца ў сучасным інтэрнэт-тролінгу, вельмі падобны да таго, як сябе паводзіць сатана: „А цi праўда, што..?“ Нягледзячы на тое, што, кажучы пра інтэрнэт, мы гаворым пра віртуальную рэальнасць, гэтая рэальнасць вельмі канкрэтна ўплывае на духоўны свет, а часам і на псіхічнае здароўе чалавека», — адзначае ксёндз Алег Шпець SCHr.

«Ці з'яўляецца тролінг грахом і чаму? У сэнсе маральнай ацэнкі тролінг, вядома, з'яўляецца грахом супраць 8-й запаведзі, якая забараняе фальшывае сведчанне, паклёп. Слова „сатана“ тлумачыцца як „праціўнік“, „паклёпнік“, той хто раздзяляе, і менавіта для інтэрнэт-тролінгу характэрныя гэтыя дзеянні. Такія дзеянні з’яўляюцца недахопам любові да бліжняга», – падкрэслівае святар.

Як рэагаваць на тролінг?

Вядома, усё залежыць ад таго, які менавіта троль перад вамі. Найчасцей сустракаюцца «тоўстыя тролі». З імі лягчэй змагацца.

Першы спосаб — адказваць на правакацыі, але максімальна спакойна. Адказы павінны быць абгрунтаванымі. Важна не паказваць, што паведамленні троля выводзяць вас з сябе, бо ён менавіта гэтага і дамагаецца. Калі троль па вашых адказах убачыць, што вы не рэагуеце на правакацыі, ён ад вас адчэпіцца.

Многія псіхолагі раяць «не карміць троляў» — увогуле не рэагаваць на іх негатыўныя каментары і выпады. Аднак можа ўзнікнуць пытанне: «Мяне хтосьці будзе паліваць брудам, а я буду маўчаць? Так нельга!»

Але ў тролінгу гэта будзе адна з самых мудрых рэакцый, бо, па-першае, штосьці даказаць тролю вы не зможаце, у яго зусім іншая мэта, а, па-другое, не адказваючы, вы захаваеце раўнавагу вашага эмацыйнага стану, бо не будзеце «гуляць па яго правілах».


Марына Валасар

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла