Тайм-менеджмент па-хрысціянску. Па старонках новага нумара часопіса «Ave Maria»

Глыбокае разуменне таго, што нашай душы і целу неабходны паўнацэнны адпачынак, вельмі часта прыходзіць пасля таго, як чалавек ужо спазнаў негатыўныя наступствы свайго працагалізму, залішняй амбітнасці і загружанасці тэрміновымі і не заўсёды важнымі справамі… Як не дапусціць у такім выпадку перанапружанасці і нават неўрозу? Менавіта гэтая праблема стала асноўнаю тэмаю чарговага — ліпеньска-жнівеньскага — нумара часопіса «Ave Maria».

Адсутнасць часу на адпачынак — «гэта не абавязкова сімптом працагалізму. Прычынаю можа быць іншая духоўная хвароба…» — піша кс. Андрэй Рылка ў артыкуле «Грэх занядбанага адпачынку», дзе падрабязна аналізуе праявы нездаровых адносінаў да працы ў святле хрысціянскага светапогляду.

Ад якой працы і ў якой ступені належыць устрымлівацца ў нядзелю? «Трэба пазбягаць крайнасцяў», — піша ў адказе на гэтае пытанне айцец езуіт з Польшчы Дарыюш Кавальчык. Яго артыкул «Якая праца з’яўляецца працаю?» прысвечаны разважанням пра тыя заняткі, адносна якіх хрысціянін можа сумнявацца ў кантэксце наказу пра ўстрыманне ад неабавязковай працы ў нядзельныя і святочныя дні.

«Нясталая пазіцыя ў працы і размеркаванні часу» — гэтая назва артыкула хрысціянскага псіхолага с. Паўлы Бобер MSF гаворыць сама за сябе. Аўтарка прапануе ўмоўна падзяліць усе свае справы на чатыры катэгорыі, якія дапамогуць расставіць жыццёвыя прыярытэты і дасягнуць большай гармоніі ў працы і адпачынку.

Пакуль рыхтаваўся да друку гэты нумар часопіса, у Вільні адышоў у вечнасць святар, які вельмі шмат сваіх высілкаў і таленту прысвяціў адраджэнню Касцёла ў Беларусі, — ксёндз Ян Шуткевіч. У рэдакцыю пасыпаліся шматлікія матэрыялы ад удзячных вернікаў, якім пашчасціла калісьці працаваць, сябраваць ці проста быць знаёмымі з гэтым святаром. Сумнае, але шматзначнае супадзенне: ва ўсіх гэтых публікацыях лейтматывам гучыць думка пра тое, як моцна мы павінны цаніць час, жывучы на гэтай зямлі, і правільна яго размяркоўваць, бо «гады нашыя прамінаюць, як трава, а Ты, Божа, трываеш у вяках…». Магчыма, словы гэтай антыфоны, працытаванай у казанні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пахавальнай св. Імшы ў інтэнцыі кс. Яна Шуткевіча, дапамогуць нам паглядзць на сваё жыццё і свой час праз прызму вечнасці…


Ганна Шаўчэнка

Набыць часопіс можна:

  • у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 11.00–18.00);
  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. (017) 293 17 50.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла