Крыжовы шлях СДМ. Учынкі міласэрнасці для душы і цела бліжняга

Прапануем вам паразважаць над стацыямі Крыжовага шляху ў кантэксце ўчынкаў міласэрнасці для душы і цела бліжняга, як разважала моладзь на Сусветных днях моладзі 2016 г. у Кракаве.

Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць
Прыняць у дом падарожных

Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем (Лк 9, 51–53).

Пане Езу, ужо на пачатку сваёй дарогі да Ерузалема, а значыць да смерці, ты быў адкінуты. Цябе не прынялі, бо Ты быў чужынцам, бо Ты належаў да іншага народу, які вызнаваў іншую рэлігію… Табе адмовілі ў гасціннасці — Чалавеку, які набліжаўся да смерці…

Усё гэта, Пане, гучыць жудасна знаёма, нібыта было наўпрост узята з сучасных газетаў, гэта нагадвае сучасную сітуацыю на вуліцах: мы адмаўляем у гасціннасці людзям, якія, шукаючы лепшага жыцця, а часам проста ратуючы сваё жыццё, якому пагражае смерць, стукаюць у дзверы нашых краінаў, касцёлаў і хатаў. Гэта чужынцы, мы бачым у іх ворагаў, баімся іх рэлігіі. І іх бяды!

Замест гасціннасці яны знаходзяць смерць каля ўзбярэжжа Лампедузы і Грэцыі, у лагерах для бежанцаў. Адмаўленне прыняць іх лёгка становіцца смяротным прысудам для іх. А значыць, і для Цябе! У апошнія некалькі гадоў Ты быў асуджаны на смерць у асобах 30-ці тысяч бежанцаў. Кім асуджаны? Хто падпішацца пад гэтым прысудам?

«Я чужынец, — кажаш Ты нам сёння. — Я не маю месца, каб прытуліць галаву. Я нарадзіўся ў стайні, бо для Мяне не было месца ў заездзе. Я ведаю горкі смак фальшывай гасціннасці, як у фарысея Сымона, які не падаў Мне ні вады, каб абмыць ногі, ні алею на збалелую ад сквару галаву».

Ты нагадваеш нам пра вучняў з Эмауса: калі яны запрасілі незнаёмца за стол, іх вочы адкрыліся і яны пазналі… Цябе!

І мы просім: адкрый нашыя вочы! Дай нам пазнаць сябе! У чужынцах, якія раптам апынуліся побач з намі, у бяздомных, якія спяць на нашых падворках, каля брамаў нашых дамоў, каля рэк пад мастамі. Ты жывеш у кожным чужынцы і валадарыш як церпячы, на векі вякоў. Амэн.

 

Стацыя 2. Езус бярэ крыж
Накарміць галодных

Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх многаму вучыць. Калі мінула ўжо шмат часу, вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, сказалі: «Месца гэта пустыннае, і гадзіна ўжо позняя; адпусці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і паселішчы і купілі сабе чаго-небудзь з’есці». Ён жа сказаў ім у адказ: «Вы дайце ім есці». І сказалі Яму: «Ці мы павінны пайсці і за дзвесце дынараў купіць хлеба, і даць ім есці?» А Ён спытаўся ў іх: «Колькі ў вас хлябоў? Ідзіце, паглядзіце». Даведаўшыся, яны сказалі: «Пяць хлябоў і дзве рыбіны» (Мк 6, 34–38).

Што найбольш патрэбна нам, каб змагацца з крыжам, напрыклад, з крыжам голаду нашых братоў і сясцёр?
Звычайна мы думаем, як Апосталы: «За дзвесце дынараў нам не набыць дастаткова хлеба… Дзвесце дынараў! Сярэднямесячны заробак! Адкуль адразу ўзяць такія грошы?» Гэты крыж большы за нас…

Здаецца, што мы не можам даць яму рады і знаходзім вырашэнне праблемы, перакідваючы яе на іншых: «Няхай ідуць у навакольныя вёскі і паселішчы і купяць сабе есці».

Але Ты кажаш: «Вы дайце ім есці». І пытаешся: «Колькі ў вас хлябоў?» Ты задаеш пытанне не пра тое, чаго ў нас няма, а пра тое, што ў нас ёсць! Ці здолеем мы падзяліцца тым, што маем: пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі… Ты не пытаешся, ці дастаткова гэтага для такога натоўпу, а пытаешся, ці гатовыя мы гэтым падзяліцца.

І мы пачынаем разумець. Адкуль у свеце бярэцца голад? Не ад недахопу хлеба, бо адна трэцяя ўсіх прадуктаў харчавання ў свеце марнуецца. Кожныя шэсць секунд у свеце адно дзіця памірае ад голаду, і сёння каля мільярда людзей у свеце не ведаюць, ці будуць мець ежу заўтра.

Пане Езу, мы праслаўляем Цябе за ўсіх, хто нясе міласэрнасць галодным сёстрам і братам. Мы дзякуем за тых, хто дае абяцанне ўбоства, каб несці дапамогу тым, хто яшчэ больш убогі. Яны сведчаць, што, каб дапамагаць, не так шмат патрэбна грошай, як шчодрасці сэрца! Дай нам такія сэрцы — спагадлівыя і здольныя дзяліцца нават ва ўласнай нястачы. Вярні нам разуменне посту не як дыеты для аздараўлення, а як сапраўднага практыкавання любові. Нарэшце, мы просім Цябе за ўсіх тых, чый крыж Ты даў нам убачыць, калі мы разважалі над гэтай стацыяй, — за тых, хто церпіць голад і памірае ад голаду. Хлебе жывы! Дапамажы ім! А нам… прабач. Амэн.

 

Стацыя 3. Езус падае першы раз
Настаўляць грэшнікаў

Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме. Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх. Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага. Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны. Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі». <...> І сказаў паралізаванаму: «Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго» (Мк 2, 1–5. 10–11).

Гледзячы на Твой упадак, Езу, я думаю пра ўласныя ўпадкі — пра цяжкія грахі, якія збілі мяне з ног. Адзін толькі ўспамін пра іх робіць мяне бездапаможным. Я не магу прыйсці да Цябе, спадзеючыся на свае сілы. Я паралізаваны нават больш, чым той хворы з Евангелля. Ён хаця б дазволіў сабе дапамагчы, сябры прынеслі яго да Цябе. Я ж уцякаю разам са сваімі грахамі ў адзіноту, у адказ на папрокі толькі паціскаю плячыма і часам нават адчуваю агрэсію…

Дзякуй, што сёння я слухаю, што? Ты сказаў паралізаванаму грэшніку. Спачатку Ты кажаш: «Сыне!» І толькі пасля: «Адпускаюцца твае грахі».

Ты не пачынаеш адразу гаварыць пра грахі. Ты называеш мяне сынам, хоць я думаў, што ўжо не маю на гэта права: «Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх» (Лк 15, 19).

Ты, аднак, гаворыш: «Найміт? Не, ніколі! Вось твой пярсцёнак, сандалі і найлепшыя шаты!»
Я столькі разоў перажываў гэта ў сакрамэнце пакаяння! Ён не прыніжаў мяне, а даваў адчуць уласную годнасць! Ты столькі разоў падымаў мяне з зямлі! Пане Езу, будзь праслаўлены ў кожным канфесіянале свету! Поўны міласэрнасці, Ты прабачаеш не сем і не семдзесят сем, а семсот семдзесят сем мільёнаў разоў. Ты шчодры на прабачэнне. Будзь такі ў кожным спаведніку! Учыні, каб сакрамэнт пакаяння заўжды і для кожнага быў досведам міласэрнасці і пашаны. Просім за тых, хто ад страху, сораму або легкадумнасці гадамі адкладае споведзь. Дай ім свайго Духа, які пераконвае нас у граху, бо дадзены нам для адпушчэння грахоў! Просім таксама за тых, чый жыццёвы выбар аддзяляе іх ад сакрамэнту адпушчэння грахоў. Дзейнічай у іх сумленнях, памнажай іх любоў, дай нам быць побач з імі ў Касцёле. Дай нам палюбіць Касцёл, які ніколі не бывае бездапаможным перад грахом, хоць і складаецца з грэшнікаў. Святы, святы, святы! Сябра грэшнікаў на векі вечныя. Амэн. 

 

Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці
Суцяшаць засмучаных

Адышоў тады сатана ад аблічча Пана, паразіў Ёва самай цяжкай хваробай ад падэшвы нагі аж да цемені яго. Ён зломкам цэглы саскрабаў сукравіцу, седзячы ў гнаі. Тады трое сяброў Ёва, пачуўшы пра ўсё ліха, што напаткала яго, прыйшлі, кожны са сваёй мясцовасці… І дамовіліся яны, каб разам прыйсці, наведаць яго і суцешыць. І, калі здалёку паднялі яны вочы свае, не пазналі яго, і, ускрыкнуўшы, плакалі, і, раздзёршы адзенне, кідалі парахно над галавою сваёю ў неба. І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто не гаварыў яму ні слова; бо бачылі, што пакуты яго вельмі вялікія (гл. Ёв 2, 7–8. 11–13).

Пане Езу, Ты і Твая Маці не мелі многа часу, каб у маўчанні пабыць разам. Вам не далі ні сямі дзён, ні сямі начэй. Вам засталося толькі некалькі імгненняў, каб сустрэцца вачыма і сэрцамі. Без словаў. Без жэстаў. Сканцэнтраваная сіла любові!

Як і сябры Ёва, Твая Маці павінна была прыйсці, каб пакутаваць з Табою і суцяшаць Цябе. Яна таксама, напэўна, з цяжкасцю пазнала Цябе: параненага, акрываўленага, які толькі што падняўся з зямлі. Традыцыя захавала памяць пра тое месца, дзе Ты ўпаў і дзе Цябе сустрэла Маці. Гэта пасярод канала, які праходзіць праз Ерузалем, збіраючы ўсе гарадскія адкіды і смецце. Боскі Ёў, Адзіны справядлівы, Ты ўпаў не на гной, а сярод чалавечага бруду.

Ты — першы Суцяшальнік. Як жа моцна Табе самому было патрэбнае суцяшэнне на Тваім крыжовым шляху!.. Гэтым суцяшэннем стала для Цябе маўклівая прысутнасць Маці.

Сапраўды, ці ж не найлепшым суцяшэннем засмучаных з’яўляецца маўклівая прысутнасць побач з імі?
Агульнае маўчанне — гэта не заўжды адсутнасць размовы. Гэта, хутчэй, агульнае слуханне і чаканне адказу ад Пана! Так кажа Святое Пісанне: «Добра ёсць моўчкі чакаць збаўлення ад Пана» (гл. Пл 3, 26).

Марыя, Суцяшальніца засмучаных! Мы жадаем вучыцца ў Цябе міласэрнай маўклівай прысутнасці каля тых, хто пакутуе. Праслаўляем Цябе, Езу Хрыстэ, і Цябе, Духу Святы, Суцяшальнік, які суцяшаеш нас у кожнай трывозе, каб мы маглі суцяшаць тых, хто ў смутку, суцяшэннем, якое атрымліваем ад Цябе. Амэн.

 

Стацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
Адведваць хворых

Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы. Ён дакрануўся да яе рукі, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала, і прыслужвала ім. Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых, каб збылося сказанае прарокам Ісаем: «Ён узяў на сябе нашую слабасць і панёс нашыя хваробы» (Мц 8, 14–17).

Ты ўзяў на сябе нашыя слабасці і панёс нашыя хваробы. Сымон, наадварот, не жадаў браць на сябе Твой крыж. Ён не хацеў дапамагчы. Яго трэба было прымусіць…

У мяне няма права асуджаць яго. Я сам гэтак жа ахвотна ўцякаю ад хваробаў і слабасцяў іншых. Можа таму, што забываюся, што Ты першы ўзяў на сябе кожную маю хваробу і слабасць?

Ты кажаш пра сябе: «Я быў хворы», але я ведаю Цябе найперш як Лекара, пасланага да хворых, а не да здаровых. Колькі разоў ужо Ты прыходзіў да мяне ў маёй хваробе, колькі разоў падаваў мне руку і падымаў мяне? Гэта былі значна цяжэйшыя хваробы, чым гарачка: эгаізм, лянота, бяздзейнасць, адсутнасць веры ў сябе. Я не жадаю адмаўляць Табе ў тым, што шмат разоў сам ад Цябе атрымліваў.

Пане Езу! Благаслаўляем Цябе ва ўсіх, хто ўбачыў у дапамозе хворым не толькі сваю прафесію, але і пакліканне, ва ўсіх, хто апісаны словамі «ахова здароўя»: у дактарах, медсёстрах, медбратах, ва ўсіх працаўніках шпіталяў і ўстановаў аховы здароўя. Славім Цябе за ўсіх капеланаў, якія працуюць у шпіталях, і за валанцёраў, якія ім дапамагаюць, за ўсе манаскія супольнасці, чыёю харызмаю з’яўляецца служэнне хворым. Просім аб новых шматлікіх пакліканнях у гэтыя супольнасці. Благаслаўляем Цябе за дактароў, якія працуюць на місіях, і за ўсіх ахвярадаўцаў, якія падтрымліваюць іх працу. Просім для сябе чуллівасці да кожнага хворага чалавека, здольнасці ахвотна дапамагаць, шчодрасці ў ахвяраванні свайго часу, каб наведваць іх у дамах, у шпіталях, у прытулках і на малітве. Амэн.

 

Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса
Суцяшаць вязняў

І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю плашча Ягонага, бо казала сабе: «Калі толькі дакрануся да плашча Ягонага, выздаравею». А Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: «Будзь адважнай, дачка, вера твая ўратавала цябе». І з таго часу жанчына выздаравела (Мц 9, 20–22).

У Евангеллях не захавалася імя гэтай жанчыны. Але яно захавалася ў Традыцыі: Вераніка! Менавіта тая жанчына, некалі ўратаваная Табою ад крывацёку, цяпер не магла абыякава глядзець, як Ты, Хрыстэ, сцякаеш крывёю на крыжовым шляху. Яе ўчынак міласэрнасці быў удзячнасцю, бо некалі Ты аздаравіў яе ад крывацёку і нячыстасці, і цяпер яна абцёрла Твой твар ад крыві і хоць на хвіліну вярнула яму чысціню.
Заліты крывёю і потам брудны твар Асуджанага ізноў паказаўся вачам усіх як поўнае годнасці аблічча Езуса з Назарэта! Ці ж не такім яна бачыла Цябе вачыма сэрца яшчэ да таго, як дастала сваю хусту? Яна бачыла вязня з тварам Божага Сына!

Што гэта значыць — суцяшаць вязняў? Гаворка ідзе не проста аб суцяшэнні. Патрэбна сустрэча, якая дапаможа вязням нанова адкрыць у сабе твар сына або дачкі Бога — несціральны вобраз Божага Сына — крыніцу незнішчальнай чалавечай годнасці!

Пане Езу! Ты наведваеш нас у кожным зняволенні — у нашых залежнасцях, пажадлівасці, шкодных звычках. Ты заўжды бачыш у нас Божых сыноў і дачок, нават тады, калі мы самі бачым у сабе толькі вязняў, зняволеных наркотыкамі, алкаголем, парнаграфіяй, пажадлівасцю, азартнымі гульнямі, кам’ютарамі, смартфонамі, грашыма, выгодамі… чым заўгодна! Для Цябе твар кожнага і кожнай з нас нязменна з’яўляецца тварам Божага дзіцяці. Твой пагляд вяртае нам пачуццё годнасці! Ён сягае далей за хусту Веранікі…

Просім Цябе, каб мы, як Вераніка, хацелі і ўмелі суцяшаць вязняў. Прывядзі нас да людзей, якія церпяць ад нейкага зняволення або дрэннай звычкі. Навучы нас з пашанаю думаць пра кожнага вязня — у турмах, калоніях, на пасяленнях. Будзь нашым шляхам да іх. Амэн.

 

Стацыя 7. Езус падае другі раз
Дараваць ахвотна крыўду

Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў».

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”. Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?” I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў Яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму» (Мц 18, 21–35).

Пане, Ты гэтак шмат прабачыў яму! Ты прабачыў яму астранамічна вялікі доўг! Дзесяць тысяч талантаў! Дзвесце семдзесят тонаў золата!

Прабач, што я спытаюся: Ты не мог прабачыць яму яшчэ і тое, што ён не быў велікадушны да свайго даўжніка? Ты прабачыў яму неімаверна вялікія грахі… Чаму ж не прабачыў непрабачэння? Няўжо нежаданне дараваць крыўду — гэта такі вялікі грэх? Ці ж не было ў яго права дамагацца справядлівасці?

Права было. Але ягоны грэх быў не ў гэтым. Справа не ў тым, што ён не здолеў прабачыць, а ў тым, што ён змарнаваў любоў, якою Ты так шчодра яго адарыў, каб ён прабачыў прабачэннем, якое сам атрымаў. Ты не вымагаў ад яго нічога, апроч таго, чым сам шчодра адарыў яго да гэтага.

Пане Езу! Благаслаўляем Тваю прысутнасць і моц ва ўсіх, хто прабачае. Ты — міласэрнасць, якая дае нам здольнасць ахвотна дароўваць крыўды. Просім Цябе каля гэтай стацыі: знішчы ў нас старога чалавека! Забі ў нас нелітасцівага даўжніка! Навучы нас шчыра дароўваць, не чакаючы просьбы і выпраўлення крыўды з боку вінаватых. О, якая неспасцігальная Твая міласэрнасць! Я жадаю даверыцца ёй і тады, калі Ты заклікаеш мяне быць міласэрным да іншага чалавека, каб прабачаць без ваганняў. Амэн.

 

Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Вучыць тых, хто не ведае

І вось, муж эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы эфіопаў, пастаўлены над усімі яе скарбамі, які прыязджаў у Ерузалем, каб пакланіцца Богу, вяртаўся і, седзячы на сваёй павозцы, чытаў прарока Ісаю. Дух сказаў Філіпу: «Падыдзі і далучыся да яго павозкі». Калі Філіп падбег, пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і запытаўся: «Ці разумееш, што чытаеш?» Той адказаў: «Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне?» І папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім. <...> Тады Філіп раскрыў вусны свае і, пачынаючы з гэтага месца Пісання, абвяшчаў яму Евангелле пра Езуса (Дз 8, 27–31.35).

Пане Езу! Мы распазнаем моц і міласэрнасць Твайго Духа, які наказаў Філіпу далучыцца да таго чалавека, каб вучыць яго. Гэта міласэрнаць, бо ён быў чужынцам, выключаным з супольнасці малітвы і культу. Гэта моц, плёнам якой сталі вера і хрост. Мы жадаем навучыцца ў Філіпа такой самай здольнасці вучыць тых, хто не ведае, вучыць з пакораю, якая заахвочвае суразмоўцу задаваць самыя важныя пытанні, вучыць, засяродзіўшыся на Табе, на падзеях Тваёй смерці і ўваскрасення, вучыць так, каб дапамагчы слухачу распазнаць у Табе Пана і Збаўцу.

Каля гэтай стацыі Ты сам паказваеш нам міласэрную здольнасць вучыць тых, хто не ведае, калі кажаш жанчынам, якія суправаджаюць Цябе: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 28). Ты вучыш, бо любіш, вучыш з самай глыбіні ўласных пакутаў, забываючы пра сябе, пераадольваючы ўласнае цярпенне.

Пане Езу! Разважаючы над гэтымі стацыямі Крыжовага шляху, мы вучымся, што навучанне павінна заўжды быць учынкам любові і міласэрнасці. Мы просім прабачэння за тыя хвіліны ў жыцці, калі мы вучылі іншых у гневе і ганарлівасці, каб настаяць на сваім, калі ўпарта трымаліся ўласнага меркавання. Мы просім прабачэння за жаданне ззяць уласнаю мудрасцю, засланяючы Цябе — Крыніцу мудрасці і ўцелаўлёную Мудрасць. Мы просім прабачэння за ўсе сітуацыі, калі мы злоўжывалі даверам тых, каго Ты даверыў нам вучыць. Давяраем Табе, Пане, усіх настаўнікаў, выкладчыкаў, катэхетаў, выхавацеляў і перадусім бацькоў, напоўні іх сваёю моцаю і міласэрнасцю, каб яны маглі накіроўваць і вучыць тых, хто знаходзіцца пад іх апекаю, мудрым словам і пераканаўчым сведчаннем, Боскі Настаўнік і Сведка, які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

 

Стацыя 9. Езус падае трэці раз
Раіць тым, хто сумняваецца

І сказаў ім Езус: «Усе вы зняверыцеся, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі”. <...> Пётр сказаў Яму: «Калі ўсе і зняверацца, але толькі не я». Адказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне» (Мк 14, 27.29–30).

Езу, перад самаю мукаю Ты паказаў сваім вучням сумненне як упадак і прычыну далейшых упадкаў. Сумненне можа пацягнуць за сабою ўцёкі, збянтэжанасць, здраду. Сумненне не ў саміх сабе, не ва ўласных сілах, а ў Табе. Як Ты сказаў: «Усе вы зняверыцеся».

Сумненне…

Сумненне, якое забірае ў мяне сілы і валіць на зямлю. Сумненне ў тым, ці змагу я яшчэ калі-небудзь падняцца. Кожны мой грэх цягне за сабою наступны. У кожным наступным я ўсё больш трачу надзею. Сумненне, якое гаворыць мне: «Гэтая шкодная звычка мацнейшая за цябе!» Гэтае апошняе сумненне — сумненне ў Табе! Гэта думка, што Ты недастаткова моцны, каб падняць мяне, што Ты не жадаеш мяне падняць. Ці здольны Ты наогул любіць такога, як я? Сумненне ў рэальнасці Пасхі. Сумненне ў мэтазгоднасці і сэнсе майго жыцця, у Тваім Провідзе і міласэрнасці.

Раіць тым, хто сумняваецца! А што параіць зняверанаму чалавеку? Як даць добрую параду таму, хто зжыўся з уласнаю бездапаможнасцю, заграз у сумненні? Як паказаць, што сумненне — гэта падман і для нас саміх, і для Цябе?

Пане Езу, дзякуем Табе за ўсе пытанні, якія нараджаюцца ў нас, калі мы затрымліваемся каля гэтай стацыі. Мы не жадаем лёгкіх адказаў…. Просім аб пакорнай адкрытасці на Твайго Духа — Духа рады, атрыманага падчас канфірмацыі, адкрытасці на Яго мудрасць і распазнанне. Няхай Ён слухае ў нас, няхай падказвае нам і правільныя пытанні, і праўдзівыя адказы.

Праслаўляем Цябе за ўсіх тых, хто падтрымлівае людзей, якія сумняваюцца, і не пакідае іх у самоце, асабліва калі яны сумняваюцца ў магчымасці навяртання і вызвалення ад шкодных звычак. Праслаўляем Цябе за іх блізкіх: сям’ю, сяброў, тэрапеўтаў і духоўных кіраўнікоў, за ўсіх, хто не траціць веры ў людзей і ў Цябе. Амэн.

 

Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне
Апрануць нагіх

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: «Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам».  Бацька ж сказаў слугам сваім: «Прынясіце хутчэй найлепшыя шаты і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі» (Лк 15, 20–22).

Калі ён падаў на калені перад бацькам, то быў амаль голы. Ён усё растраціў. Не, не маёмасць! Ён страціў пачуццё ўласнай годнасці, ён голы, як нявольнік, як банкрот, у якога па ягонай віне забралі апошнюю кашулю! Голы, як Адам і Ева ў раі, калі пасля ўчыненага граху ў іх адкрыліся вочы і яны пазналі, што голыя, і схаваліся ад Цябе. Ён, напэўна, жадаў схаваць ад Айца сваю галізну. Грэшнік, як і яны, поўны сораму і прыніжанасці.

Гэтая сцэна, Пане Езу, дапамагае нам інакш паглядзець на Тваю галізну на Галгоце. З Цябе не знялі адзенне без Тваёй згоды. Ты выбраў галізну, каб паказаць сваю еднасць з голымі Адамам і Еваю, з кожным марнатраўным сынам і марнатраўнаю дачкою, якіх агаліў і прынізіў грэх. На Галгоце Ты застаешся голы не перад катамі, а перад Айцом. Словы марнатраўнага сына — «Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам» Ты робіш уласнымі словамі. Ты прамаўляеш іх сваёю галізною! Ты — адно цэлае са мною, тым, каго грэх пазбавіў адзення.

Гэтая еднасць збаўляе мяне. Твой Айцец не можа спакойна глядзець на галізну свайго Дзіцяці. Ён апранае Цябе ў найлепшыя доўгія шаты і падпярэзвае на грудзях залатым пасам (гл. Ап 1, 13). Голы ў смерці, голы ва ўваскрасенні — Ты зноў апрануты ў сыноўскую годнасць. І мы, і я разам з Табою.

Божа Ойча! Ты першы, хто апранае голых! Просім, дай нам наследаваць Цябе. Навучы дзяліцца, калі трэба, сваім адзеннем. Пільнуй нас, каб мы пажадалі, як і Ты, дзяліцца сваімі найлепшымі шатамі, новым адзеннем, чыстым і добрым, а не старым, ужываным і непатрэбным. Дапамажы нам захоўваць сціпласць у адзенні, каб мы лягчэй маглі дзяліцца тым, што ашчаджаем. Просім аб гэтым праз Таго, хто прыняў нашую галізну, каб апрануць кожнага з нас у новага чалавека. Амэн.

 

Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса
Зносіць цярпліва знявагу

Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: «Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога». Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл. І каменавалі Стэфана, які маліўся, кажучы: «Пане Езу, прымі дух мой». І, упаўшы на калені, ён усклікнуў моцным голасам: «Пане, не лічы ім граху гэтага». І, сказаўшы гэта, памёр (Дз 7, 54–60).

Благаслаўляем Цябе, Пане Езу, за тое, што Ты даеш людзям такую моц! Моц, поўную цярплівасці не толькі ў пакутах, але і ў адносінах да тых, хто прычыняе пакуты, да тых, хто пераследуе. Гэтая цярплівасць — не толькі здольнасць сціснуць зубы, не бяздзейная апатыя. Гэта не спакой стоікаў, поўных пачуцця ўласнай вышэйшасці над тымі, хто чыніць зло. Цярплівасць Стэфана, цярплівасць мучанікаў — гэта любоў да крыўдзіцеляў. Гэта моцнае сведчанне. Гэта поўнае супакою маўчанне, якое перарываецца малітваю аб прабачэнні. Гэта апошняе моцнае слова і міласэрны ўчынак.

Цярплівасць Стэфана — гэта адбітак Тваёй цярплівасці, Пане, яго словы — паўтарэнне Тваіх: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). У час мучаніцтва Стэфан глядзеў у нябёсы і бачыў Цябе! У яго перад вачыма быў Ты, а не ягоная крыўда і не злосць на крыўдзіцеляў. Тое, што ён бачыў, завалодала ім і перамяніла яго, прыпадобніўшы да Цябе. У Стэфане споўнілася абяцанне Пана: «Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць» (1 Ян 3, 2). Менавіта так! Ты аб’явіўся яму і прыпадобніў яго да сябе.

Езу Хрыстэ, цярплівы і вялікай міласэрнасці! Дапамажы нам углядацца ў Цябе гэтак, як Стэфан. Дапамажы нам адкрыць цярплівасць як учынак вялікай міласэрнасці! Пакладзі нам на вусны свой палец, калі мы жадаем выбухнуць нянавісцю, прэтэнзіямі, агрэсіяй, скаргамі. Навучы нас маліцца за ворагаў і не супраціўляцца злу, падстаўляць другую шчаку, аддаваць кашулю таму, хто забірае верхнюю вопратку, ісці дзве тысячы крокаў з тым, хто прымушае пайсці з ім тысячу. Дапамажы нам перамагаць зло сваім дабром. Ціхі Ягнятка, адданы на забойства, як авечка, што маўчыць перад стрыгалямі (гл. Іс 53, 7), аб’яві ў нас сваю цярплівасць, бо Ты жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

 

Стацыя 12. Езус памірае на крыжы
Напаіць сасмаглых

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў (Ян 19, 28–29).

Прагнуў, і вы далі (не далі) Мне піць…

Чаго прагне чалавек, які памірае? Якія прагненні ў дзіцяці, якое памірае? Табе паднеслі да вуснаў воцат. Гэта апошняе, што зрабіў для Цябе чалавек за імгненне да Тваёй смерці. Апошні здзек. Апошняя праява варожасці. Гэтак, як сказаў псальміст: «Чакаў я спагады, але не было яе, і суцяшальнікаў, але не знайшоў. Яны клалі жоўць у маю ежу, а калі прагнуў, паілі мяне воцатам» (Пс 69 (68), 21–22). Мы не пакінулі Табе нічога! Нават здзекаваліся з апошняга прагнення…

Мяне палохае думка, што гэта можа паўтарацца і сёння, што гэта можа стаць для мяне незаўважным, што я магу ўцячы ад прагнення самотных, канаючых людзей. Часам блізкіх мне канаючых. Або што я магу паспрабаваць вынішчаць гэтае прагненне нечым іншым: дарагімі гаджэтамі, якія могуць замяніць… прысутнасць.

Пане Езу, Ты ведаеш прагненні кожнага чалавечага сэрца. Ты хочаш наталіць іх жывою вадою: хто будзе піць яе, той не зазнае смагі навекі. Тая вада, якую Ты даеш, — гэта Дух Святы, Той, хто ў таямніцы Тройцы з’яўляецца ўвасобленаю Любоўю. Дапамажы нам, як Ты, адкрываць і разумець чалавечыя прагненні і гэтак жа, як Ты, выходзіць ім насустрач. Дапамажы нам сапраўды быць каля чалавека, які прагне, з кубкам вады і з любоўю, якая з’яўляецца ручаінаю жывой вады. Благаслаўляем Цябе за ўсіх тых, хто робіць гэтак, хто спадарожнічае Табе, прысутнаму ў канаючых, — за дактароў, медсясцёр, супрацоўнікаў у хоспісах, аддзяленнях для людзей у перадсмяротным стане, ва ўсіх медыцынскіх установах, за ўсіх валанцёраў і людзей, якія матэрыяльна падтрымліваюць хоспісы. Толькі Ты насычаеш кожнае чалавечае прагненне на векі вечныя. Амэн.

 

Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа
Маліцца за жывых і памерлых

І адказаў Яму адзін з натоўпу: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы. <...> Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай» (Мк 9, 17.29).

Мы глядзім на Цябе, Марыя, якая сядзіш каля падножжа крыжа з мёртвым целам Сына на каленях і трываеш у малітве. У балючай засяроджанасці, але ў малітве. Таму Ты не бяссільная, не пераможаная, не зламаная, а ўмацаваная і надалей ангажаваная ў збаўчую справу Сына, разам з Ім міласэрная, першая ў доўгай працэсіі тых, хто радуецца за нас у цярпеннях і дапаўняе недахоп у сваім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл (гл. Клс 1, 24), і чыніць гэта ў малітве!

Ёсць такое зло, такія дэманы і спакусы, якіх можна выгнаць толькі малітваю. Любая іншая прылада нядзейсная. Застаецца толькі малітва і пост.

Твая малітва на Галгоце — гэта досвед моцы, а не слабасці. Гэта доказ таго, што міласэрнасць ніколі, ні ў якой сітуацыі не бывае бездапаможнаю! Тады, калі ўсе іншыя складаюць зброю, міласэрнасць уздымае моцную зброю малітвы.

Пане Езу! Благаслаўляем і праслаўляем Цябе за людзей, якія не перастаюць сваёю міласэрнасцю змагацца за іншых нават тады, калі ўсе іншыя ўжо здаліся. Дзякуем за тых, хто, цалкам давяраючы Табе, моліцца за памерлых трагічна, неспадзявана, ва ўпартасці, у бунце, у нежаданні навяртання. За тых, хто трывалаю малітваю спадарожнічае ўсім, хто не жадае, каб ім спадарожнічалі, хто патанае ў зле, хто пагадзіўся са сваімі шкоднымі звычкамі або наогул не разумее, што чыніць зло. Дзякуем Табе за тых, хто малітваю і постам падтрымлівае невылечна хворых, канаючых, тых, хто аплаквае сваіх блізкіх, хто моліцца аб супакоі, да якога не імкнецца ўжо ніхто апроч іх і ахвяраў вайны. Просім, абудзі і ў нас харызмe міласэрнай малітвы за жывых і памерлых. Амэн.

Маці Міласэрнасці, маліся за нас!

 

Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу
Пахаваць памерлых

Я, Табіэль, хадзіў шляхамі праўды і справядлівасці ва ўсе дні жыцця свайго, даваў вялікую міласціну сваім братам і суайчыннікам, якія пайшлі разам са мною на выгнанне ў Нініву, у асірыйскі край… Хлеб свой даваў я тым, хто галадаў, і адзенне голым, і калі бачыў памерлага і кінутага за муры Нінівы з майго народа, — хаваў яго… І адзін з жыхароў Нінівы пайшоў і сказаў каралю пра мяне, што гэта я іх хаваю, і я мусіў таіцца, а калі даведаўся, што кароль пра мяне ведае і мяне шукае, каб мяне забіць, я тады спалохаўся і ўцёк. І разграбілі ўсю маю маёмасць (пар. Тоб 1, 3.17.19–20).

Ці з’яўляецца пахаванне памерлага такім ужо важным учынкам міласэрнай любові? Ці варта рызыкаваць для пахавання памерлых так, як Табіэль? Выклікаць гнеў караля, рызыкаваць сваім жыццём і маёмасцю?
Колькі яшчэ з гэтай чуллівасці застаецца нам незразумелым у свеце, дзе ўсё больш сем’яў не забіраюць са шпіталяў целы сваіх памерлых блізкіх, каб іх пахаваць, у свеце, дзе матулям не заўжды аддаюць памерлых у родах немаўлятаў, а целы дзяцей пасля абортаў проста выкідаюць на сметнік?..

Пане Езу, мы хочам ствараць, разам з Табою ствараць (!) іншы свет. Таму благаслаўляем Цябе за Юзафа з Арыматэі, які пажадаў быць для Цябе Табіэлем, і за сённяшніх Табіэляў. Благаслаўляем Цябе за тых, хто займаецца пахаваннямі бяздомных, за тых, хто дапамагае самотным і ўбогім хаваць іх блізкіх, за тых, хто дбае пра забытыя магілы невядомых людзей, хто клапоціцца пра магілы ворагаў: жаўнераў варожых армій, прадстаўнікоў этнічных меншасцяў. Будзь благаслаўлёны за ўсіх, хто дбае пра найбольшыя магільнікі свету і захоўвае памяць пра такія месцы, як Асвенцім, Біркенаў, Дахаў, Бухенвальд, Курапаты і іншыя.

Абараняй нас ад легкадумнага стаўлення да гэтага ўчынку любові. Не дазволь нам забывацца пра пахаванне блізкіх. Не дай, каб мы пакінулі знаёмых у адзіноце, калі тыя аплакваюць сваіх памерлых. Дапамажы нам заўсёды памятаць пра сваіх памерлых у асабістай малітве і падчас літургіі, каб мы наведвалі іх магілы. Амэн. Дай нам пашану да кожнай смерці, бо яна — брама жыцця!


Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла