Традыцыі Вялікага тыдня ў свеце

Прыкладна для 1,7 млрд католікаў і пратэстантаў Пальмовая нядзеля — гэта пачатак Вялікага тыдня. З гэтым кульмінацыйным у літургічным календары перыядам звязаны разнастайныя звычаі ў розных частках свету. У бразільскіх містэрыях Мукі Панскай удзельнічаюць зоркі экрану, у іспанскай Севільі ў Вялікую пятніцу па вуліцах ідуць дзясяткі працэсій, а на Філіпінах некаторыя католікі сведчаць пра сваю веру, даючы сябе «ўкрыжаваць».


Вялікдзень з’яўляецца найбольш старажытным і найбольш важным хрысціянскім святам. Нікейскі Сабор у 325 г. пастанавіў, што святкавацца Вялікдзень будзе ў першую нядзелю пасля першай вясенняй поўні месяца, таму ён можа прыпадаць на перыяд ад 22 сакавіка да 25 красавіка. У праваслаўі Вялікдзень з’яўляецца не толькі найважнейшым святам, але і мае выключны статус «свята святаў», і ён крыху пазней, чым у заходніх хрысціянаў, хаця раз у некалькі гадоў гэтыя даты супадаюць.

Шмат звычаяў, звязаных з Вялікаднем, паходзіць ад язычніцкіх традыцый. Фарбаванне яек у Кітаі, напрыклад, вядомае ўжо 5 тысяч гадоў. Рытуалы, звязаныя з агнём, існавалі ў многіх першабытных культурах у сувязі з наступленнем вясны або святамі ў гонар памерлых. Ва ўсходняй традыцыі, напрыклад, у Беларусі, ва Украіне і ў Расіі, вядомы звычай наведвання могілак усёю сям’ёю. Каля магілаў людзі збіраюцца для таго, каб «падзяліцца» з продкамі радасцю ўваскрасення Пана.

Вялікі тыдзень у Іспаніі


Вялікая пятніца з’яўляецца галоўным днём традыцыйнага перажывання Вялікага тыдня ў Іспаніі. У Севільі ноччу на вуліцах горада адбываюцца найважнейшыя шэсці ў гонар Езуса Усемагутнага, Маці Божай Надзеі і Маці Божай з базылікі Макарэна. Гэтыя працэсіі на досвітку вяртаюцца ў свае касцёлы і капліцы, каб даць месца наступным. У Севільі дзейнічаюць 52 арцыбрацтвы, кожнае з якіх абыходзіць горад асобнаю працэсіяй, падчас якіх у суме наладжваецца каля 100 «пасіяў» — сцэнаў Мукі Пана. Усе «пасіі» знаходзяцца на пастаментах і «выходзяць» разам з працэсіямі на працягу ўсяго Вялікага тыдня. У Арагоніі смерць Хрыста абвяшчае гоман сотняў барабанаў. У некаторых гарадах, напрыклад, у Кордабе, спальваюцца т. зв. «юды».

Вялікі тыдзень у Бразіліі

Урачыстыя працэсіі на Вялікім тыдні праходзяць таксама і ў Бразіліі — у залежнасці ад рэгіёна — паміж Вялікім аўторкам і Вялікаю пятніцаю. Мужчыны звычайна выходзяць з касцёла ў адной частцы горада, несучы фігуру Езуса з крыжам, а жанчыны пачынаюць свой шлях з іншай святыні, ідучы за фігураю Маці Божай Балеснай. У вызначаным месцы, часцей за ўсё на галоўнай плошчы горада, адбываецца «балесная сустрэча Маці з Сынам». Там святар прамаўляе гамілію. Пасля завяршэння казання фармуецца адзіная працэсія з дзвюма фігурамі, падчас якой праводзіцца набажэнства Крыжовага шляху.


Вялікі тыдзень у Філіпінах

У вёсцы Кутуд, за 80 км на поўнач ад сталіцы Філіпінаў Мінілы дагэтуль існуе звычай дабравольнага ўкрыжавання ў Вялікую пятніцу. Звычайна на гэта ідзе каля дваццаці чалавек. На некалькі гадзінаў перад укрыжаваннем паўголыя людзі ў каптурах падвяргаюцца бічаванню бамбукавымі дубцамі і кіямі з усаджанымі ў іх кавалкамі шкла. Нягледзячы на трагічнасць гэтай дзеі, пануе святочная атмасфера: прадаецца піва, марозіва і нават сувенірныя бізуны. Вядомыя госці могуць назіраць за «ўкрыжаваннем» з адмысловых аглядавых платформаў.

З 60-х гадоў ХХ ст. містэрыя ў Кутудзе стала прывабнаю для турыстаў і шырока асвятляецца ў СМІ. «Укрыжаванні» пачалі праводзіцца і ў іншых кутках Філіпінаў. Аднак Каталіцкі Касцёл, вернікамі якога з’яўляюцца каля 80% насельніцтва, а гэта каля 90 млн жыхароў, крытыкуе гэтую крывавую традыцыю і называе яе скажэннем веры.

Традыцыі Вялікага тыдня іншых краінаў у фота:

© REUTERS Akintunde Akinleye
Удзельнік працэсіі, які выконвае ролю рымскага салдата падчас інсцэніроўкі ў Вялікую пятніцу
ў Лагосе, Нігерыя, 3 красавіка 2015 г.

 

© REUTERS Kim Hong-Ji
Пасхальная Імша ў Сеуле, 5 красавіка 2015 г.

 

© REUTERS Damin Zammit Lupi
Пасхальная працэсія ў гарадку Каспікуа на Мальце, 5 красавіка 2015 г. Вернікі нясуць па вуліцы фігуру ўваскрослага Хрыста.

 

© REUTERS Amir Cohen
Малітва ў святыні Гробу Панскага ў Вялікую пятніцу, 3 красавіка 2015 г.

 

© REUTERS Tony Gentile
Адна з некалькіх дзясяткаў працэсій Вялікага тыдня на востраве Сіцылія.
Марсала, Італія, 2 красавіка 2015 г.

 

© REUTERS Shailesh Andrade
Пілігрым выконвае ролю Езуса Хрыста ў Вялікую пятніцу, несучы крыж па вуліцы Мумбаі,
Індыя, 3 красавіка 2015г.

 

Вялікдзень у Парагваі


Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле: ekai.pl і іншых інтэрнэт-крыніцаў

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней