У «Эмаўсе» — спатканне з патрыярхамі

Сустрэць на сваім жыццёвым шляху Хрыста, распазнаць Яго, гаварыць з Ім, пытацца пра найважнейшае… Хто з вернікаў не жадаў бы гэтага? Сустрэць гэтак, як сустрэлі Яго вучні на сваёй дарозе ў Эмаўс. І распазнаць: у Яго слове, у тых словах, якія казалі пра Яго прарокі Старога Запавету, у падзеях даўно прамінулых і ў тых, што адбываюцца з намі сёння, у Эўхарыстыі. Сустрэць, распазнаць, умацавацца Яго словам і Яго прысутнасцю… 


Гэта магчыма, калі толькі ты пажадаеш зрабіць для гэтага высілак: адзін раз, другі, трэці… Калі не будзеш лічыць, што час, патрачаны на пошук Хрыста, можна было б выкарыстаць на нейкія больш значныя, больш важныя ды пільныя рэчы ў тваім жыцці.

«Эмаўс» — так называецца біблійны курс, які ў чарговы раз у мінулыя выхадныя сабраў тых, хто шукае Хрыста, у рэкалекцыйным доме святога Юзафа ў Оршы. 

На гэты раз курс быў прысвечаны патрыярхам Старога Запавету. Для ўдзелу ў ім прыехалі тыя, хто ўжо быў на папярэдніх курсах і выканаў хатняе заданне, прачытаўшы дома Кнігу Быцця і адпаведныя каментары да яе. Былі і тыя, хто прыехаў упершыню, але, здаецца, гэта не перашкодзіла ўсім разам акунуцца ў сівую даўніну і адначасна ў надзвычайную сучаснасць Старога Запавету. 

Шчыра кажучы, мне думалася, што тэма патрыярхаў, якая была прапанаваная нам на гэты раз, можа «засушыць» жывое абмеркаванне і дзяленне Божым словам, бо надта ж у даўнія падзеі прапаноўвалася нам паглыбіцца, далёкія ад нас і па часе, і паводле ментальнасці герояў Кнігі Быцця, іх светаўспрымання. Але гэта было маёй шчаслівай і радаснай памылкай, бо патрыярх Абрагам раптам… стаўся такім блізкім і зразумелым, а да таго ж — такім яркім, надзвычай актуальным прыкладам веры і даверу Богу. Яго сын Ісаак аказаўся не толькі трагічнаю постаццю, што найчасцей бачыцца нам звязанаю на ахвярніку, але і блізкім, зразумелым з ягоным не толькі вялікім даверам Богу, але і асобнымі памылкамі. Гэтак жа, як і ягоныя сыны… І дзесьці ў тых даўніх падзеях пробліскам надзеі раптам заззяе святло Евангелля… 

Лекцыі доктара багаслоўя Уладзіслава Валаховіча, канферэнцыя айца Аляксандра Жарнасека МІС, сумесны наш удзел у малітоўным чытанні Lectio divina, наведанне нашага курсу біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, штодзённыя сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі, самастойнае чытанне Святога Пісання і далейшае дзяленне — усё гэта біблійны курс «Эмаўс», а таксама размовы паміж сабою, знаёмствы і сустрэчы даўно знаёмых людзей — усё гэта таксама наш курс «Эмаўс». І ўсё гэта дзеля таго, каб мы змаглі сустрэць і распазнаць Хрыста, каб нарэшце запалала наша сэрца вялікай любоўю да Яго і каб Божае слова ажыло ў нас, бо ведаем, што можна і чытаць яго, і слухаць, і нават няблага ведаць Святое Пісанне, але яно і надалей можа заставацца толькі інфармацыяй. Перакананая: тыя, хто робіць не такія ўжо й малыя высілкі, прыязджаючы на чарговы біблійны курс, шукаюць у сваім жыцці Бога Жывога. Яны імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб умацавацца Яго словам, жыць па ім, несці іншым. А таму: да новых сустрэчаў на біблійным курсе «Эмаўс» у Оршы!


І.Студзеньская

 

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла