Дзённік пілігрыма да Маці Божай Будслаўскай, пісаны Ірынаю Жарнасек 27 чэрвеня – 2 ліпеня 1995 года

Сёння шмат пілігрымак ідзе да Маці Божай Будслаўскай. А як жа было першым пілігрымам у дзевяностых гадах мінулага стагоддзя, калі толькі пачалі аднаўляцца пілігрымкі ў Будслаў на беларускай зямлі? На старонках часопіса «Ave Maria» за 1995 г. быў надрукаваны «дзённік пілігрыма», які вяла пісьменніца Ірына Жарнасек. Гэта было ажно 22 гады таму... Цікавыя, шчырыя радкі мы прапануем вашай увазе цяпер, калі пілігрымка ў Будслаў стала вельмі важнаю падзеяй у беларускім Касцёле.


Дзённік пілігрыма да Маці Божай Будслаўскай, пісаны Ірынаю Жарнасек 27 чэрвеня – 2 ліпеня 1995 года

У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

27 чэрвеня. 3 Божае ласкі ў гэты дзень распачалася пілігрымка полацкіх і наваполацкіх католікаў да Маці Божай Будслаўскай.

У 7 гадзін раніцы сярод рыштаванняў і сцен полацкага касцёла, пад адкрытым небам (бо полацкі касцёл — гэта сцены, якія ўзводзяцца і над якімі пакуль што яшчэ няма скляпенняў, само сабой зразумела, што няма і падлогі) адбылася святая Імша, у якой удзельнічалі 62 пілігрымы і тыя, што прыйшлі выправіць нас у дарогу. Св. Імшу адправіў ксёндз Францішак Кісель, яму асэставалі шэсць клерыкаў Гродзенскай духоўнай семінарыі: Аляксандр Чайкоўскі (Мінск), Дзімітрый Барыла, Аляксандр Барыла і Міхал Кухальскі з Глыбокага, Марат Казлоўскі і Аляксандр Амяльчэня з г. Браслава. Ксёндз блаславіў пілігрымаў у дарогу, і пасля кароткага перапынку разам з ім і клерыкамі мы вырушылі ў гэты не надта блізкі шлях. За пяць дзён нам давядзецца пераадолець 150 км.

Першы прыпынак у 10 гадзін у лесе. Камароў — мора. Есці не хочацца. Пакуль што ўсе бадзёрыя. Маці Божая Нястомнай Дапамогі, чый дзень мы сёння адзначаем, дапамажы нам дайсці і напоўніцу ўсвядоміць высокі сэнс пілігрымкі да Тваёй святыні. Сонца, здаецца, не збіраецца хавацца за хмары. Цёпла. I светла на душы.

Прыпынак другі. Не ведаю, як у каго, а ў мяне першыя мазалі ўжо ёсць. Трохі сорамна. Як гэта кажуць? Гультай — за работу, мазоль — за руку... Разам са мной ідуць мае сыны Саша і Вітак. Саша — пілігрым з вопытам, ён ужо летась хадзіў у гэткую ж пілігрымку і таму пазірае на нас, нявопытных, трохі паблажліва. Вітаку 10 гадоў. Як ён вытрывае гэткі шлях?.. Кажа, што вытрывае. Паглядзім. Наша мілая шчабятуха, дванаццацігадовая Таня Голуб, збегала ў лес, пакуль мы расціралі натруджаныя ногі, вярнулася і загадала а. Францішку загадку: «Адгадайце, у якой руцэ суніца: у правай альбо ў левай? Адгадаеце — ваша, не адгадаеце — таксама ваша». Адгадаў.

Моладзь не стамляецца, нават у танцы кідаецца. Але да гэтага, па дарозе быў спяваны Ружанец. Так што мы «і да танцу, і да Ружанцу». Ідучы па Фарынаве, спявалі, прыветна махалі стрэчным людзям рукамі, але, здаецца, яны не надта нас разумеюць. Ёсць пэўная насцярожанасць. Кажуць, летась было тое ж самае. Непрывычныя нашыя людзі да гэткіх шэсцяў, да адкрытага сведчання аб веры Хрыстовай.

Ксёндз пачынае падганяць. Ідзём.

Прыпынак трэці. Возера — мара падарожніка. Мы — за Ветрынам. Апускаем ногі ў ваду і, здаецца, ні за якое золата свету не выцягнем іх адтуль. Ды падыходзіць таксама вопытны пілігрым Уладзік Мялешка і спакойна так заўважае: «I што ж вы будзеце рабіць пасля? Пасля вады вашы ногі так абсадзяць мазалі!» Золата не трэба — ногі самі выскокваюць з вады...

Марыя Голуб заявіла, што справы не гэткія ўжо і дрэнныя, бо ніводнай пігулкі, прызначанай на пераход «Полацк — Празарокі», яна яшчэ не выпіла. Увогуле ж, наш пілігрымскі «доктар» Андрэй Рэцікаў пакуль што без працы. Ці то няма мазалёў, ці то ўсе яшчэ церпяць і трымаюць гонар? Ксёндз кліча ў дарогу. О-о-ох... Ідзём.

Чацвёрты прыпынак кароткі. Пры самай дарозе. Беражом сілы. Асноўнае — клопат з мазалямі. Андрэю праца знайшлася. Далей, да Празарокаў, ідзём без прыпынкаў. Усе згодныя, што лепш не спыняцца, бо надта ж цяжанька пасля ўставаць. Лепей ужо сунуцца сабе паціху, пакуль не ўбачым чаканыя вежы празароцкага касцёла. Сёння ён для нас самы чаканы і жаданы. Па дарозе даганяе машына, і мы чуем: «Можа піць хочаце?» I да нас лятуць бутэлькі з «Хэршы». Пасля аказалася, што гэта дырэктар крамы «Асарці» Анатоль Давідзюк — палачанін, больш за тое — католік. Ён, аказваецца, ахвяраваўся падтрымліваць нас у нашай дарозе: штодня перавозіць нашыя валізы, хлеб. Дзякуй яму за добрае сэрца! Хаця я трохі і была расчараваная, бо наіўна вырашыла, што гэта паспагадаў і пачаставаў нас вадой незнаёмы чалавек. Так не стае на гэтай цяжкаватай дарозе падтрымкі незнаёмых людзей: проста ўсмешкі, прывітання, разумення. Вопытныя пілігрымы мяне супакойваюць: кажуць, што пасля Празарокаў усё зменіцца. Зразумела, чаму. Тут, на гэтай тэрыторыі, даўжэй трывала бязбожніцтва. Першыя храмы Божыя — касцёл і царква — на нашым шляху будуць у Празароках. Там людзі не баяцца крыжа і тых, што ідуць услед за ім ды спяваюць хвалу Богу. Песень сапраўды шмат, малітваў — таксама.

Але вось шафёр адной са стрэчных машын здаля націскае на сігнал, вітаючы нас. Радасна ўскідваем рукі ўгору — нас зразумелі!

Перад Празарокамі, у Ламцях, — радасць: нас выйшлі сустрэць вяскоўцы: з абразом, хлебам-соллю, кветкамі ды з малаком, квасам... П’ём, спяваем ім «Дзякуем вам! Аллелюя», развітваемся. І прыбаўляецца сілаў. Прычына тут не толькі ў малаку: нарэшце мы спаткалі аднадумцаў, аднавернікаў. Прайшлі недзе 40 км — і пашчасціла напіцца малака ў спагадных людзей, якія выціраюць слёзы радасці, калі бачаць адкрытае сведчанне веры Хрыстовай. Беражы, Божа, усіх: і тых, што нас разумеюць, і тых, што непаразумела, насцярожана пазіраюць у наш бок альбо паспешліва адыходзяць, быццам мы — нейкія пракажоныя. Беражы іх усіх, Божа. Усе яны — наш народ...

Вежы празароцкага касцёла! Вітаем іх радаснымі воклічамі, рукі самі ўскідваюцца ўгору. Але да іх яшчэ трэба дайсці. Дойдзем. Цяпер ужо дойдзем. А ногі... Ногі чамусьці не ў лад з нашымі сэрцамі. Сэрцы спяваюць і гатовы ляцець, а ногі... плятуцца, чапляючыся адна за адну. Але ідуць. Сёння шмат маліліся, шмат спявалі песень да Маці Божай і Яе Сына, разважалі над таямніцамі святога Ружанца. Хіба з гэткай падтрымкай можна не дайсці?

Падыходзім да першага прыдарожнага крыжа на нашым шляху. За спінаю — 43 км шляху. Першы прыдарожны крыж. «Хвала і паклон Табе, Хрыстэ», — ціха прамаўляе ў мікрафон Дзіма Барыла. «Бо праз свой Крыж свет адкупіў Ты», — адказваем сцішана яму і апускаемся на калені. Стаім на каленях, дзякуем Богу за пройдзены шлях, просім благаслаўлення на далейшы. «Ойча наш, каторы ёсць у небе...» Сонца сядае за разгалістыя дрэвы недзе там, над Чарневічамі. На фоне ягоных чырвоных промняў высіцца наш крыж. Не думаю, што калі-небудзь я забуду гэтыя хвіліны. I так хочацца, каб яны засталіся ў памяці ўсіх, хто стаіць на каленях перад гэтым простым драўляным крыжам. Мы — хрысціяне. I гэта шчасце. Добры Езу, не дазволь нам прамяняць гэтае шчасце на якоесьці іншае. Не дазволь.

Празароцкі касцёл спаткаў нас званамі. Мы ідзём да яго пад гукі гэтай самай цудоўнейшай на свеце музыкі, і нашыя сэрцы спяваюць у такт званам. Спявайце, званы! Спявайце, сэрцы! Слаўце Бога і Божыя справы! На прыступках касцёла нас вітае пробашч задарожскай парафіі Юльян Паўлік. З дзяцінства, колькі сябе памятаю, паняцці «вера», «касцёл» звязаны для мяне з імем гэтага чалавека — цярплівага, нястомнага і нязломленага злымі сіламі ў веры, чалавека, які так шмат перажыў на сваім вяку і ні на крок не адступіў ад абранага раз і назаўсёды шляху — шляху служэння Богу.

Касцёл заліты святлом. Як на вялікае свята. Дзякуй. Мовім Літанію да Сэрца Езуса і разыходзімся па хатах. Па дарозе да начлега Вітак пачынае адставаць, кажа: «Страціў мэту». Позні вечар. У нашай добрай гаспадыні цёці Ірэны п’ём малако з гарачай бульбай. Нічога смачнейшага ніколі не елі. А яна наіўна дзівіцца, чаму мы адмаўляемся ад мяса. Доўга не магу знайсці месца на ложку сваім нагам. Ці то яны так прывыклі ісці, што на месцы ім не ляжыцца? Нарэшце яны знаходзяць супакой, і я ўслед за сынамі правальваюся ў сон.

28 чэрвеня. Дзень пачаўся са св. Імшы ў празароцкім касцёле. Пасля яе — у дарогу. За ноч усе, прыбадзёрыліся, пасвяжэлі, памаладзелі. Ідзем, молімся, спяваем. Ідзем па старым гасцінцы. Брукаванка. Мясціны — не адводзіў бы вачэй. Людзі сустракаюць прыветна. Адразу за Празарокамі, на хутары, некалькі жанчын ды мужчын выйшлі з абразом, крыжам, папрасілі благаслаўлення ў ксяндза Францішка. Мы — з тымі, хто верыць Богу. Мы — шчаслівыя.

Першы прыпынак — возера Доўгае. Яно самае глыбокае возера на Беларусі. У ваду, памятаючы ветрынскі вопыт, не лезем. Але адпачыць каля яго так добра... Моладзь узялася гуляць у валейбол. Мае дзеці — таксама. Вось вам і стома! Бачыла б іхняя бабуля Александрына, якая гэтак баялася за Вітака, як ён хвацка кідаецца за мячыкам! Якое гэта ўсё ж шчасце — быць цэлымі днямі з тымі, хто цябе разумее! Пішу гэтыя радкі, седзячы воддаль ад усіх, бо гаворка перашкаджае засяродзіцца. Сястра Лена гукае здаля да мяне: «А што вы там пішаце? Артыкул у газету? Напішыце пра мяне!» Мілая сястра Лена! Што напісаць пра цябе ў гэты дзённік? Што ў цябе дакучлівыя мазалі на нагах? Што табе так цяжка ісці па брукаванцы ў вязаных тапачках? Што табе так хочацца прыгожа складаць інтэнцыі да малітваў? Усё гэта. Ды яшчэ тое, што каля гэтага маляўнічага возера я прашу ў Пана Бога апекі над тваім жыццёвым шляхам, які ты адважна абрала ў росквіце сваёй маладосці. Табе так пасуе чорны строй законнай сястры! Як і гэтая шэра-блакітная сукенка, у якой ты ідзеш да Маці Божай Будслаўскай. Маці Божая! Апякуйся нашай мілай сястрой Ленай!

Над намі такое высокае, з рэдкімі аблачынкамі неба... Пад ім так лёгка ідзецца. Нібы прачытаўшы мае думкі, ксёндз кліча ў дарогу. Падымаемся. Бывай, возера Доўгае! Да наступных сустрэч.

Па дарозе — цікавая размова з братам Паўлам, манахам грэка-каталіцкага манастыра, які ці не год таму пасля доўгага перапынку аднавіў сваю дзейнасць у Полацку. Разам з чатырма грэка-католікамі брат Павел таксама ідзе з намі. Гаварылі пра дэградацыю нашага грамадства. 3 болем брат Павел гаварыў пра слабыя почасту карані хрысціянства сярод нашых людзей, пра адказнасць за гэта інтэлігенцыі. Ён перакананы, што задача кожнага сумленнага чалавека — служыць евангелізацыі народа. Усё гэта адпавядае маім думкам, і я шчыра цешуся, што мела размову з гэтым разумным, нераўнадушным і перакананым у сваім абраным шляху чалавекам.

Прошкава спаткала прыгожым алтаром. Заўсёды кранае душу, калі а. Францішак набліжаецца да гэткага вось алтара на нашым шляху, які зычлівыя людзі ладзяць, вітаючы нашу пілігрымку. Заўсёды, калі ён кленчыць перад гэткім алтаром, пачынае шчыпаць вочы. I, здаецца, не ў адной мяне. Прошкаўцы спаткалі сардэчна: сокі, малако, печыва, вараныя яйкі, цукеркі. Усё смачна-смачна. Адпачываем. Дзяўчаты нястомна спяваюць, а ў натоўпе вяскоўцаў раптам чую і такое: «Не люблю я святых беларускіх песень». Як? Чаму? Хіба можна іх не любіць, калі яны — святыя? Хіба ж прыгажэй было б, калі б нашы дзяўчаты і дзеткі спявалі, скажаючы польскія словы, не разумеючы іхняга высокага зместу? Усё гэта ў думках. Дай Божа, каб калі-небудзь нашы людзі перасталі цурацца прыгажосці, створанай на роднай зямлі. Каб бачылі не толькі суседскае хараство, наследавалі яму, але і сваё.

У Прошкаве рэстаўруецца старадаўняя драўляная капліца. Хаця б з-за нашай беднасці не сапсулі яе, такую сцішана-прыгожую, задумлівую. Беднасць — не апраўданне паспешлівасці ды неахайнасці ў дачыненнях да святыняў. Будзем спадзявацца, што ўсё скончыцца добра.

Дзяўчаты зноў спяваюць «Божа, выруш разам з намі». Вырушваем.

Па дарозе — Крыжовы шлях, разважанні якога праводзяць удзельнікі пілігрымкі. Робяць гэта ўсхвалявана і шчыра. А пасля — цікавае разважанне аб стане сучаснага Хрыстовага Касцёла брата Паўла. Слухаем, думаем, ідзем.

Да Пліса падышлі з ружанцовай малітвай на вуснах. Апошнюю таямніцу адмаўлялі, стоячы каля могілак. «А святло непагаснае няхай ім свеціць»... I майму дарагому настаўніку Леаніду Мітрафанавічу Багамазу, які спачывае на гэтых могілках, — таксама. Няхай яно свеціць усім вам, хто знайшоў тут свой апошні прыстанак...

У Плісе, на тым месцы, дзе летась сустракалі нашых пілігрымаў, сёлета высіцца прыгожы прыдарожны крыж. На сустрэчу сабралася шмат людзей. Адмовілі Літанію да Сэрца Езуса, ксёндз раздае дзецям абразкі, а да мяне падбягае дзяўчынка і працягвае руку: «Вы забыліся ў нас ружанец». А яшчэ кажуць няма цудаў. У Празароках, дзе начавалі, я сапраўды забылася ружанец, і вось ён дагнаў мяне ў Плісе. Цалую гэтае мілае дзяўчо і прашу ў ксяндза абразок для яе. З’яўляецца мой дарагі зямляк, клерык Гродзенскай духоўнай семінарыі Вячаслаў Пялінак, і запрашае адпачыць. Вяскоўцы раздабылі недзе ці то цяля, ці то парася. Якая розніца — усё адно вельмі смачна. I бліны з тварагом, і кава, і ўсё-ўсё. Не вылазіў бы, здаецца, з-за стала. А Вячаслаў яшчэ баіцца, што я напішу ў дзённік штосьці дрэннае пра тое, як яны нас сустракалі. Нават дзіўна. Навошта ж мне браць грэх на душу? Ды яшчэ ў пілігрымцы?

Зноў шмат песень, жартаў, нават танцаў. У многіх леташніх нашых пілігрымаў захаваліся знаёмыя з мінулага года. Ірвуцца да іх начаваць. Нядобра, але мы перайшлі ў такім выпадку дарогу нашаму Уладзіку і начуем у нашых сваякоў Алы і Віктара Няміраў. Добра, утульна, па-свойску. Дзякуй.

29 чэрвеня.  Трэці дзень пілігрымкі пачаўся віншаваннем нашага брата Паўла. Сёння — Пятра і Паўла. Шчыра зычым шчасця на ягонай нялёгкай дарозе служэння Богу ў той веры, якая так доўга пераследавалася, вынішчалася, але якая зноў адраджаецца.

Малітва каля крыжа. I — у дарогу. Праз усё Пліса ідзём з песнямі, людзі з гародчыкаў благаслаўляюць нас: адны — па-каталіцку, другія — па-праваслаўнаму. Усім дзякуй. Усім.

Молімся, як заўсёды, ранішнія малітвы. Малітву пілігрыма да Маці Божай Будслаўскай, Ружанец... Марыя Голуб узгадала, што сёння ў сястры Магдалены, якая летась ішла разам з імі ў пілігрымцы і цяпер недзе ўспамінае нас у сваёй роднай Польшчы, сёння ў яе дзень уступлення ў ордэн. Молімся за яе частку Ружанца. Успамінаем яе, ейны дзівосны голас, зайздросную жыццярадаснасць і весялосць. Любім і памятаем яе.

Да Глыбокага ідзём старой дарогай, праз Чорны ручай. Птушкі ўгары вітаюць нашыя малітвы і разам з намі славяць Бога. Атэіст, напэўна, скрывіўся б на мае гэтыя нататкі, але дзеля таго, каб адчуць, што гэты свет, створаны добрым Панам Богам, дзячыць Яму і славіць Яго, дзеля гэтага трэба хаця б некалькі дзён правесці на малітве, у цішы, сярод лугоў, лясоў ды палёў. Які ён цудоўны — наш свет!

Адпачываем у лесе. Страшнавата змеяў, але яны паразпаўзаліся пры нашым з’яўленні пад свае карчы. Калі, вядома, былі тут... Ксёндз дзівіцца, што мы так хутка ідзем і ніхто надта не стаміўся.

Прыпынак за Гваздовым у лесе. У Станулях молімся каля прыдарожнага крыжа. Іх усё больш і больш сустракаецца на нашым шляху — крыжоў пры дарогах. Хрысціянства. Перад самым Глыбокім — прыгожая каплічка, нібы ў тым Люрдзе. I фігура Маці Божай. Вітаемся з людзьмі пры каплічцы. Гэта сям’я Катовічаў. Ахвярная ў веры сям’я. Разам з астатнімі вернікамі яны будавалі гэтую каплічку. Ён — майстар на ўсе рукі — сам абчэсваў камяні, сам іх укладваў, а яна хварэла — доўга і цяжка. Цяпер вось паправілася і змагла сустрэць нас пры каплічцы. Дай, Божа, вам здароўя і шчасця, добрыя і ахвярныя людзі.

Глыбокае. На вуліцах шмат прыветных людзей. Вітаюць. Падбягаюць да ксяндза, некаторыя становяцца на калені проста на дарозе, у пыле. Ён благаслаўляе іх, раздае абразкі. Заўсёды ў гэткія хвіліны шкадую, што няма побач нашага Андрэя з фотаапаратам. Мы шчаслівыя, што бачым іх, прыветных і адданых веры Хрыстовай. Яны радасныя, што бачаць нас, якія сведчаць аб гэтай жа веры. Яна яднае нас — палачанаў, празарчанаў, мінчанаў, глыбачанаў. Мы ў ёй — адно.

На прыступках касцёла нас спаткалі ксёндз Кірыл Клімовіч з Глыбокага і ксёндз Юзаф Булька з Мосара. У касцёл уваходзім з песняй «Ты за сабою нас вядзеш», стаім нейкі час на каленях у маўчанні. I нікому не трэба тлумачыць, чаму на вачах — слёзы, а на сасмяглых вуснах — усмешкі. Усё зразумела без слоў...

Святая Імша. Чамусьці здалося, што ў часе яе было нейкае незразумелае, невытлумачальнае суперніцтва паміж глыбачанамі і намі. Хаця тлумачэнне ёсць: беларуская мова. Нязвыклая яна для іх. Мы ж молімся па-беларуску. Але, здаецца, калі заспявалі «Матачку Божую» і «Дай, добры Божа...», халадок знік сам па сабе. Сама бачыла, як некаторыя глыбоцкія жанчыны выціралі слёзы. Што ж, гэта моцна. I гэта так адпаведна стану нашага сучаснага жыцця. Пакуль што беларусы не могуць на поўны голас заспяваць нешта накшталт таго, што спяваюць палякі. Да прыкладу, «Z dawna Polski tyś Królową, Maryją!» Мы проста не дараслі да гэткай упэўненасці дый не прысвяцілі сябе як след, усенародна, Каралеве свету. Мы просім, молім, жаласна клічам Матачку Божую. I хто ведае, каго Яна ахвотней ахіне сваім плашчом. Адно вядома — верных.


Працяг будзе
Паводле: «Ave Maria» № 7–8, 1995 г.

Фотаздымкі ілюстрацыйныя,
на фота - пілігрымы Віцебшчыны ў 2002 г.

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла