Усёй вечнасці не хопіць, каб спазнаць Творцу...

Сёмая велікодная нядзеля, год А (28.05.2017) 

Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. 

Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. І цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету. Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і Яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне. 

Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе.

(Ян 17, 1–11а)

Усёй вечнасці не хопіць, каб спазнаць Творцу...

Ужо на самым пачатку свайго жыцця чалавек пачынае пазнаваць навакольны свет. Гэта неабходна не толькі для таго, каб існаваць у ім нейкі адмераны час, але і каб дасягнуць пэўнай мэты, выканаць пэўнае прызначэнне. У кожнага яно сваё, і шчаслівы той, хто яго знойдзе і распазнае. Але ёсць прызначэнне, агульнае для ўсіх людзей, у якім нельга памыліцца, — гэта Бог і Яго Валадарства. Каб ажыццявіць гэтае прызначэнне, нельга абысціся без канкрэтных ведаў і здольнасцяў, як і ў кожнай іншай справе.

Аднак нават скончыўшы пачатковую, сярэднюю і вышэйшую навучальныя ўстановы, атрымаўшы дыплом, ніхто не можа з поўнай упэўненасцю заявіць, што дасканала ведае не толькі жыццё, але і сваю вузкую спецыяльнасць. У той момант, калі чалавек вырашае, што яму не трэба далей вучыцца, пачынаецца яго дэградацыя.

Гэтаксама адбываецца і ў рэлігійным жыцці: калі спыніцца на асноўных катэхетычных ведах і малітвах, не гаворачы ўжо пра тыя выпадкі, калі чалавек сам не пераступае парогу святыні, а яго прыносяць туды толькі двойчы ў жыцці, — на хрост і на пахаванне — як можна казаць пра пазнанне Бога, а значыць, і пра вечнае жыццё для гэтага чалавека? Тым не менш, на жаль, нават сярод пабожных хрысціянаў, якія імкнуцца не прапускаць нядзельнай Эўхарыстыі і штодня моляцца, не так часта сустракаецца ўсведамленне неабходнасці паглыбляць рэлігійныя веды. І зусім кепска, калі знаходзяцца святары, якія, спасылаючыся на занятасць (і тут пытанне: ці тым вы займаецеся, чым павінны?), занядбоўваюць сваё духоўнае развіццё і самаадукацыыю. Вельмі сумна, калі такі пастыр пачынае абвінавачваць у ганарыстасці, нясціпласці, жаданні вылучыцца тых вернікаў, чые духоўныя амбіцыі крыху вышэйшыя за сярэднестатыстычныя, замест таго, каб узяць з іх прыклад і пачаць самому цікавіцца багатай спадчынай Касцёла. Напрыклад, глыбей вывучаць літургію, якая не толькі з’яўляецца крыніцаю Божай ласкі, неабходнай для збаўлення, — здзейсненая адпаведным чынам, яна на практыцы вучыць выкарыстоўваць тэалагічныя веды для ўмацавання веры, што дапамагае не змарнаваць атрыманай ласкі. Пазнанне Бога — гэта не толькі валоданне неабходнай інфармацыяй пра Яго, але таксама і прыняцце гэтай інфармацыі ў якасці арыенціра на жыццёвым шляху. Гэта, у рэшце рэшт, разуменне таго, што ўсёй вечнасці не хопіць, каб дасканала спазнаць Творцу, разуменне, якое не расхалоджвае, а наадварот, узмацняе жаданне з кожным днём набліжацца да невычэрпнай Таямніцы Божага Жыцця, якім Пан хоча падзяліцца з кожным чалавекам і якое ніколі не надакучыць нам дзякуючы бясконцасці пазнавання Бога.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP


Глядзіце яшчэ разважанні на сёмую велікодную нядзелю, год А:
айцец Рамаш Шульц OP «А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе...»; 
айцец Крыштаф Коц’ян ОР «Пакліканыя жыць у хвале Божай»

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла