Урачыстаць Маці Божай Фацімскай у Шуміліне

13 мая ў Шуміліне, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай, адбыліся юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў.

Ушанаваць Багародзіцу сабраліся вернікі з усіх куткоў Беларусі. Адбылося некалькі пешых пілігрымак у санктуарый з Віцебка і Полацка, а таксама роварная пілігрымка. З Віцебска таксама прыехала дзіцячая пілігрымка: хлопчыкі і дзяўчынкі, якія рыхтуюцца прыняць сваю Першую святую Камунію, прыехалі, каб па прыкладзе маленькіх фацімскіх пастушкоў вучыцца ў Марыі малітве і даверу да Бога.

Урачыстую святую Імшу цэлебравалі Яго Эксцэленцыя Апостальскі нунцый Габар Пінтэр і Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч з удзелам усіх святароў вобласці. Віцебскі хор «Hosanna» упрыгожыў набажэнства сваімі спевамі. У сваім казанні нунцый адзначыў, што адчувае сябе, як папа Францішак: той — у Фацімскім санктуарыі, а ён — у беларускай Фаціме ў Шуміліне. 

Пасля Імшы вернікі і святары прайшлі вакол касцёла ва ўрачыстай працэсіі з фігуркаю Маці Божай, з ружанцоваю малітваю і спевамі. Фэст працягнуўся святочным абедам для ўсіх сабраных і канцэртам мінскага гурта «Laudans». 


Анастасія Кавалеўская, Юлія Шэдзько
Фота Анастасіі Кавалеўскай

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла