Да Фацімы даходзяць весткі пра цуды, якія адбываюцца пад заступніцтвам с. Люцыі

Санктуарый у Фаціме атрымлівае вялікую колькасць лістоў і паведамленняў па e-mail, у якіх гаворыцца пра Божыя ласкі, атрыманыя праз заступніцтва с. Люцыі дэ Сантуш. Пра гэта паведаміла с. Ангела Каэльха, адна з адказных за беатыфікацыйны працэс удзельніцы Марыйных аб’яўленняў 1917 года. Сястра Ангела расказала таксама пра шматлікія малітоўныя просьбы, якія прыходзяць у партугальскі санктуарый у сувязі з працэсам беатыфікацыі.

«Мы можам казаць пра вялікую надзею вернікаў на малітоўнае заступніцтва сястры Люцыі», — сказала с. Ангела, адначасова дадаючы, што дагэтуль не можа назваць дату магчымай беатыфікацыі.

13 лютага гэтага года ў Каімбры афіцыйна скончыўся дыяцэзіяльны этап працэсу беатыфікацыі сястры Люцыі. Названая дыяцэзія, на тэрыторыі якой 13 лютага 2005 г. памерла візіянерка, і распачала гэты працэс праз тры гады пасля смерці сястры Люцыі паводле спецыяльнага папскага дазволу на больш хуткае распачацце беатыфікацыі. Больш за 15 тыс. старонак дакументаў былі адпраўленыя ў Апостальскую Сталіцу. Там разглядаецца 11 тыс. лістоў, напісаных сястрою Люцыяй на працягу яе жыцця ў кармэліцкім ордэне, а таксама 61 сведчанне асобаў, якія ведалі памерлую, калі ёй было 98 гадоў. 

У лютым гэтага года ксёндз Раман Гамбалунга, адказны за беатыфікацыю, сказаў, што прызнанне сястры Люцыі благаслаўлёнаю павінна адбыцца ўжо ў хуткім часе, і дадаў, што ён упэўнены ў завяршэнні працэсу. Ксёндз Раман падкрэсліў, што працэс патрабуе дэталёвых даследаванняў у Ватыкане, якія забяспечаць «магчымасць для паглыбленага багаслоўскага і духоўнага роздуму».

«Для многіх людзей сястра Люцыя — ужо святая. І сталася такою не ў выніку яе ўдзелу ў аб’яўленнях, а дзякуючы духоўнаму вопыту сястры кармэліткі», — адзначыў ксёндз Раман.


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
паводле niedziela.pl

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла