«Малюся за цябе, Беларусь!»

«Малюся за цябе, Беларусь!» — гэтымі словамі пачынаецца шырока вядомая песня, якая сапраўды стала гімнам каталіцкай моладзі, і спяваюць яе ў касцёлах, на сустрэчах, у пілігрымках. Яна увайшла ў рэпертуар вядомых выканаўцаў і гуртоў, уключаная ў спеўнікі. Але далёка не ўсе ведаюць, што аўтарам словаў і музыкі песні з’яўляецца тады яшчэ навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Сяргей Бараўнёў.

Мы, парафіяне касцёла Божага Цела Маладзечанскага дэканата, вельмі ганарымся, што менавіта ён ужо каля дзесяці гадоў з’яўляецца нашым ксяндзом, да нядаўняга часу — пробашчам. 13 красавіка гэтага года кс. Сяргей за асаблівыя заслугі перад дыяцэзіяй у ліку найбольш выбітных святароў атрымаў годнасць ганаровага каноніка! Гэта падзея стала вельмі прыемнаю навіною для ксяндза і сапраўдным святам для ўсіх вернікаў.

Гэты год для святара юбілейны: роўна дваццаць гадоў таму, 19 траўня 1997 года, кс. Сяргей прыняў святарскае пасвячэнне.

Шлях служэння Богу ён выбраў яшчэ вучнем Маладзечанскай САШМ №12 пад ўплывам сям’і: яго мама Галіна Казіміраўна, шчырая верніца, з дзяцінства вучыпа сыноў Сярожу і Юру (цяпер ксяндза ў Віцебскай дыяцэзіі) слову Божаму, садзейнічала, каб яны былі міністрантамі. Лёсавызначальным для будучага святара стаў прыклад служэння Пану ксяндза Эдмунда, які пасля многіх гадоў духоўнага заняпаду адраджаў каталіцкую парафію ў Маладзечне. Але пасля школы Сяргей не адразу зрабіў свой выбар - год працаваў слесарам-наладчыкам, год вучыўся ў політэхнічнай акадэміі, пакуль канчаткова зразумеў, што свой жыццёвы лёс звяжа са святарскім пакліканнем.

Пасля заканчэння семінарыі некаторы час быў вікарыем у мінскім Чырвоным касцёле, служыў у Бабруйску, а праз два гады быў прызначаны пробашчам у Беразіно. Не раз маладому ксяндзу даводзілася адкрываць новыя парафіі: у Мар’інай Горцы, у мінскім Уруччы, Беніцы, Палачанах, Беразінскім. У двух апошніх населеных пунктах дзякуючы яго намаганням былі пабудаваны новыя касцёлы. Пры іх праектаванні і будаўніцтве спатрэбіліся яго бясспрэчныя здольнасці архітэктара (нездарма вучыўся ў акадэміі), выключныя арганізатарскія здольнасці, уменне натхніць людзей словам і прыкладам. Сёння наш касцёл прываблівае ўсіх сваёй веліччу, дасканаласцю дойлідскіх знаходак, утульнасцю і прыгажосцю, як і тэрыторыя вакол яго.

Трэба адзначыць, што ў нашай мясцовасці католікаў няшмат, бо многія пры адсутнасці каталіцкай святыні пахрысцілі сваіх дзяцей у праваслаўе. Вось і атрымалася, што дзядулі і бабулі католікі, а іх малодшыя пакаленні наведваюць царкву. Але, нягледзечы на гэта, падчас нядзельнай Імшы і святаў у касцёл штогод прыходзіць і прыязджае з суседніх вёсак усё больш людзей, каб паслухаць, у тым ліку, мудрыя, шчырыя казанні, якія сапраўды выхоўваюць душу чалавека.

Ксёндз Сяргей стаў ініцыятарам і (разам з Андрэем Лугіным, лідарам гурта «Laudans») арганізатарам фестывалю духоўнай музыкі «Laudato Si», які з вялікім поспехам праходзіў у Беразінскім на працягу трох жнівеньскіх дзён мінулага года. Прычым у музычных спаборніцтвах бралі ўдзел салісты- вакалісты, музыкі і калектывы ўсіх храсціянскіх канфесій з розных куткоў Беларусі. Гэта прынцыповая пазіцыя нашага святара - аб’ядноўваць вернікаў розных веравызнанняў. Фестываль меў вялікі поспех, і пра гэта сведчылі ўзнёслыя, добрыя водгукі яго ўдзельнікаў, шматлікіх гасцей і, вядома, мясцовых жыхароў. Усе яны адзначалі высокае майстэрства, кранаючы душу і сэрца рэпертуар самадзейных і прафесійных артыстаў. Вырашана зрабіць гэты фестываль традыцыйным, і, несумненна, з гэтай няпростай задачай ксёндз канонік справіцца на выдатна.

Любоў да Беларусі вельмі яскрава праяўляецца падчас шматлікіх пілігрымак, якія некалькі разоў на год ладзіць ксёндз Сяргей для сваіх вернікаў, каб далучаць нас да багатай духоўнай спадчыны Бацькаўшчыны, знаёміць з яе святынямі, гісторыяй, прыродаю, знакамітымі людзьмі. Падчас кожнай пілігрымкі праводзяцца супольныя малітвы, сустрэчы са святарамі, цэлебруюцца Імшы. Незабыўныя ўражанні засталіся ў нас ад наведвання Росіцы, Паставаў, Мядзельскай Кальварыі, Свіры, Смаргоні, Залесся, Гярвятаў, Крэва, Барунаў, Гальшанаў, Багданава, Вішнева, Валожына і многіх іншых месцаў. Рыхтуюцца новыя маршруты.

«Малюся за цябе, Беларусь, за тваіх братоў і сыноў, каб была паміж намі любоў…» — напісаў некалі клерык Сяргей Бараўнёў. А сёння (і заўсёды) мы молімся за Вас, паважаны ксёндз канонік, і жадаем Вам моцнага здароўя, Божых ласкаў на кожны дзень жыцця, спаўнення ўсіх задуманых справаў.


Па даручэнні вернікаў Беразінскай парафіі —
Казімір Біль.
Фота: catholic.by

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла