Абяцанне Духа

Шостая велікодная нядзеля, год А (21.05.2017)

Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».

Ян 14, 15–21

Абяцанне Духа

Кожны год мы чакаем спаслання Духа Святога, каб аднавіцца ў веры і быць не «цёплымі» хрысціянамі, а сапраўднымі вучнямі Хрыста, па ўзоры Апосталаў. Кожны год мы просім: «Прыйдзі, Духу Святы. Напоўні нашыя сэрцы». І Ён прыходзіць і напаўняе, а калі не, то нешта не так з намі. А ці можна было б так напоўніцца Духам Святым, каб ужо больш не прасіць? Гэтае пытанне гучыць так, нібыта мы пытаемся, ці існуе мяжа любові, ці можа настаць такі момант, калі можна будзе сказаць: «Усё, люблю з усіх сілаў».

Пан Езус абяцае Духа праўды Апосталам і нам, слухачам слова Божага,. Мы атрымліваем гэтага Духа праз хрост, але прагнем Яго і надалей, таму што ўжо маем Яго ў сабе. Як гэта зразумець? Святы Тамаш Аквінскі, каментуючы гэты евангельскі ўрывак, піша, што Пан Езус рыхтуе Апосталаў да прыняцця Духа Святога словамі: «Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі». Паслухмянасць словам Езуса і Дух Святы, якога ўжо маюць у сабе Апосталы, і ты, хрысціянін, які чытаеш гэтыя словы, і дапамагаюць нам яшчэ паўней прыняць Духа праўды, аб якім мы просім. Як у прыпавесці пра таленты: «Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае» (Мц 25, 29).

«Ну, добра», — прачытаўшы гэта, скажаце вы. — «Але як па-сапраўднаму прагнуць таго, чаго я не бачу? Праходзячы па гандлёвым цэнтры, я бачу модную сукенку (скажуць жанчыны) ці спартыўны ровар (скажуць мужчыны), і тады я гэтага прагну, і яшчэ як! А як можна ўбачыць Духа Святога?»

На шчасце, Езус добра ведае нас і таму пакініў нам цуд Эўхарыстыі. Узгадайце словы, якія кажа святар, трымаючы рукі над Целам і Крывёю Хрыста. Падчас Эўхарыстыі мы сустракаемся з Тым, Хто спасылае нам Духа, можам убачыць Яго ў постацях хлеба і віна. Таму ідзіце на адарацыю і прасіце аб дары Духа, каб не заставацца сіротамі, якіх ніхто не любіць і не разумее, — адкрывайце для сябе радасць быцця Божым дзіцем.

Айцец Павел Мажэйка OP


Глядзіце яшчэ разважанні на Шостую велікодную нядзелю, год А:
айцец Міхал Ермашкевіч OP «За шчасцем наўздагон» 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла