Споведзь — гэта праява найвышэйшага даверу

Са сваёй Першай Споведзі парафіянка віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага Таццяна Образава, у дзявоцтве Матошка, памятае галоўным чынам тое, што датычыла падрыхтоўкі да яе. Напрыклад, як з лёгкае рукі бабулі Альжбеты пачалі ўдзвюх з сястрою Людаю вучыць запісаныя па-польску, але кірылічнымі літарамі пацеры. Як хваляваліся напярэдадні знамянальнае падзеі. Як сястра, збіўшыся на нейкім пытанні ксяндза Казіміра, тагачаснага пробашча парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце (цяпер Докшыцкі дэканат),  сказала, што, маўляў, «бабуля гэтага вучыць не задавала». Як чырвань няёмкасці заліла пры гэтым твар бабулі, што знаходзілася побач. А яшчэ — як пайшлі па споведзі, згодна з завядзёнкаю, паласавацца смачнымі піражкамі ў мясцовую так званую закусачную. 

Гэта былі атэістычныя 70-я гады. Хаця пра тое, хто ў якім набажэнстве ў касцёле ўдзельнічаў, хто ў прыняцці якога сакрамэнту адзначыўся, і ў вёсцы, і ў школе, зразумела, добра ведалі, ды ўголас стараліся ўсё-такі не гаварыць, каб не наклікаць на сваю галаву якіх-небудзь непрыемнасцяў. 

Зусім у іншых умовах ішлі да Першай Споведзі і прымалі ў Віцебску Першую Камунію дзеці Таццяны — Насця і Пётр. І куды больш урачыста, і, галоўнае, адкрыта, без думак пра тое, у што ўсё гэта можа заўтра выліцца. Насці ўдзяляў сакрамэнт  споведзі пробашч касцёла святой Барбары ксёндз Януш Скэнчак. А рыхтавалася яна да яго прыняцця ў прысутнасці бацькоў. І атрымалася так, што для Таццяны і яе мужа Дзмітрыя катэхізацыя дачкі пэўным чынам сталася паўторам пройдзенага, узнаўленнем у памяці таго, што самі калісьці вучылі. Дарэчы, Насця так тады перанялася вучобаю, так адказна паставілася да ўсяго, што нават плакала, баючыся, што занадта, мабыць, грэшная, што Бог наўрад ёй даруе.  

Пятра, на сённяшні дзень актыўнага міністранта і ўдзельніка ўсіх парафіяльных справаў, рыхтавала да прыняцця Першай Камуніі сястра Ніколя з Кангрэгацыі сясцёр служабнічак, якія дагэгуль апякуюцца парафіяй Езуса Міласэрнага. Яна і навучыла тады і хлопца, і яго бацькоў, што найлепшае — ісці кожны раз да споведзі з пэўнаю інтэнцыяй, што яны заўсёды і стараюцца рабіць, бо лічаць: споведзь — гэта не проста размова верніка са святаром. Гэта — праява найвышэйшага даверу да Бога, паяднання з Ім. А галоўнае — адзін з надзейных шляхоў духоўнага аздараўлення і ўдасканалення чалавека.


Францішак Дубраўскі
Фота з сямейнага альбома Образавых

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла