Дзённік пілігрыма да Маці Божай Будслаўскай, пісаны Ірынаю Жарнасек 27 чэрвеня – 2 ліпеня 1995 года. Працяг

Працяг публікацыі «дзённіка пілігрыма» пісьменніцы Ірыны Жарнасек, які яна вяла ў пілігрымцы 22 гады таму назад.


Адна жанчына ў касцёле, як я зразумела, не з Глыбокага, скардзілася нашым пілігрымам на свайго ксяндза, які моліцца па-беларуску. «Вядзём з ім барбу», — упэўненая ў сваёй праваце, голасна шаптала ў часе набажэнства, а пасля дадала: «А сам, ці дасцё веры, паляк!» Такі вось дзіўны недзе ёсць ксёндз па-ляк. Дзякуй яму. Шкада, што не ведаю, дзе ён працуе. Бедная Беларусь! Бедная ад непавагі сваіх жа людзей. Хіба гэта не выпрабаванне? Не дадатковы наш крыж, які мы павінны несці ўсе разам: адны, успрымаючы гэта як крыж, другія ж проста не разумеючы, адкуль гэты цяжар на плячах. На пачатку гэтага стагоддзя ксёндз Стэповіч пісаў пра Беларусь:

Злітуйся, Божа, Ты над ёю,
Не дай у гробе век ляжаці,
Дазволь да жыцця ёй устаці
У гэты год, на трэці дзень.

Напрыканцы стагоддзя мы просім таго ж. Але стагоддзе ў Божых планах — гэта так мала. 100, 300, 500 гадоў — хіба гэта шмат для Ягонай неабсяжнасці? Але ж колькі пакаленняў яны ўбяруць у сябе? Самае мудрае — «Будзь воля Твая». Будзь воля Твая ў нашым жыцці, на нашай зямлі.

Начлег у сям’і Карчагіных. Клапатлівая пані Рэня вытапіла нам лазню. Пасля яе так соладка спіцца. Асабліва, смачна пад’еўшы ды напіўшыся казінага малака...

30 чэрвеня. «Божа, выруш разам з намі», — спяваюць нашы дзяўчаты. Выходзім з касцельнае брамы разам з пілігрымамі з Глыбокага, Мосара, Удзела. Нас ці не напалову паболела. «Слаўце Пана, усе народы!» Разам з новымі пілігрымамі ідзе ксёндз Кірыл з Глыбокага і клерыкі Раман Мурзіч, Сяргей Альхімёнак, Аляксей Раманчук, Міхал Татарэнка.

Дзве жанчыны за Глыбокім паставілі пры дарозе стоўчык, заслалі яго бялюткай сурвэткай, на якой — крыжык і кветкі, і... слоік мёду.

Мёд — нам на дарогу.

Клерык Дзіма адмаўляецца, а бабуля ледзьве не ў слёзы: «Дзеткі, вазьміце! Мёд жа сілы дадае». Як тут не возьмеш?

Пачынаю заўважаць за сабой, што за гэтыя дні ў мяне выпрацавалася цікавая звычка — ускідваць угору рукі. Ідзеш сабе, ідзеш — і раптам рукі самі ўзносяцца над галавой. Да неба? Ад паўнаты пачуццяў, шчасця?

У Варганах — цікавы каменны крыж пры дарозе. Молімся. Ідзем далей.

Порплішча. Касцёл і царква стаяць праз дарогу. Прыгожыя такія. I нікому не цесна. Светла. Утульна. Шмат людзей сабралася на сустрэчу з намі. Маленькія дзеткі паднеслі вялізны каравай ксяндзу Францішку. Ідзем на цвінтар, а за намі паважна так, з годнасцю ідзе гусак. Ён так паважна, буркаючы сабе штосьці, ішоў за намі, што мне шкада было, калі яго адагналі мужчыны.

Касцёл утульны, нядаўна адноўлены да жыцця. I да гонару тых, хто яго аднаўляў, зроблена ўсё з густам. Няма тут залішняй пышнасці, якая часам мяжуе з безгустоўшчынай. На правым алтары прыгожы абраз «Езу, давяраюся Табе». Промні Ягонай міласэрнасці быццам агарнулі ўсіх нас, стомленых, здарожаных, шчаслівых. Молімся «Ойча наш...» і ідзем абедаць. Порплішчанцы нагатавалі столькі ўсяго смачнага, што мы баімся, як далей ісці. Сыр з кменам — цуд, печыва — цуд, малако — таксама... Умеюць нашы жанчыны смачна гатаваць і прывячаць гасцей.

Пасля абеду ў касцёле молімся Крыжовы шлях. Яго адпраўляюць клерыкі і законныя сёстры. Не ведаю, але наўрад ці быў хтосьці з пілігрымаў настолькі стомлены, што не ўспрыняў яго. Клерыкі і сёстры глыбока і шчыра разважалі над мукаю Пана Езуса. Выйшлі з касцёла сцішаныя, задумлівыя, засяроджаныя. Ціха прашу ў Маці Божай апекі над нашым будучым святарствам, нашым будучым Касцёлам. 

Развітваемся з гаспадарамі. Вырушваем у дарогу. Молімся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Сёння — пятніца. Пасля Крыжовага шляху Вяночак якраз дарэчы. Уражаная Крыжовым шляхам, тымі разважаннямі, думаю пра нашых клерыкаў. Як добра, што яны ідуць разам з намі! Аляксей Раманчук ахвяраваўся ісці басанож. Ногі ўжо, бачна, зраненыя, а ён увесь час хораша і вольна спявае. Любіць спяваць і браслаўчанін Саша Амяльчэня. Пад ягонае «Laudate Dominum» так лёгка ісці! Альбо калі заспявае «Рушайма разам да раю брам...», адразу паскараецца крок, быццам не так ён ужо і далёка, гэты жаданы рай. А што? Разам з гэткімі спадарожнікамі надзейна туды ісці.

А як уявіць нашу пілігрымку без Дзімітрыя Барылы? Ён паспявае ўсюды: і памаліцца ранішнія малітвы, і арганізаваць ружанцовую малітву, і заўважыць, ці не адстаў хтосьці. Прытомішся, апусціш галаву і раптам пачуеш над вухам Дзімаў голас: «А дзе ўсмешка? Куды яна падзелася?» Ну, як тут не адшукаеш яе, згубленую на нейкі час сярод спёкі, пылу і стомы? 

Ягоны брат Аляксандр Барыла трохі іншы. Ідзе роўна, плаўна, быццам не дзясяткі кіламетраў адмервае чацвёрты дзень, а так сабе — выйшаў проста на праходку. Здаецца, адпраў яго цяпер у пустэльню — пройдзе ўсю і вернецца з гэткім жа зычлівым тварам ды заспявае: «Хай тваё сэрца больш не журыцца! Бог цябе любіць! Ён цябе збавіў!»

Міхал Кухальскі і Аляксандр Чайкоўскі ўвесь час, здаецца, у сваіх думках. Але варта падысці і штосьці запытаць — і адразу твой клопат робіцца іхнім. Аляксандр разважае над падзеямі Евангелля гэтак, быццам тое адбывалася не два тысячагоддзі таму, а вось цяпер, тут.

За намі ідзе машына а. Францішка. Паколькі гаспадар у пілігрымцы, а сама яна ісці не хоча, то за рулём сядзіць клерык Марат Казлоўскі. Ягоны пастаянны клопат — вада для нас. I мы заўсёды з вадою. Калі ж хто зусім ужо заняможа, то можна пад’ехаць, але ахвотнікаў скарыстаць з гэтага няма. Адзін Марат, ды і той не па ахвоце, а па абавязку.

Наша нястомная пяюха Оля Арлянковіч запявае «Божа, выруш разам з намі...». Усе ўжо на дарозе, а я яшчэ дапісваю гэтыя радкі. Каля Олі падскоквае гэткая ж нястомная ў спевах ейная сястрычка Леначка — наша агульная любіміца. У свае восем гадоў яна нястомна тупае сабе да Маці Божай ды яшчэ ой як спявае  «О анеле, дружа мой!..». I мы тады адразу чуем подых крылаў таго анёла, які заўсёды «ласкавы памагчы». Капелюшы пілігрымаў закалыхаліся над дарогай. Гукаюць мяне. Бягу-у-у...

Жанчына з нейкай вёскі выбегла на дарогу з толькі што сарванымі ў гародчыку кветкамі, падала іх ксяндзу Цырылю, забедавала, што не ведала, а то сустрэла б лепш. «А што лепшае трэба?» — шчыра дзівіцца а. Кірыл і благаслаўляе яе. Ён не скупіцца на добрае слова да стрэчных людзей. Так і чуеш ад яго раз-пораз: «Жывіце здаровенькія! Расціце, дзеткі, на радасць Богу і людзям! 3 Богам! Шчасця!» Не шкадуе ён добрага слова і для нас. Добрага, пераканаўчага. Дзякуй. Нам так патрэбныя яны ў жыцці, вашыя добрыя, пераканаўчыя словы, нашы дарагія духоўныя настаўнікі.

Помнік беларусам і італьянцам — ахвярам фашызму — перад в. Параф’янава. Молімся «Анёл Панскі». Стаім у задуме. Сумнае, трагічнае, жалобнае месца... Прыгожы, з густам выкананы помнік. Тужлівыя бярозы вакол яго. «Вечны спачын дай ім, Пане...»

Параф’янава. Прыгожы касцёл. I зноў з лёгкай зайздрасцю баліць душа, узгадаўшы памяшканне, дзе моляцца наваполацкія католікі, адкрытае неба над галовамі полацкіх... У нас будзе свой касцёл. Абавязкова!

Апошні начлег перад Будславам. Ужо лёгшы, Вітак раптам просіць гаспадыню: «А кіслага малака ў вас няма?» Я гукаю: «Надумаўся! Мала табе было салодкага?» Але гаспадыня прыносіць смятану, і Вітак мажа ёю спаленыя на сонцы рукі. Смяецца, ціхенька вохкае, супакойваецца...

1 ліпеня. У восем гадзін — малітва ў параф’янаўскім касцёле. I — у дарогу. Ледзьве не ўся вёска на вуліцы. Людзі зычаць нам шчаслівай дарогі. Як добра, як лёгка быць сярод сваіх!

Каля крайняй хаты ў Грынеўшчыне Лёдзя Юргевіч накрыла вынесены на вуліцу стол. Адпачываем, п’ём, перакусваем. Пры кожным прыдарожным крыжы — «Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ...» Дарога... Сярод буйных жытоў, пад высокім і ясным небам. Ліпень. Наперадзе калышацца крыж. Яго час ад часу нясе і мой сын Саша. Дай, Божа, яму заўсёды годна несці свой крыж!

Сёння дзень нараджэння ў Міхала Татарэнкі. Віншуем, спяваем яму «Барку». Расчулены, у падораным вянку з палявых кветак, ён так хораша дзякуе нам. Міша адказаў на покліч Бога: «Так». Падтрымай яго, Божа, на абраным шляху. Віншуем таксама імянінніц — нашых дзвюх Галін.

У дарогу. Па дарозе пілігрымы спавядаюцца ў нашых ксяндзоў. Спачатку гэта здалося неяк нязвыкла, але потым многія казалі, што, наадварот, добра, бо часу хапае: ніхто цябе не надчэквае, ксёндз нікуды не спяшаецца. Словам, хапае часу і на рахунак сумлення, і на споведзь, і на малітву пасля яе.

Адпачываем каля меліярацыйнай канавы. Вырушваем зноў, і неспадзявана чую ў мікрафон голас а.Францішка. Неспадзявана, бо ён рэдка бярэ мікрафон, найчасцей, калі пасля прыпынку кліча нас у дарогу. На гэты ж раз... Ён абвяшчае, што бачыць... вежы будслаўскага касцёла! Я іх не бачу. Але я так рада, што бачыць іх ён і тыя, хто побач з ім, там, наперадзе. Кленчым проста на дарозе, молімся пацеры. Чую вакол усхваляваныя, сцішаныя галасы. Не пазнаю свайго...

Будслаў! Мы — у Будславе! Перад святыняй нас сустракае ксёндз Францішак. Не наш, вядома. Наш — з намі.

У касцёле молімся. Хвіліну маўчым. Кожны аб сваім. Прыйшлі. Пілігрымка скончылася. Далей будзе свята, якое чакае нас.

2 ліпеня. Самае цікавае і карыснае ў пілігрымцы — шлях. Гэта не толькі мая думка, але і многіх нашых пілігрымаў. А свята... Калі табе ўвесь час таўкуцца па змучаных нагах, а то й сыкаюць на цябе, — гэта ўжо не свята. Даруй, Маці Божая, але пасля нашай такой дарогі мне нават цяжка пабыць з Табой у думках. Перашкаджае таўкатня. Мы ішлі, каб пабыць з Табой, а не прастойваць, няхай сабе і доўга, на каленях, бяздумна паўтараючы завучаныя словы. Як навучыцца гэтаму ў цясноце, пасля вольных пяці дзён шляху? Як навучыцца не заўважаць, што Твая, Маці Божая, святыня даўно патрабуе догляду, клапатлівых рук?

У 24 гадзіны святую Імшу адправіў Яго Эксцэленцыя нунцый Сталіцы Апостальскай Аўгустыно Маркэтто.

Ноч у касцёле. Людзі ўвесь час спяваюць. Але сучасны касцёл — гэта і разважанні аб веры, гэта спевы, гэта размова з Тваім Сынам і з Табой, Маці Божая, нашых дзяцей. Чаму ўсяго гэтага няма ў Тваёй святыні? Не навучымся мы ніяк святкаваць Твае ўрачыстасці.

Але самае незразумелае: чаму ў нядзелю, у гэткае вялікае свята, побач з Тваёй святыняй прадаецца гарэлка? Чаму тут ідзе гандаль? Чаму да вушэй вернікаў, якія ўдзельнічаюць у святой Імшы, далятае гоман кірмашу? Чаму пасля ўрачыстасці вакол Тваёй святыні застаецца смецце?

Даруй, Маці Божая! Усе гэтыя пытанні не да Цябе. Яны — да нас, да тых, хто служыць Табе, спадзяецца на Цябе, просіць у Цябе літасці і заступніцтва.

Малая базыліка... Санктуарый Марыі, з якога сыплецца тынкоўка... Даруй, Святая Марыя! За гэты кірмаш. За гэта бязладдзе! За непавагу да Цябе. За тое, што мы гэткія, якія ёсць.

Не, самае лепшае ў пілігрымцы — гэта шлях да Цябе. А свята... Не навучыліся мы яшчэ святкаваць. Відаць, так. Можа, прыйдзе некалі гэткі час, што навучымся. Але мы шчаслівыя, што прыйшлі да Цябе, да Твайго алтара. Не мы рабілі кірмаш, але нам за яго сорамна. Даруй. I... пакліч нас у дарогу на наступны год. Пакліч нас, Маці Божая Будслаўская, наша найлепшая Маці. I мы прыйдзем.


 Пачатак чытайце тут

Фотаздымкі ілюстрацыйныя,
на фота - пілігрымы Віцебшчыны ў 2002 г.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла