Папа Францішак цэлебраваў Імшу ў 100-годдзе Фацімскіх аб'яўленняў

У 100-годдзе аб'яўленняў Маці Божай Фацімскай папа Францішак у прысутнасці больш чым паўмільёна вернікаў з 55 краінаў кананізаваў дваіх з трох удзельнікаў падзеяў 1917 г. - Францішка і Жасінту Марту. "Неба цяпер па-сапраўднаму мабілізуе ўсіх нас супраць абыякавасці, якая астуджае нашыя сэрцы і ўзмацняе нашую недальнабачнасць", - сказаў Пантыфік.


За паўгадзіны да пачатку св. Імшы да алтара перад базылікаю ў працэсіі была перанесеная фігура Маці Божай Фацімскай. Вернікі абсыпалі яе пялёсткамі кветкаў і віталі, махаючы белымі хусцінкамі. Каля фігуры былі размешчаныя рэліквіі Францішка і Жасінты. Партрэты новых святых аздаблялі франтон базылікі Маці Божай Ружанцовай.

Сярод канцэлебрантаў было восем кардыналаў і 135 біскупаў з усяго свету.

 


Кананізацыя брата і сястры Марту - візіянераў з Фацімы

- Святы Айцец, святая Маці Касцёл шчыра просіць, каб Ваша Святасць залічыў да шэрагу святых благаслаўлёных Францішка Марту і Жасінту Марту і каб яны маглі ўшаноўвацца як святыя сярод усіх вернікаў, - прамовіў ардынарый Лейрыя-Фацімскай дыяцэзіі біскуп Антоніа Аўгуста дэ Сантуш Марту, якога суправаджала адказная за кананізацыйны працэс с. Ангела Каэльха.

Пасля Літаніі да Усіх Святых папа Францішак урачыста абвясціў па-партугальску формулу кананізацыі: "На хвалу Святой і Непадзельнай Тройцы, для ўзвышэння каталіцкай веры і развіцця хрысціянскага жыцця, моцаю ўлады Пана нашага Езуса Хрыста і святых Пятра і Паўла, а таксама моцаю Нашай улады пасля папярэдніх грунтоўных развагаў, пасля шматлікіх малітваў і парадаў многіх нашых братоў у біскупстве пастанаўляем і заяўляем, што благаслаўлёныя Францішак Марту і Жасінта Марту з'яўляюцца святымі і залічаныя да шэрагу святых, рэкамендуем шанаваць іх як святых ва ўсім Касцёле. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа". Словы Папы выклікалі бурныя воплескі больш чым паўмільённага натоўпу.


 

 

Францішак і Жасінта сталі самымі маладымі святымі Каталіцкага Касцёла, якія не з'яўляюцца мучанікамі. Усё яшчэ працягваецца беатыфікацыйны працэс трэцяй візіянеркі, Люцыі дэ Сантуш.

Мы маем Маці!

Спасылаючыся на словы з кнігі Апакаліпсіса св. Яна: "І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца", а таксама на выказванне Езуса з Евангелля: "Вось Маці твая", папа Францішак у гаміліі падкрэсліў, што мы "маем Маці!", "вельмі прыгожую Пані", гэтак, як казалі паміж сабою візіянеры з Фацімы, вяртаючыся дадому 13 мая сто гадоў таму.


 

Папа падзякаваў прысутным за наведванне санктуарыя. "Я не мог не завітаць сюды, каб аддаць пашану Панне Марыі і даручыць Ёй Яе сыноў і дачок. Пад Яе плашчом яны не згубяцца; з Яе рук сыдзе надзея і супакой, якія так патрэбныя і якіх я жадаю ўсім маім братам у хросце і ў чалавецтве, асабліва хворым і абмежаваным, вязням і беспрацоўным, убогім і пакінутым, - сказаў Святы Айцец і заклікаў да малітвы. - Дарагія браты, молімся да Бога, спадзеючыся, што людзі нас пачуюць; і звернемся ж да людзей з упэўненасцю, што Бог спяшаецца да нас на паратунак".

Кажучы пра фацімскія аб'яўленні, Папа адзначыў, што толькі дзеці бачылі "Нябесную Маці". "Панна Марыя не прыйшла сюды, каб мы ўсе бачылі Яе: для гэтага ў нас будзе вечнасць, вядома, калі мы трапім у неба", - сказаў Святы Айцец.

 


Папа Францішак узгадаў, што ў адным са сваіх лістоў сястра Люцыя падкрэслівала: Бог вымагае ад кожнага з нас выканання сваіх абавязкаў. "Неба цяпер па-сапраўднаму мабілізуе ўсіх нас супраць абыякавасці, якая астуджае нашыя сэрцы і ўзмацняе нашую недальнабачнасць. Мы не хочам быць зраненай надзеяй!" - сказаў Пантыфік і нагадаў, што Езус прынізіў сябе і пайшоў ажно на крыж, каб знайсці нас, перамагчы цемру зла і вярнуць да Святла.

Затым Папа сказаў, што Езус, узышоўшы на неба, занёс да Нябеснага Айца людскасць - нашую людскасць - якую Ён прыняў ва ўлонні Маці, Панны, і якую ніколі ўжо не пакіне. "Няхай жа гэтая надзея будзе рычагом жыцця кожнага з нас! Надзея, якая заўсёды падтрымлівае нас, ажно да апошніга ўздыху", - дадаў Папа. 

Благаслаўленне хворых

Пасля св. Камуніі пачалася эўхарыстычная адарацыя, спалучаная з благаслаўленнем хворых. Звяртаючыся да іх, папа Францішак нагадаў, што ў сваіх пакутах Езус узяў на сябе ўсе нашыя цярпенні і ведае, што такое боль, разумее нас, суцяшае і дае нам сілы, як даў святому Францішку Марту і святой Жасінце, святым усіх часоў і мясцінаў. "Касцёл просіць Пана, каб суцешыў церпячых, такіх, як вы, і Ён сапраўды суцяшае вас у глыбіні сэрца, суцяшае вас дарам мучаніцтва", - сказаў Папа.

 


Пасля Святы Айцец падышоў да хворых у інвалідных калясках, сабраных пад каланадаю санктуарыя, і ўдзяліў ім благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Потым папа Францішак удзяліў эўхарыстычнае благаслаўленне ўсім прысутным.

 


Аздароўлены хлопчык

У кананізацыйнай урачыстасці ўдзельнічаў 10-гадовы Лукас Маэда дэ Алівэра з Бразіліі, цудоўным чынам аздароўлены праз заступніцтва дваіх пастушкоў з Фацімы. У шасцігадовым узросце хлопчык, бавячыся з сястрою, выпаў праз акно дома свайго дзядулі з вышыні сямі метраў, атрымаўшы цяжкую траўму галавы. У выніку траўмы дзіця страціла частку тканкаў мозгу, і дактары заявілі, што нават калі пацярпелы выжыве, то застанецца ў вегетатыўным стане або будзе чалавекам з абмежаванымі разумовымі магчымасцямі да канца жыцця.

Аднак праз тры дні пасля здарэння дактары прызналі, што шасцігадовы хлопчык цалкам здаровы, і выпісалі яго са шпіталя. 2 лютага 2017 г. іншы калектыў урачоў заявіў, што гэты выпадак трэба прызнаць невытлумачальным з навуковага пункту гледжання. Родныя аздароўленага дзіцяці сказалі, што падчас ратавання бацька хлопчыка папрасіў дапамогі Маці Божай Фацімскай, а таксама благаслаўлёных Жасінту і Францішка. Ноччу пасля здарэння сям'я хлопчыка малілася аб аздараўленні. У гэтай жа інтэнцыі малілася таксама адна з манаскіх супольнасцяў сясцёр кляўзуровых.

Лукас разам з сям'ёю падышоў да папы Францішка ў працэсіі з дарамі і радасна прытуліўся да яго.

 


Напрыканцы Імшы была праспявана марыйная малітва велікоднага перыяду "Regina caeli". 

Пасля абеду з біскупамі Партугаліі ў рэкалекцыйным доме Маці Божай з Гары Кармэль папа Францішак паляцеў на верталёце ў лётную базу Монтэ Рэал, адкуль пасля развітальнай цырымоніі адправіцца назад у Рым. 


 Падрыхтавала Вольга Качалка
паводле КАІ

 

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла