Папа Францішак: Панна Марыя - не «абразок» для атрымання ласкаў, а нашая Настаўніца на вузкім шляху крыжа

Увечары 12 мая ў капліцы аб’яўленняў Фацімскай Божай Маці адбыўся абрад благаслаўлення свечак і супольная ружанцовая малітва. Перад малітваю папа Францішак звярнуўся да вернікаў: «Хачу запэўніць усіх вас, хто знаходзіцца ў адзінстве са мною тут або ў любым іншым месцы, што я ўсіх вас нашу ў сваім сэрцы. Я адчуваю, што Езус даручыў мне вас».


«На кожнага гаротнага і няшчаснага, пазбаўленага гэтага моманту, на кожнага адрынутага і пакінутага, каму адмоўлена ў будучыні, на кожнага сірату і на кожную ахвяру несправядлівасці, якім не дазволена мець мінулага, няхай сыйдзе Божая ласка, уцелаўлёная ў Езусе Хрысце: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам!” (Ліч 6,24-26)».

Гэтае благаслаўленне - як сказаў Папа - споўнілася да канца ў Панне Марыі, паколькі ніякае іншае стварэнне не бачыла на сабе ззянне Божага аблічча так, як бачыла Яна, якая дала чалавечае аблічча Сыну спрадвечнага Айца. Мы можам сузіраць гэтае аблічча ў таямніцах Ружанца: радасных, святла, балесных і хвалебных. «Калі мы хочам быць хрысціянамі, мы павінны належаць і Марыі», - казаў папа Павел VI.

Папа Францішак згадаў пра памылковыя ўяўленні пра Найсвяцейшую Багародзіцу. Кім жа для нас з'яўляецца Панна Марыя?  «Настаўніцай у духоўным жыцці, першай, хто пайшоў за Хрыстом “вузкім шляхам” крыжа, даючы нам прыклад, або недасяжнай Паннай, якую немагчыма наследаваць? “Благаслаўлёнаю”, бо Яна верыла ў любых абставінах словам Бога, або “абразком”, да якога звяртаюцца для атрымання ласкаў “па невялікім кошце”? Паннай Марыяй з Евангелля, якую Касцёл шануе ў малітве, або Той, якая ў нашым суб'ектыўным уяўленні нібыта стрымлівае руку Бога, гатовую пакараць, Той, якая нібыта лепшая за Хрыста – бязлітаснага Суддзю, Той, якая нібыта больш міласэрная за Баранка, забітага за нас?»

Папа падкрэсліў, што мы несправядлівыя да Бога, калі спачатку кажам, што чалавек пакараны за грахі Яго судом, замест таго каб сцвярджаць перш за ўсё, што грахі дараваныя Яго міласэрнасцю. «Неабходна ставіць міласэрнасць перад судом», - адзначыў Папа. Больш за тое, суд адбываецца заўсёды ў святле міласэрнасці: гэтая міласэрнасць не адмаўляе справядлівасці, таму што Езус узяў на сябе наступствы нашага граху, у тым ліку належнае пакаранне за яго.

«Ён не адмаўляў грэх, а заплаціў за яго замест нас на крыжы. Такім чынам, паводле веры, якая злучае нас з крыжам Езуса Хрыста, мы вызваленыя ад нашых грахоў і павінны адкінуць усялякі страх, таму што яны непатрэбныя тым, каго палюбілі».

Напрыканцы свайго звароту да вернікаў Папа заклікаў «праслаўляць з радасцю ласкі Пана» пад лагодным позіркам Панны Марыі, прамаўляючы наступныя словы:

 «Душа мая спявае для Цябе, Пане! Міласэрнасць, якую Ты праявіў да Тваіх святых і да ўсяго вернага народу, прыйшла і да мяне. З-за пыхі майго сэрца я жыў у мітусні, у сваіх амбіцыях і інтарэсах, але не змог узысці на ніводны трон, о Пане! Адзіная магчымасць узвысіцца заключаецца для мяне ў тым, каб твая Маці ўзяла мяне на рукі, накрыла сваім плашчом і паднесла да Твайго Сэрца. Амэн».


Падрыхтавала Вольга Качалка
паводле ru.radiovaticana.va

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла